Узнагарода за мацярынства

Общество

Святлана Вяргейчык Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 мая 2015 года ўзнагароджана ордэнам Маці. Яго яна атрымала падчас святкавання Дня сям’і. У гэты ж дзень  Святлана таксама атрымала віншаванні і падарункі ад раённай арганізацыі «Беларускі Саюз жанчын».

…У гэтай шматдзетнай сям’і пануе нейкая асаблівая атмасфера. Здаецца, яна наскрозь прапітваецца цеплынёй, спагадай, узаемнай падтрымкай і паразуменнем. Менавіта гэта адчула, пераступіўшы парог дома сям’і Вяргейчыкаў у Чэрвені. Святлана — гаспадыня — сустрэла прыязнай усмешкай. Пасля знаёмства папрасіла яе расказаць пра сваю сям’ю.

— Пажаніліся мы з Уладзімірам у 1994 годзе ў верасні, — пачала расповяд Святлана. Жылі як і ўсе. Нарадзіліся дзеці. Старэйшай дачцы Каці зараз 19 гадоў, сыну Раману — 17, трэцяй дачцы Сашы — 16. Ёсць ужо і ўнучка Дарына, дачушка нашай Каці. Тры месяцы было ёй 29 красавіка. Каця мае прафесію цырульніка. Сын вучыцца ў прафесійна-будаўнічым ліцэі ў Чэрвені, дачка Саша — у Мінскім прафесійным каледжы паліграфіі. Меньшыя нашы дачушкі — Таццяна, Дар’я і Валянціна ходзяць у школу ў пяты, трэці і першы клас. Яны —  дзеці сястры. Так здарылася, што яна не выконвала абавязкі маці належным чынам. Папярэджвалі яе органы апекі раз, другі. Забіралі дзяцей, аддавалі. А тут зноў збіраюцца адабраць дзяцей у маці.

— Не вытрымалі мы з мужам, паехалі, забралі іх сабе. Самая малодшая Валя была вельмі слабай па здароўю. Паўгода дзіця было на абезбольваючых леках, па якіх толькі ўрачах не хадзілі, аперацыю ёй зрабілі. Падлячылі дзяўчынку. Пляменніцы ў  нас з 2008 года, і толькі ў 2013-м аформілі ўрэшце дакументы на ўдачарэнне.

Вікторыя — яшчэ адна прыёмная наша дачушка, жыла раней у другой прыёмнай сям’і ў Любішына. Там яе маці памерла. Былі з мужам на пахаванні. Засталося дзіця адно. Папрасілі нас прытуліць яе ў сябе часова. Прыехалі па Віку, а яна стаіць ля брамы — адны кніжкі ў руках. Ніхто нават не выйшаў і не спытаў, куды вы яе бераце, хто вы такія. Забралі, паехалі дамоў. Так і засталася ў нас. Пазней, калі сталі пляменніц удачараць, удачарылі і Віку. Яна равесніца Сашы, дзяўчынкі пасябравалі, хадзілі ў школу ў адзін клас, зараз яны таксама вучацца разам у каледжы. Вучацца добра, у іх самы высокі бал па групе. Удзельнічаюць у самадзейнасці. Віка скончыла музычную школу, іграе на акардэоне, Саша спявае.

Не проста рашыцца на такі ўчынак — удачарэнне дзяўчынак. Напэўна і не было б нічога, калі б не падтрымка мужа Уладзіміра. Ён — надзейная апора для сям’і, добры бацька для дзяцей. Ні хвіліны не сумняваўся, што дзеці павінны быць аднолькавымі. Вось зараз у іх сапраўдная «Сем — Я»: сем дзетак.

Падчас нашай гутаркі са Святланай, Уладзімір насіў на руках маленькую ўнучку, якую гадаваць старэйшай дачцы яны зараз дапамагаюць. Пашанцавала, што ён не быў на рабоце, зараз у адпачынку. Працуе вадзіцелем, ездзіць у дальнія рэйсы. Работу Святлана пакінула па рашучаму патрабаванню мужа. І дома работы хапае, лічыць ён. А шматдзетнай маме і адпачынак патрэбны. Незразумела толькі, калі мама адпачывае: у доме — ідэальны парадак.

— Дачушкі дапамагаюць, — гаворыць Святлана. — І адпачываем заўсёды разам. Калі куды выязджаем, дык бацьку даводзіцца два рэйсы рабіць. Вялікую машыну набыць не можам пакуль. Дзяцей трэба вучыць. А яшчэ нам пашчасціла трапіць у Зорны гарадок разам з мамай нашага касманаўта Алега Навіцкага Валянцінай Эдуардаўнай у Цэнтр кіравання палётамі на сэанс сувязі 24 снежня 2012 года. З намі быў карэспандэнт газеты «Рэспубліка». Дзеці да гэтай паездкі падрыхтавалі малюнкі, Саша выканала песню. Кампанія «Трайпл» прадаставіла нам машыну. 22 снежня мы паехалі ў Зорны, 23-га рыхтаваліся да касмічнай сувязі, 24 была сувязь, а 25-га вярнуліся домоў. Нам паказалі, як касманаўты рыхтуюцца да палётаў. Вельмі ўразіла гэта паездка. А пасля палёту Алег Навіцкі прыязджаў да нас у госці.

Аб гэтай сустрэчы сведчыць вялікае фота касманаўта з аўтографам і шматлікія фотаздымкі касманаўта з сям’ёй і, нават, з суседзямі Вяргейчыкаў.

— На дзяцей паскардзіцца не магу, — працягвае Святлана. —  Вучацца добра, стараюцца. І з боку настаўнікаў на іх няма ніякіх нараканняў: ні з вучылішча, ні з каледжа, ні са школы. У 2010 годзе нас запрасілі паўдзельнічаць у раённым конкурсе «Лепшая шматдзетная сям’я», у якім мы занялі першае месца і, як пераможцы, прадстаўлялі Чэрвеньскі раён на абласным свяце сям’і.

Самае галоўнае для нас усіх, што ў нас сям’я, што ёсць любоў, узаемапавага і ўзаемная падтрымка, разуменне дзяцей.

 

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота Наталлі КАРАЛЬКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *