На «Зажынках» у «Раванічах»

Аграрный сектор

Гэты старадаўні абрад правялі надвячоркам у пятніцу на ўскрайку палетка пры ўездзе ў вёску Красны Дар, дзе восем камбайнавых экіпажаў пачалі абмалот азімай пшаніцы.

Падчас “Зажынак” гучалі жніўныя песні і вершы ў выкананні самадзейных артыстак мясцовых устаноў культуры. Жанчыны сярпамі зжалі першы сноп новага ўраджаю. Як сімвал дабрабыту і заможнасці, яго ўручылі дырэктару ААТ “Раванічы” Сяргею Кіпецю.
Кіраўнік гаспадаркі, а таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларыса Ефіменка пажадалі хлебаробам моцнага здароўя і добрых намалотаў.
Паводле слоў Сяргея Кіпеця, сёлета тут разлічваюць павялічыць валавы збор збожжа ў параўнанні з мінулагоднім на 2-5 працэнтаў. Завяршыць абмалот зерневых плануецца да 20 жніўня.
Як распавяла старшыня прафкама гаспадаркі Тамара Цітавец, калектыў мясцовых хлебаробаў – сплаў вопыту і маладосці. Маладзёжнымі з’яўляюцца чатыры з васьмі збожжаўборачных экіпажаў. А самы старэйшы – кавалер двух ордэнаў Працоўнай Славы Аляксандр Іосіфавіч Маслоўскі. Нягледзячы на пенсійны ўзрост, падчас жніва ён сядае за штурвал камбайна.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *