Лепшы работнік прамысловасці

Общество

926527 гадоў — такі працоўны стаж у вытворцы асновы валяльна-лямцавых вырабаў Алены Валер’еўны Волчак, якая працуе ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Смілавіцкая валяльна-лямцавая фабрыка».

— Той першы дзень на фабрыцы памятаю і сёння, — распавяла Алена, — працаваць пачала ў часальным цэху. Рукі не слухаюцца, хвалююся, складана было адразу асвоіць першыя аперацыі. Праца ў той час была ў асноўным ручная. Але ж сустрэлі мяне ў калектыве добразычліва. Усе падтрымлівалі, падказвалі што і як рабіць. Настаўнікам маім была Валянціна Саўчанка, вельмі ўдзячна ёй за гэта. Праз некаторы час прыйшла ўпэўненасць, работа захапіла. Цікава, думалася, хтосьці носіць валёнкі, цёпла чалавеку і ўтульна. А ў іх вырабленне і я ўклала часцінку сваёй працы…
Прадпрыемства развівалася. Неўзабаве адкрылі новы цэх — часальна-аснавальны, устанавілі новае абсталяванне, мяне перавялі туды. Так і працую на адным месцы шмат гадоў вытворцай асновы валяльна-лямцавых вырабаў. Кіраўніцтва фабрыкі ўвес час знаходзіцца ў пошуку. З кожным годам у нас удасканальваецца вытворчасць, паляпшаюца ўмовы працы, асвойваецца выпуск новай прадукцыі. Значна пашырыўся асартымент. Карыстаецца попытам наша прадукцыя не толькі за межамі раёна, вобласці і рэспублікі, а і за мяжой. Ды і працаваць зараз — адно задавальненне. Каб хто і прапанаваў іншую работу, не пагадзілася б. Калектыў у нас добры. Прывыкла за столькі гадоў. Здаецца, толькі пераступіла парог фабрыкі, а зараз ужо і сваіх вучняў маю.
Кіраўніцтва прадпрыемства станоўча характарызуе работніцу. Алена Валер’еўна мае прафесійна-тэхнічную адукацыю, 4 разрад. Добра спраўляецца з работай дастаткова высокай складанасці. У яе — вялікі вопыт, таму і даверылі ёй кіраваць работай па вытворчаму навучанню рабочых без адрыву ад вытворчасці па павышэнню іх кваліфікацыі і прафесійнага майстэрства, авалодванню імі іншымі і сумежнымі прафесіямі. Добразычлівая, заўсёды аказвае дапамогу і падтрымку калегам. Таму і дасягнула найлепшых паказчыкаў па выніках работы за 2015 год. Рашэннем райвыканкама яе імя і фотаздымак занесены на Дошку гонару Чэрвеньскага раёна.
Адказная працаўніца, яна такая ж і ў сям’і. Гэта — яе надзейны тыл, падтрымка і разуменне. Аб асабістым жыцці Алена Валер’еўна гаворыць сціпла:
— Нарадзілася ў Карзунах, там жыву і зараз. Муж Сяргей працуе слесарам у Заполлі. Трое дзяцей у нас: сын Аляксей, дачка Ірына і меншы сын Валерый. Зараз я магу сказаць, што ўсіх у мяне дзяцей шасцёра, таму што сям’я наша папоўнілася дзвюма нявесткамі і зяцем. Яшчэ нарадзілася трое ўнукаў. Дваім — Ульянцы і Мікітку — па тры гады, Мацвею — пяць. У вольны час люблю займацца з імі. Разам мы малюем, у пясочніцы гуляем, на прагулкі ходзім. Трымаем гаспадарку, агарод. На вёсцы трэба мець усё.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *