«Цудоўнай ліры чараўнік»

Люди и судьбы

Калектыў Чэрвеньскага РДК у 1950 г. Сядзіць крайні справа дырэктар дома культуры Мікалай Фаменка з сынам. Побач яго жонка марыя Адамейка - мастацкі кіраўнік дома культуры. Стаіць крайняя справа Лідзія Мікалаеўна Задорына.
Калектыў Чэрвеньскага РДК у 1950 г.
Сядзіць крайні справа дырэктар дома культуры Мікалай Фаменка з сынам. Побач яго жонка марыя Адамейка — мастацкі кіраўнік дома культуры.
Стаіць крайняя справа Лідзія Мікалаеўна Задорына.

Такую назву мела майскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь». Яно было прысвечана выдатнаму дзеячу беларускай культуры Паўлюку Трусу. У гэтым годзе паэту споўнілася б 110 гадоў з дня нараджэння. Пра жыццё і творчасць юбіляра расказала бібліятэкар Вольга Пусева. Удзельнікі клуба даведаліся, што Паўлюк Трус нарадзіўся 6 мая 1904 года ў вёсцы Нізок Ігуменскага павета ў сялянскай сям’і. У 1927 годзе скончыў у Менску Беларускі педагагічны тэхнікум імя Усевалада Ігнатоўскага. Пісаць вершы пачаў у 1923 годзе. У 1924 годзе увайшоў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Памёр 30 жніўня 1929 года.

Сябры клуба на мультымедыйнай устаноўцы праглядзелі цікавыя фотаздымкі, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта. Удзельніцы літаратурна-музычнай гасцёўні Вера Хаткевіч, Марыя Чаган, Алена Адамовіч, Сафія Картавусава, Аляксандра Раманькова, Валянціна Белавусава, Зоя Сушкевіч з задавальненнем чыталі вершы юбіляра. І ў заключэнні ў выкананні гурта «Песняры» прагучала песня І.Лучанка на словы Паўлюка Труса «Падаюць сняжынкі».

У  рубрыцы «Наш каляндар» гаворка ішла яшчэ пра адну асобу, выдатнага дзеяча беларускай культуры Марыю Адамейка (на здымку). У гэтым годзе спявачцы споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння. Пра жыццё і творчасць юбіляркі цікава расказала бібліятэкар Галіна Ніціеўская. Нарадзілася Марыя 20 мая 1929 года ў Днепрапятроўску. Неўзабаве яе бацькі пераехалі на радзіму ў в. Жыцькава Барысаўскага раёна. Калі дзяўчынцы споўнілася 12 гадоў акупанты вывезлі яе ў Германію на прымусовыя работы. З маленства яна была звязана з беларускай песняй і аддана  ёй усё сваё свядомае жыццё.

З 1947 па 1952 гада Марыя Адамейка працавала мастацкім кіраўніком Чэрвеньскага раённага дома культуры. У 1952 годзе яна была запрошана знакамітым хормайстрам Генадзем Цітовічам у Беларускі народны хор (цяпер Нацыянальны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча). Выконвала беларускія народныя жартоўныя песні і прыпеўкі адна (сола) і ў дуэце з Ганнай Аўдзеенка. Сябры клуба з замілаваннем паслухалі запісы дзвюх песень: «Лекар — чараўнік» і «Рэчыцкая лірычная». У 1963 годзе спявачцы было прысвоена ганаровае званне Заслужанай артысткі Беларусі.

З успамінамі пра Марыю Адамейка падзялілася Лідзія Мікалаеўна Задорына, якая была актыўнай удзельніцай самадзейнасці дома культуры і сябравала з ёю.

Генадзь Захаравіч Няборскі расказаў пра сваю працу з мужам спявачкі Мікалаем Фаменкам, які ў той час быў  дырэктарам Чэрвеньскага дома культуры. Яны разам выконвалі акрабатычныя эцюды.

Пра апошнюю сустрэчу з Марыяй Адамейка на сцэне  Мінскага палаца прафсаюзаў у канцы 80 -х гадоў распавёў старшыня клуба Уладзімір Дарагуж. Прысутныя праглядзелі здымкі пра мастацкую самадзейнасць дома культуры. Уладзімір Дарагуж унёс прапанову стварыць мемарыяльную дошку, прысвечаную М.У.Адамейка і ўсталяваць яе на будынку Чэрвеньскай дзіцячай бібліятэкі, дзе раней знаходзіўся Раённы дом культуры.

 

Святлана ЖДАНОВІЧ,                                                                                                                                                 

загадчык аддзела  абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *