Лепшая ўстанова культуры

Общество

З першага студзеня гэтага года Вайнілаўскі сельскі дом культуры стаў раённым цэнтрам рамёстваў. А яшчэ гэта ўстанова па выніках работы за 2013 год рашэннем Чэрвеньскага райвыканкама прызнана лепшай у раёне ў галіне культуры.

— Сёння наш цэнтр — распавядае яе дырэктар  Тамара Пятроўна ШАЛУПЕНКА (на здымку), — адзіная ўстанова культуры ў раёне, дзе адроджана народнае рамяство, — саломапляценне.   Гэтым мы пачалі займацца з 1984 года, калі клуб у нашай вёсцы пераехаў у будынак былога дзіцячага садка. Да гэтага часу такім промыслам у раёне ніхто не займаўся. Прыязджала да нас выкладчык з Мінска. Яна і вучыла нас азам гэтай справы, якая патрабуе да таго ж цярплівасці, настойлівасці, карпатлівасці. І вось праз столькі год наша праца ўвянчалася поспехам. Вырабляем мы шмат: кветкі, лялькі,  посуд, розныя падвескі, пано і іншае. Нашы работы дэманстраваліся на выставах у Італіі, Венесуэле, Польшчы, Расіі, Малдове, Украіне. Вялікі кошык кветак завезла дэлегацыя з Чэрвеньскага раёна ў Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў.

Удзельнічаем ва ўсіх выставах народнай творчасці — ад раённых да рэспубліканскіх. Прымалі ўдзел у святах «Дажынкі»: у Маладзечна — на рэспубліканскім свяце і на абласных — у Слуцку,  Любані, Мар’інай Горцы. Двойчы, у 2012 і 2013 гадах, бралі ўдзел у Міжнародным фестывалі нацыянальных культур ва Украіне. Практычна ва ўсіх конкурсах занялі першыя месцы. Цяпер вось прыязджаюць да нас па вопыт майстры саломапляцення з іншых раёнаў. Высока ацэньваюць нашы вырабы, просяць падараваць што-небудзь на памяць.

Аб выніках работы майстра народнай творчасці Тамары Шалупенка сведчаць шматлікія дыпломы, падзякі і граматы, сярод якіх — Падзяка аддзела культуры славяна-сербскай райдзяржадміністрацыі за актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах у рамках абласного фестывалю славянскіх культур, за высокі ўзровень прафесіяналізму і за вялікі ўклад у развіццё культуры і духоўнасці; Дыплом з Украіны ад Упраўлення культуры і турызму Вінніцкай абласной дзяржадміністрацыі і Вінніцкага абласнога цэнтра народнай творчасці за перамогу ў народным фестывалі нацыянальных культур «Усе мы дзеці твае, Україна»; Ганаровая грамата ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу па культурнаму абслугоўванню насельніцтва, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад у зберажэнне і папулярызацыю традыцый народнай культуры і ў сувязі з прафесійным святам; Дыплом за высокае прафесійнае майстэрства ў другім рэгіянальным свяце-конкурсе «Беларуская лялька» у 2010 годзе і ў 2013 годзе і за асабісты ўклад у творчае развіццё традыцый лялечнага мастацтва; Дыплом І ступені за перамогу ў абласным свяце-конкурсе «Беларуская лялька»; Дыплом за лепшы саламяны посуд, за ўдзел у V абласным свяце-конкурсе майстроў саломапляцення «Саламяныя дзвосы». Апошні Ганаровы дыплом Тамара Пятроўна атрымала ў гэтым годзе ад Чэрвеньскага райвыканкама як лепшы работнік у сферы культуры, а таксама за дасягненне найлепшых паказчыкаў па выніках работы за 2013 год.

— Засвоіўшы  адзін народны промысел, — працягвае  Тамара Пятроўна, — пачынаем пакрысе вучыцца іншаму— ткацтву. Блага, адна жыхарка аддала свой ткацкі станок. Гэта праца таксама вельмі цікавая і не менш працаёмкая. Але мы захапіліся і ёю. Наогул, я вельмі люблю творчасць. Хаця па спецыяльнасці  заатэхнік, але так склалася, што ўся мая працоўная дзейнасць звязана з культурай: спачатку працавала ў бібліятэцы, затым 13 гадоў загадчыцай Вайнілаўскага сельскага дома культуры і цяпер  вось дырэктарам Дома раместваў. Мне падабаецца рабіць тое, чым зараз займаюся, падабаецца сваёй справай прыносіць камусьці радасць і задавальненне. А ў вольны час люблю даглядаць кветкі, якіх у мяне вялікае мноства…

 

 

Занатавала

Таццяна МАРЦЬЯНАВА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *