ПА ДАПАМОГУ І ПАДТРЫМКУ — ДА СТАРШЫНІ РАЙВЫКАНКАМА

Общество

«СПАДЗЯЁМСЯ АТРЫМАЦЬ ДАПАМОГУ І ПАДТРЫМКУ»— з гэтымі словамі на прыём да старшыні райвыканкама Івана Пятровіча Муха  прыходзіць амаль кожны чалавек.

Большасць  зваротаў, з якімі жыхары Раваніцкага сельсавета завіталі ў мінулы аўторак на выязны прыём  да старшыні, былі звязаны з жыллёва-камунальнай і сацыяльнай сферай. Задаваліся пытанні, якія тычыліся ачысткі каналізацыйнага калодзежа па адной з вуліц вёскі Раванічы, водазабеспячэння вёскі Вінаградаўка, дзе не працуе воданапорная вежа.

Наконт каналізацыйнага калодзежа дадзена даручэнне адпаведным службам заключыць дагавор з жыхарамі вуліцы  на яго абслугоўванне і аказаць садзейнічанне па яго ачыстцы.

Старасту вёсак Вінаградаўка, Кораб і Малінаўка хвалявалі пытанні далейшага лёсу будынкаў раней дзейнічаючай малочнатаварнай фермы вёскі Вінаградаўка, добраўпарадкавання тэрыторыі, а таксама больш актыўнай работы з кадрамі ў гаспадарцы «Раванічы». Іван Пятровіч даручыў службам раёна, якія разам з членамі выканкама таксама прысутнічалі на выязным прыёме, сустрэцца з тымі, хто раней працаваў у вёсцы Вінаградаўка,  абследваць і прыняць рашэнне па  далейшай эксплуатацыі будынкаў фермы, прывесці іх у належны стан, добраўпарадкаваць вакол  тэрыторыю, заараць пустуючыя ўчасткі.

Узнімалася пытанне і развіцця асабістай гаспадаркі. У прыватнасці, жыхарка вёскі Раванічы абуралася, што за здачу цялят да гэтага часу  не атрыманы грошы, а таксама не выдалі сена другога ўкосу. Гэтае пытанне адразу было адрасавана выконваючаму абавязкі старшыні ААТ «Раванічы» Г.Заіку, які прысутнічаў на прыёме, і  запатрабавана ад яго на працягу тыдня вырашыць праблему.

У гэты ж дзень старшыня райвыканкама сустрэўся з некаторымі службамі Раваніцкага сельсавета, пабываў у вёсцы Красны Дар, пагутарыў з людзьмі, наведаў сацыяльныя аб»екты. Кожная жыццёвая сітуацыя, з якой жыхары  звярталіся  да Івана Пятровіча, была індывідуальнай, і кожнаму чалавеку ён спрабаваў дапамагчы і разабрацца ў вырашэнні іх праблем.

А тыднем раней адбылася чарговая «прамая лінія» старшыні райвыканкама, у ходзе якой жыхары Чэрвеня і раёна змаглі задаць  хвалюючыя іх пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы. Яны  тычыліся зямельных праблем, асвятлення вуліц, добраўпарадкавання. У прыватнасці, бацькоў  школьнікаў з вёскі Красны Дар турбавала абсталяванне аўтобуснага прыпынку, прасілі зрабіць, каб было камфортна іх дзецям чакаць транспарт, асабліва ў асенне-зімовы час.

Былі і такія тэлефанаванні, што не зусім уваходзілі ў кампетэнцыю старшыні, а больш тычыліся праваахоўных органаў. У прыватнасці, вырашэнне канфлікту з суседзямі, павелічэнне транспартнага патоку па адной з вуліц вёскі Старына.  Але і яны не засталіся па-за ўвагай старшыні райвыканкама.

У  рабочым графіку кіраўніка нашага раёна заўсёды ёсць час для стасункаў з людзьмі — моладдзю, рабочымі, служачымі, ветэранамі або пенсіянерамі. Для яго  такія дыялогі — своеасаблівае сацыялагічнае апытанне, якое адлюстроўвае  стан спраў ва ўсіх сферах  жыццядзейнасці. Як лічыць Іван Пятровіч, «непасрэдны кантакт з людзьмі вельмі важны. Бо за кожным рашэннем — лёс  чалавека».

Людміла РАБЕЦКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *