Міншчына адзначыла 80-гадовы юбілей

Общество

У 80-гадовы юбілей з дня ўтварэння сталічнага рэгіёну 15 студзеня ў аблвыканкаме ўшаноўвалі прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Міншчыны. Высокіх узнагарод удастоены і тры жыхары Чэрвеньскага раёна. Ганаровай Граматай Савета Міністраў узнагароджаны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Рыбгас “Волма» Аляксандр Кулікоўскі, Ганаровай Граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі гарадскога пасёлка Смілавічы Ала Лаўрыновіч, Ганаровай Граматай Мінаблвыканкама — урач-хірург, загадчык хірургічнага аддзялення Цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр ДОЎГАЧ.

Мерапрыемствы з нагоды 80-гадовага юбілею Міншчыны працягваліся ў Палацы Рэспублікі, куды на ўрачысты сход і святочны канцэрт прыбылі дэлегацыі з усіх раёнаў сталічнага рэгіёну. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, урада, парламента, духавенства, кіраўнікі дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый, дзеячы навукі і культуры, ганаровыя грамадзяне Мінскай вобласці, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, перадавікі вытворчасці, госці з Грузіі і Малдовы.

Аляксандр Кулікоўскі, Ала Лаўрыновіч, Аляксандр ДОЎГАЧ

На ўрачыстым сходзе намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Баляслаў Пірштук уручыў старшыні Мінаблвыканкама Анатолю Ісачанка Ганаровую Грамату Нацыянальнага сходу, якой Мінская вобласць удастоена за вялікі ўклад у развіццё сацыяльнай і эканамічнай палітыкі краіны.

У прывітальным слове губернатар адзначыў, што ратны і працоўны подзвіг Міншчыны ацэнены па годнасці: вобласць двойчы ўзнагароджана ордэнам Леніна і два разы ёй прысуджаўся Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

З юбілеем сталічны рэгіён таксама павіншавалі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась. Віншавальныя тэлеграмы і вітальныя адрасы паступалі ў аблвыканкам на працягу ўсяго святочнага дня.

У фае Палаца Рэспублікі працавала выстава дасягненняў народна-гаспадарчага комплексу вобласці, у тым ліку прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў, а таксама фотавыстава БЕЛТА «Міншчына: учора і сёння».

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *