Старшыня мінскага аблвыканкама правёў чарговую прэс-канферэнцыю

Общество

«У Слуцку ўсё па-людску». Невядома кім прыдуманая фраза прыпамінаецца кожны раз, як толькі прыязджаю ў гэты  прыгожы гарадок. Але, калі раней была тут па прыватных справах, то на мінулым тыдні нагода прафесійная — прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. На гэты раз фармат мерапрыемства быў крыху пашыраны: удзельнічалі ў ім і прадстаўнікі расійскай прэсы. Месца правядзення было вызначана, як і ў папярэдніх падобных мерапрыемствах, невыпадкова.  Арганізатары  прыгадалі яшчэ адно сцвярджэнне: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. І прапанавалі журналістам увачавідкі пазнаёміцца з мясцовым жыццём і  дзейнасцю некаторых прадпрыемстваў, якія за кароткі тэрмін дасягнулі значных вынікаў.

Першым наведалі Слуцкі льнозавод, які літаральна за год пасля наведвання Аляксандрам Лукашэнка  пачаў сваё «другое жыццё» і быў сур»ёзна мадэрнізаваны.   Прадпрыемства — адно  з буйнейшых  не толькі ў Мінскай вобласці, але ва ўсёй Беларусі.  Уразілі  камфортныя, сучасныя ўмовы працы, ніякага пылу ад ільнотрасты ў цэхах і пастаянна вялікія аб»ёмы  перапрацоўкі сыравіны. А яшчэ — безадыходная вытворчасць: з рэшткаў  робяць паліўныя брыкеты. Пасля маштабнай мадэрнізацыі ў ім пачалося літаральна другое жыццё. У выніку колькасць працоўных месцаў  павялічылася. Разам з тым, акрамя  ўнутранага рынку, у льнозавода з»явіўся і экспартны гарызонт — заключаны дагаворы на пастаўку прадукцыі з Кітаем.

Свае плюсы ад мадэрнізацыі  і на Слуцкім сыраробным камбінаце, дзе таксама пабывалі журналісты. Дзесяткі відаў прадукцыі з малака без працяглых  тэрмінаў захоўвання.  А гэта —  прыкмета натуральнасці. Менавіта за высокую якасць  слуцкую  малочную прадукцыю любяць далёка за межамі Беларусі. Як адзначыў дырэктар прадпрыемства, асноўны  эканамічны партнёр — Расійская Федэрацыя, куды пастаўляецца больш за 83 працэнты прадукцыі. Таксама прадпрыемства працуе з усімі краінамі былога Савецкага Саюза і Еўрасаюза — Літвой, Германіяй, ЗША, Нідэрландамі, Японіяй, Арабскімі Эміратамі. Даспадобы малочная прадукцыя прыйшлася і журналістам. Гасцінныя гаспадары прадпрыемства запрасілі прадэгусціраваць усё тое, што сыходзіць з канвеера камбіната.

Перад пачаткам самой прэс-канферэнцыі ўдзельнікі ажыўлена абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае на слуцкай зямлі: уражанняў было шмат. Што і казаць, раён —  адзін з буйнейшых вытворцаў сельгаспрадукцыі ў вобласці і першы па валавай вытворчасці малака. Як адзначыў Сямён Барысавіч, адкрываючы прэс-канферэнцыю, ў апошні час ў раёне адбыліся прыкметныя змены ў лепшы бок з прыходам новага старшыні райвыканкама. Тут  выпрацаваны ўласныя падыходы ў рабоце з людзьмі, захоўваюцца гістарычныя і культурныя традыцыі, вітаюцца навацыі. Задаволены ён  і работай новых кіраўнікоў  чатырох раёнаў, у тым ліку і нашага.   Даючы ацэнку кожнаму з іх, губернатар адзначыў іх малады ўзрост,  актыўнасць, кампетэнтнасць і інтэлект. «Калі чалавек разумны, — сказаў Сямён Шапіра, — ён разбярэцца ў любой сферы. І цяпер   я ўпэўнены, што падбор кадраў на кіруючыя пасады ў гэтых раёнах зроблены правільна.»

Вяртаючыся да тэмы мадэрнізацыі вытворчасці, старшыня Мінаблвыканкама выказаў перакананне, што праводзіць яе неабходна, але пры гэтым дэталёва ўзважваць  усе за і супраць. «Любы кіраўнік павінен пралічыць ход мадэрнізацыі: колькі неабходна ўкласці ўласных сродкаў і колькі  крэдытных, ведаць план выхаду прадукцыі і яе кошт,» — зазначыў ён.

Яшчэ адна тэма, якая цікавіла журналістаў, — развіццё беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». «Будаўніцтва  інфраструктуры там вядзецца з сёлетняга года, — сказаў Сямён Барысавіч. — Пачалі рабіць дарогі, праводзіць інжынерныя сеткі. Пабудаваны гарадок, дзе жывуць спецыялісты, у тым ліку з Кітая. Для беларуска-кітайскіх адносін будаўніцтва «Вялікага камня» з»яўляецца важным праектам. Ужо ёсць пяць рэзідэнтаў гэтага парка.  Інтарэс да яго праяўляюць расіяне, дабавілася буйная кітайская карпарацыя. Канцэпцыя парка прадугледжвае  стварэнне зручнай інфраструктуры  для развіцця бізнесу.

Напярэдадні  70-годдзя Вялікай Перамогі журналісты не маглі не пацікавіцца ў старшыні аблвыканкама аб яго асабістым дачыненні да гэтай даты і аб мерапрыемствах, якія адбудуцца ў святочныя дні.  «У маёй сям»і, — сказаў Сямен Барысавіч, — беражліва  захоўваюць  памяць аб ваенных падзеях. Я нашу імя старэйшага брата майго бацькі, які загінуў 5 ліпеня 1943 года ў Курска-Белгарадскай аперацыі. У 1943 годзе яму споўнілася 18 гадоў. Ён скончыў двухмесячныя курсы афіцэраў, атрымаў там званне лейтэнанта і загінуў ў першым жа баі. На жаль, — працягнуў ён, — ветэранаў ужо засталося вельмі мала. Я схіляю галаву перад тымі людзьмі, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай радзімы».

Падчас прэс-канферэнцыі  журналісты  атрымалі адказы старшыні аблвыканкама на больш за 10 пытанняў. Аб»ектыўную інфармацыю  аб жыцці Мінскай вобласці, сацыяльна-эканамічным развіцці Слуцкага раёна атрымалі і расійскія журналісты, якія актыўна  падзяліліся сваімі  ўражаннямі са сваімі беларускімі калегамі.

 

Людміла РАБЕЦКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *