Эстафета навін Чэрвеньшчыны

Общество

ВЯСКОЎЦАМ ДАПАМОГУЦЬ ТЭХНІКАЙ І МЕХАНІЗАТАРАМІ

Старшыня райвыканкама Андрэй Зубар падпісаў распараджэнне «Аб аказанні дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям раёна ў правядзенні веснавых палявых работ у 2015 годзе».

У адпаведнасці з ім, на гэтым тыдні ў ААТ «10 з’езд Саветаў», «Раванічы» і «Лядзенскі» на перыяд пасяўной адкамандзіраваны пяць механізатараў: тры — з Чэрвеньскага лясгаса, па аднаму — са Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыкі і ЗАТ «Турэц». А з наступнага тыдня ў гаспадаркі прыедуць дзесяць практыкантаў, якія атрымліваюць спецыяльнасць механізатара ў Смілавіцкім сельгасліцэі.

Акрамя таго, з панядзелка ў сельгасарганізацыі раёна павінна быць накіравана тэхніка з чэрвеньскіх лясгаса, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, вытворча-харчовага завода, ААТ «ПМК-8», філіялаў «Мінскаблпаліва» і «Мінскаблдарбуд-ДРБУ-121», смілавіцкіх валяльна-лямцавай фабрыкі і сельгасліцэя, а таксама ЗАТ «Турэц».

Усяго на веснавых палявых работах адтуль прадугледжана задзейнічаць 17 трактароў. Яны будуць працаваць у ААТ «Запольскае», «10 з’езд Саветаў», «Раванічы», «Лядзенскі», «Валевачы» і КСУП «Ганута-агра».

 

ЛЕПШЫХ ПА ПРАФЕСІІ ВЫЯВІЎ КОНКУРС

Учора ў эксперыментальнай базе «Натальеўск» прайшоў традыцыйны раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод аператараў машыннага даення кароў, які ладзілі райкам прафсаюза работнікаў АПК і райсельгасхарч. Удзел у ім узялі прадстаўнікі трынаццаці гаспадарак.

Пераможцы вызначаліся па найбольшай суме балаў, атрыманых за чатыры конкурсныя заданні: «Візітная картка ўдзельніка», «Комплексная праверка тэарэтычных ведаў па прадметах прафесійнага майстэрства», «Разборка і зборка даільнага апарата» і «Тэхналогія машыннага даення».

Падрабязнасці — у наступным нумары газеты.

НА КАНІКУЛАХ —

У АЗДАРАЎЛЕНЧЫЯ ЛАГЕРЫ

220 школьнікаў раёна адпачнуць на вясновых канікулах у пяці аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем.

Як паведаміла галоўны спецыяліст Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню па Чэрвеньскаму раёну Людміла Паддубіцкая, такія лагеры з 23 да 28 сакавіка будуць працаваць у СШ №2 і №4 г.Чэрвеня, СШ №1 і №2 г.п.Смілавічы, а таксама ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы.

На аздараўленне школьнікаў са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання выдаткавана 40 мільёнаў 854 тысячы рублёў.

Пры залічэнні ў лагеры перавага аддаецца дзецям-сіротам, дзецям з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў, дзецям, якія займаюцца ў спартыўных секцыях. Праграма знаходжання ў іх будзе насычана сустрэчамі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, экскурсіямі, спартыўнымі спаборніцтвамі, заняткамі ў гуртках па інтарэсах. Адмысловую ўвагу нададуць прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, бяспецы жыццядзейнасці вучняў.

 

ВЯДРЭЦКАЕ БАЛОТА СТАНЕ ЗАКАЗНІКАМ

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый на 2008-2014 гады сёлета ў нашым раёне плануецца стварыць заказнік мясцовага значэння «Вядрэцкае балота».

Як паведаміў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Пузанкоў, ён размесціцца на землях Хутарскага лясніцтва плошчаю каля 2700 гектараў паміж вёскамі Ведрыца і Красны Дар.

Заказнік ствараецца з мэтай захавання у натуральным стане каштоўнага ўчастку лесу, а таксама рэдкіх відаў раслін і жывёл, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, на яго тэрыторыі будуць забаронены разведка і распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, правядзенне меліярацыйных работ і работ, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафту і існуючага гідралагічнага рэжыму, размяшчэнне новых садаводчых і дачных участкаў, рух і стаянка механічных транспартных сродкаў па-за дарогамі і спецыяльна абсталяванымі месцамі. На заказнік таксама распаўсюджваюцца пэўныя абмежаванні на вырошчванне лясных культур і увядзенне ў экасістэму асобных відаў дзікай жывёлы і раслін.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *