Сёння — клопат пра цялушак, заўтра — малако

Аграрный сектор

Адметная падзея адбылася напрыканцы мінулага снежня ў сельскагаспадарчым вытворчым філіяле «Аграбуд» адкрытага акцыянернага таварыства «Мінскжалезабетон». На мясцовай малочнатаварнай ферме ўвялі ў эксплуатацыю новае жывёлагадоўчае памяшканне, дзе размясцілася больш за 200 цялушак злучнога ўзросту і перыяду дарошчвання.

— Да гэтага часу яны заходзіліся ў выгуле пад адкрытым небам, — распавядае дырэктар гаспадаркі Андрэй Хмуровіч. — Такія ўмовы ўтрымання, асабліва ў зімовы час, не спрыялі прыходу жывёлы ў ахвоту. Калі паставілі цялушак ў хлеў, ужо літаральна праз дзве гадзіны пачаўся паўнавартасны працэс іх асемянення. За студзень па гэтаму паказчыку мы прыраслі на 200 працэнтаў да плана. Цяпер ёсць усе падставы разлічваць на тое, што ўзнаўленне статку ў гаспадарцы выйдзе на якасна новы ўзровень, і што ўжо сёлета ў другім паўгоддзі стане адчувальным павелічэнне надояў малака, прывагаў…

Будаўніцтва новага жывёлагадоўчага памяшкання, якое абышлося ў 2 мільярды 700 мільёнаў рублёў, вялі за кошт сродкаў інвестара — ААТ «Мінскжалезабетон». Значную эканомію дало тое, што для ўладкавання падлогі ў хляве і пакрыцця выгульных пляцовак выкарыстоўвалі адыходы вытворчасці прадпрыемства — абрэзкі пліт. Гэтая тэхналогія добра зарэкамендавала сябе раней, пры будаўніцтве іншых гаспадарчых аб’ектаў у сельгасфіліяле «Аграбуд».

— Удасканальванне тэхналогіі ўтрымання жывёлы будзем працягваць, — адзначае Андрэй Хмуровіч. — Гэтага патрабуе само жыццё. Сёння ў нас няма куды пераводзіць першацёлак з новага хлява — толькі на вуліцу. А гэта — хваробы вымя, і, як вынік, ялавасць. Таму прынята рашэнне пра ўзвядзенне сёлета яшчэ аднаго жывёлагадоўчага памяшкання адмыслова для першацёлак. Зараз афармляем неабходную праектна-каштарысную дакументацыю. Будаўнічыя работы плануем пачаць у красавіку.

Увогуле, вытворчасць малака ў гаспадарцы сёння — вельмі праблемная пазіцыя. Шмат у чым гэта звязана з тым, што на працягу 2013 года тут зусім не клапаціліся пра спраўнасць даільнага абсталявання, з-за чаго прадукцыйнасць дойнага статку была практычна загублена. Першае, што я зрабіў, год таму ўзначаліўшы гаспадарку, аднавіў тэхнічнае абслугоўванне і рамонт гэтага абсталявання, аддаўшы даўгі фірме, якая аказвае нам такія паслугі. Але, каб цалкам выправіць сітуацыю, яшчэ шмат трэба працаваць. У бліжэйшых планах — выбракоўка нізкапрадуктыўных кароў і набыццё за выручаныя грошы маладняку з высокім генетычным патэнцыялам.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

На здымку: дырэктар СВФ «Аграбуд» Андрэй Хмуровіч гутарыць з  даглядчыкам Мікалаем Калекам у новым жывёлагадоўчым памяшканні.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *