Трэнер чэрвеньскага «Коласа» Сяргей Прыступа: У кожным матчы будзем імкнуцца атакаваць і перамагаць»

Спорт

момант таварыскага матча "Коласа" з мінскім "Партызанам": барацьбу за мяч вядзе Павел ЛАЎРЫК (у цэнтры)
момант таварыскага матча «Коласа» з мінскім «Партызанам»: барацьбу за мяч вядзе Павел ЛАЎРЫК (у цэнтры)

1 мая футбалісты чэрвеньскага «Коласа» стартавалі ў чэмпіянаце Мінскай вобласці. Пра тое, як прайшла перадсезонная падрыхтоўка нашай каманды, а таксама пра планы і задачы на сёлета мы пагутарылі з яе трэнерам Сяргеем Прыступам.

— Трэніравацца мы пачалі ў лютым. Двойчы на тыдзень займаліся ў зале, а па суботах праводзілі таварыскія гульні. Падчас дзвюх гасцявых сустрэч з камандай «Зорка-РФАЦ-Вікторыя» (Мар’іна Горка) праглядзелі 25 ігракоў. Гэта — нашы футбалісты, якія працуюць або вучацца ў Чэрвені і Мінску. Першую гульню мы выйгралі з лікам 6:5, у другой згулялі ўнічыю — 1:1. Затым быў выезд у Мінск на матч з мясцовым «Партызанам», які з нядаўняга часу трэніруе выхаванец чэрвеньскага футбола Андрэй Лаўрык. У гэтай гульні праглядзелі  23 ігракі. Першы тайм, калі на поле выходзіла так бы мовіць «аснова», згулялі ўнічыю — 1:1. Пасля перапынку цалкам памянялі састаў, выпусціўшы на поле пераважна зусім маладых хлопцаў. Яны хаця і прапусцілі пяць галоў, але гэта не страшна: моладзь атрымала гульнявы вопыт, паглядзела, як трэба рухацца на полі, ацаніла ўзровень ігракоў каманды другой лігі чэмпіянату Беларусі, якой з’яўляецца «Партызан».

У апошнім спарынгу згулялі на сваім полі з усё тымі ж мар’інагорцамі. Перамаглі іх з лікам 6:4. Гэты матч даў магчымасць канчаткова вызначыцца з саставам каманды.

— Якой будзе сёлета тактыка гульні «Коласа»?

— Розная, у залежнасці ад моцы канкрэтнага саперніка. Але ў кожным матчы будзем імкнуцца як мага больш атакаваць і перамагаць.

— Як ацэньваеце склад нашай групы А»?

— Вельмі добра, што групы сфарміравалі па тэрытарыяльнаму прынцыпу. Гэта значыць што не трэба будзе вельмі далёка ехаць на выязныя матчы. Што да моцы каманд, то, калі прааналізаваць вынікі апошніх чэмпіянатаў вобласці, іх пераможцамі і прызёрамі станавіліся пераважна калектывы, якія сёлета гуляюць у групе «Б». Так што ёсць рэальныя шанцы пазмагацца за месца ў чацвёрцы мацнейшых каманд нашай групы, каб потым прадоўжыць барацьбу за медалі ў фінальнай частцы спаборніцтваў. Такую мэту «Колас» і ставіць на сёлетні сезон.

— А што чакаеце ад нашых балельшчыкаў?

— Канешне ж, актыўнай падтрымкі ў кожнай хатняй гульні.

Гутарыў

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *