ВАНДРОЎНЫ ТЭАТРЫК-БАТЛЕЙКА НАВЕДАЎ ЧЭРВЕНЬЦАЎ

Общество

Адмысловым спектаклем пацешылі юных актыўных чытачоў Чэрвеньскай дзіцячай бібліятэкі  і дарослых госці з Мінска. Вядомая беларуская дзіцячая пісьменніца Алена Масла разам з супрацоўніцай шведскай амбасады ў Беларусі, памочнікам пасла па сувязях з грамадскасцю Алесяй Літвіноўскай прадставіла вандроўны лямцавы тэатрык-батлейку Веранікі Фаміной і акторку Бэлу Кавалькову. Яны прывезлі спектакль «Мама Му чытае і святкуе Каляды», пастаўлены па кнігах шведскай казачніцы Юі Вісландэр.

Распавядаючы пра Швецыю, Алена Масла пацікавілася ў школьнікаў, якіх літаратурных герояў і пісьменнікаў адтуль яны ведаюць. І дзеці прыгадалі Карлсана, Пепі Доўгую Панчоху і пісьменніцу Астрыд Ліндгрэн

Яшчэ Алена Масла прапанавала Чэрвеньскай дзіцячай бібліятэцы абвясціць конкурс на лепшага юнага чытача кніг, напісаных па-беларуску. А самым актыўным уручаць маляўнічыя мапы Швецыі, якія таксама прывезлі ў падарунак.

Затым распачаўся ўласна спектакль вандроўнага лямцавага тэатрыка-батлейкі. І пачалося незвычайнае дзейства, дзе на імправізаванай міні-сцэне (таксама аздобленай адмысловым вырабам з лямцу) Мама Му і Крумкач сапраўды жылі сваім жыццём. А было яно пра тое, што нават шведская карова чытае… па-беларуску… Пра клапатлівае стаўленне да жывёл… Пра тое, што мана заўсёды будзе выкрыта, а той, хто зманіў, адчуе сорам… А яшчэ — пра сапраўднае сяброўства, уменне і жаданне рабіць штосьці прыемнае для тых, хто побач… І пра многае-многае іншае. Яно, зразумела, не агучвалася так акрэслена, а падсвядома вынікала з учынкаў і паводзінаў галоўных герояў.

Вынікі спектакля падвяла Алена Масла. Яна нагадала аб неабходнасці чытаць кнігі, чытаць па-беларуску, пажадала быць уважлівымі адно да аднаго і да тых, хто побач, самім навучыцца рабіць сапраўдныя цуды для іншых…

Напрыканцы юных чытачоў бібліятэкі чакаў салодкі пачастунак ад гасцей — цукеркі.

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *