Музыка — стан маёй душы

Люди и судьбы

У кожнага чалавека ёсць свае захапленні. Хтосьці захапляецца танцамі, хтосьці — вышываннем, калекцыяніраваннем, спортам, навукай, вязаннем ды іншым. У мяне таксама іх было шмат: бісерапляценне, лепка з гліны, саломапляценне, габелен… Я займалася і танцамі, наведвала тэатральны гурток… Ну, а зараз сама сабе шукаю занятак: клею, выразаю, займаюся арыгамі — спрабую сябе ў любым відзе ручной працы ці, інакш, Hand Made. Але галоўнае маё захапленне — гэта  музыка. Ужо каторы год  хаджу на заняткі па гітары і фартэпіяна. Гэта зусім не падобныя адзін да аднаго інструменты.

Чаму я захацела асвоіць менавіта гітару? Справа ў тым, што мой тата і цётка самі вучыліся іграць. На дамашніх святах яны спявалі любімыя песні. Я падпявала і думала, што калісьці таксама буду так іграць! Першы мой урок я запомніла надоўга! Знаёмства з настаўнікам Андрэем Яўгенавічам Каленікам. Затым у загадзя куплены нотны сшытак я малявала гітару, падпісвала яе часткі. Словы «грыф», «лады», «верхняя і ніжняя дэка», «парожкі» — гэта ўсё былі незразумелыя паняцці, якія трэба было завучыць. Азнаёмілася з нотамі, а  пазней сыграла маленечкую песеньку «Васілёк». Памятаю і свае  першыя больш сур’ёзныя песні.   З кожным годам мая папка з нотамі папаўнялася, таўсцела. Зараз я выйшла на новы  ўзровень, пачала выконваць такія п’есы, як «Астурыя» Ісаака Альбеніса, эцюды, накцюрны, прэлюдыі… І не цяжка ўжо разбіраць акорды, спяваць песні. Вельмі прыемна перабіраць пальцамі струны гітары, слухаць мелодыю, якая пад імі нараджаецца… Мара дзяцінства спраўдзілася, і я вельмі шчаслівая!

Праз год я яшчэ запісалася і на заняткі на фартэпіяна, як на дадатковы прадмет. З настаўніцай Святланай Міхайлаўнай Дзімохінай мы выбіраем, а потым разбіраем тую ці іншую п’есу. Калі я што-небудзь цікавае знайду ў інтэрнэце, таксама прыношу і іграю. Мяне ўражваюць меладычнасць, гучнасць і плаўнасць гукаў у фартэпіяна. Яны вабяць, інтрыгуюць, зацікаўліваюць.

Я люблю займацца музыкай. У ёй ёсць штосьці прывабнае, прыгожае, штосьці асаблівае. Музыка — гэта мастацтва, і яна ж — стан маёй душы.

Юлія АДАМОВІЧ,

вучаніца 10 класа гімназіі №1 г.Чэрвеня



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *