ЮБІЛЯРАЎ УЗГАДАЛІ, ЮБІЛЯРА ВІНШАВАЛІ…

Общество

Лістападаўскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь» было прысвечана двум творцам, якіх не стала 75 гадоў таму. Першы з іх — Уладзімір Тэраўскі. Дырыжор, кампазітар, фалькларыст, царкоўнаслужыцель. Пра яго жыццё і творчасць распавяла бібліятэкар Жанна Крук. Старшыня клуба Уладзімір Дарагуж на мультымедыйнай устаноўцы прадэманстраваў прысутным фотаздымкі Уладзіміра Тэраўскага з сямейнага альбома. Сябры клуба Зоя Сушкевіч, Алена Чаркасава, Лідзія Пыка спачатку чыталі вершы — «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…», «Купалінка», «А ў бары, бары…», «Шумныя бярозы», а потым усе слухалі аднайменныя песні на музыку кампазітара.

Сымон Рак-Міхайлоўскі — другі творца, пра якога ішла гаворка на пасяджэнні клуба. Пра жыццё і творчы шлях беларускага публіцыста, рэдактара, педагога, кампазітара, грамадскага дзеяча распавялі бібліятэкары. Прысутныя з цікавасцю паглядзелі розныя выявы, звязаныя з яго дзейнасцю, і паслухалі песню «Зорка Венера» на музыку Сымона Рак-Міхайлоўскага.

Напрыканцы пасяджэння сябры клуба сардэчна павіншавалі яго старшыню Уладзіміра Дарагужа з юбілеем. Вера Хаткевіч перадала віншаванні ад сябе асабіста, сваёй сям’і і ад колішняга аднакурсніка юбіляра, роднага брата яе мужа, доктара фізіка-матэматычных навук Анатоля Хаткевіча. Вершаваныя радкі прысвяцілі Уладзіміру Георгіевічу Марыя Бяжан і Софія Гурына. Кранальныя словы ў адрас юбіляра прагучалі з вуснаў Кацярыны Качан, Зоі Сушкевіч, Ганны Сірэнскай, Яўгеніі Пяхота, Галіны Пармон, Тамары Рухловай…

Потым выступіў колішні вучань Уладзіміра Георгіевіча — Анатоль Турбал. Ён прынёс шмат фотаздымкаў, звязаных з жыццём і педагагічнай дзейнасцю настаўніка. Віншуючы яго, Анатоль Сцяпанавіч і сам расчуліўся да слёз.

Добра і хораша гаварыў пра юбіляра Уладзімір Адамовіч. Ён зазначыў, што Уладзімір Дарагуж валодае харызмай, служыць Беларусі, роднай мове, мае жыццёвы досвед, дзеліцца ім з блізкімі людзьмі. У юбіляра — сваё бачанне мінулага, цяперашняга і будучага, энцыклапедычны склад розуму. Яны знаёмыя ўжо не адзін дзясятак гадоў. Іх аб’ядноўваюць лес, рэчка, поле, ягаднае балота… Уладзімір Георгіевіч — цудоўны акцёр…

Юбіляр, відавочна, быў крануты ўсімі добрымі словамі і ўвагай да яго асобы.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай цэнтральнай  раённай бібліятэкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *