Малочная жывёлагадоўля: сітуацыя нездавальняючая, прымаюцца меры для яе выпраўлення

Аграрный сектор

Вытворчасць малака — адзін з важнейшых надзённых клопатаў гаспадарак раёна. Пра сённяшні стан спраў у гэтай галіне жывёлагадоўлі мы пагутарылі з першым намеснікам начальніка райсельгасхарчу Віктарам ЛЯСНЕЎСКІМ.

— Віктар Аляксандравіч, як пачалі новы год на малочнатаварных фермах?

— На жаль, нездавальняюча. За 12 студзеня ў сельгаспрадпрыемствах раёна атрымалі 127 тон малака, або 96 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Найбольшы недабор надояў — у ААТ «Крыніца Ігуменшчыны», дзе вытворчасць малака складае ўсяго 44 працэнты ад мінулагодняга ўзроўню, а таксама — у ААТ «Раванічы» (66 працэнтаў), «10 з’езд Саветаў» (76 працэнтаў) і сельгаспрадпрыемстве «Ганута-Агра» (83 працэнты).

Станоўчая дынаміка вытворчасці малака назіраецца ў філіялах СГК «Велікаполле»  КУП «Мінсктранс» — 138 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года, «Новыя Зелянькі» ААТ «ГМЗ №1» (121 працэнт), «АграБокс-Заатэх» СП «Унібокс» (111 працэнтаў).

Поспехі філіяла СГК «Велікаполле» найперш звязаны з уводам у эксплуатацыю новай рабатызаванай малочнатаварнай фермы, павелічэннем пагалоў’я кароў.  У філіяле «Новыя Зелянькі» важную ролю адыгрывае ўмелае кіраўніцтва дырэктара Уладзіміра Лаўрыка. Ён здолеў на належным узроўні арганізаваць працу спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны. Добрыя паказчыкі прыплоду цялят, валавых і сярэднясутачных прываг маладняку ў гэтай гаспадарцы адкрываюць перад ёй прывабныя перспектывы далейшага павелічэння вытворчасці малака.

— А ў чым прычына нізкіх надояў у шэрагу сельгаспрадпрыемстваў?

— Тут не адна, а адразу некалькі прычын. Распавяду пра іх на прыкладзе ААТ «Крыніца Ігуменшчыны». Найперш гэта — відавочныя недапрацоўкі ў пытаннях узнаўлення статку. У гаспадарцы за мінулы год недаатрымана 259 цялят, колькасць навацельных кароў зніжана на 70 галоў. Другая прычына — нізкая забяспечанасць жывёлы кармамі. На 1 студзеня гэтага года яна складала тут усяго 9,3 цэнтнера кармавой адзінкі на ўмоўную галаву. Канцэнтраваных кармоў як уласнай вытворчасці, так і набытых няма зусім. Трэці фактар — гэта, мякка кажучы, недастатковая вытворчая і тэхналагічная дысцыпліна. Адсутнасць у гаспадарцы ветэрынарных спецыялістаў прыводзіць да высокага працэнту невытворчага выбыцця маладняку буйной рагатай жывёлы, недаатрымання прываг і недахопу цялушак для своечасовай замены нізкапрадукцыйных кароў.

Пералічаныя хібы ў большай ці меншай ступені характэрныя для ўсіх гаспадарак раёна, якія маюць нізкі ўзровень вытворчасці малака.

— Якія захады прымаюцца для выпраўлення сітуацыі?

— Праблему недахопу кармоў у шэрагу сельгаспрадпрыемстваў вырашаем за кошт «перакідкі» з тых, дзе ёсць іх запас. За гаспадаркамі з нізкім узроўнем малочнай вытворчасці для аказання кансультацыйнай і практычнай дапамогі замацаваны спецыялісты райсельгасхарчу, ветэрынарнай і племянной службаў. Узмоцнены кантроль за выкананнем усіх тэхналагічных і вытворчых працэсаў.

У цэлым па раёну валавы надой малака за студзень павінен скласці не менш за 100 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года. У пачатку месяца мы правялі абарону мерапрыемстваў па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, падчас якой кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак дакладна акрэслілі шляхі да яе павелічэння.

Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *