Футбольнае свята ад Анатоля Усенкі

Спорт

У суботу ў спартыўным комплексе “Ігумен” прайшоў турнір па міні-футболу сярод школьных каманд Чэрвеньскага і Пухавіцкага раёнаў на прызы Заслужанага трэнера Беларусі Анатоля Усенкі. Па яго ініцыятыве спаборніцтвы арганізавалі Чэрвеньская СДЮШАР і фізкультурна-спартыўны клуб пры аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

На першым этапе каманды згулялі ў групах, затым адбыліся стыкавыя матчы.
Асноўны час гульні за 5-6 месцы паміж камандамі СШ №1 і СШ №4 г.Мар’іна Горка завяршыўся ўнічыю – 2:2. Па пенальці перамагла каманда СШ №1.
У матчы за 3-4 месцы вучні Раваніцкай СШ разграмілі равеснікаў з Запольскай школы – 8:0.
Пераможцамі турніру сталі навучэнцы гімназіі г.Мар’іна Горка, якія ў матчы за 1-2 месцы адолелі каманду СШ №4 г.Чэрвеня — 4:1.
Мацнейшыя каманды ўзнагароджаны Граматамі, кубкамі і медалямі, лепшыя ігракі атрымалі прызы.
– Турнір пакінуў прыемныя ўражанні, – сказаў у гутарцы з нашым карэспандэнтам Анатоль Усенка. – Асабліва парадаваўся я за юных футбалістаў з Раванічаў, якія гулялі сёння з вялікім імпэтам. Дзякуй усім, хто спрычыніўся да арганізацыі спаборніцтваў!
… Працягам футбольнага свята стаў майстар-клас, які Анатоль Іванавіч правёў для дзявочай каманды, нядаўна створанай у Чэрвені трэнерам Максімам Шалабнёвым. Падчас яго юныя футбалісткі выканалі практыкаванні з мячом у парах і паасобку, адпрацавалі ўдары па варотах з месца і ў руху.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *