Даўнейшы быт мясцовага насельніцтва

Общество

Вось што пісаў пра гэта ў 1929 годзе ў часопісе “Наш край” краязнаўца М.Каспяровіч:

“Галоўную масу пасялення Чэрвеньшчыны складаюць беларусы. Нацыянальныя меншасці прадстаўлены тут нязначнымі лічбамі. Таму большасць паселішчаў раёна складаецца з беларусаў і толькі ў некалькіх з іх іншыя нацыянальнасці складаюць адну з галоўных народнасцяў. Да такіх у сельскіх мясцовасцях належаць: Вішанька (вялікарусы), Лучное (яўрэі), Ратнае (палякі) і інш. Гэтыя паселішчы вельмі дробныя і часта налічваюць нават па два двары, як, напрыклад, Малінаўка (палякі), Новы Прудок (яўрэі) і інш. Пераважная большасць нацыянальных меншасцяў на сяле пражывае ў паселішчах, дзе асноўную масу іх складаюць беларусы. Там часамі і значная колькасць двароў нацыянальных меншасцяў рассыпана паміж беларускімі сядзібамі. Гэтае непасрэднае суседства розных нацыянальнасцяў з амаль аднолькавымі заняткамі ў значнай меры прычынілася таму, што матэрыяльная культура іх бадай што нічым не адрозніваецца ад такой у беларусаў і ў сваю чаргу служыць да далейшых узаемаўплываў. Яўрэі надзвычайна добра, як і сваёй роднай, валодаюць беларускай мовай; татары забыліся сваю мову і гавораць толькі па-беларуску (Чэрвень), як і пераважная большасць палякаў; значная колькасць забабонаў перанята татарамі і яўрэямі ад беларусаў і апошнімі ад гэтых і іншых нацыянальнасцяў раёна. Мясцовае насельніцтва не бачыць у гэтым нічога дзіўнага, бо, напрыклад, у Лучном беларусы і яўрэі жывуць разам на зямлі каля ста год. Таму, апісваючы гаспадарчы быт пераважна беларусаў раёна, будзем мець на ўвазе, што ён мала адрозніваецца ад побыту іншых мясцовых нацыянальнасцяў.

Згодна даных усесаюзнага дэмаграфыічнага перапісу, якімі мы карыстаемся, паселішчы Чэрвеньскага раёна невялікія. Больш ста двароў налічвае менш дзесяці паселішчаў: Чарнаграддзе (101), Драгча Слатвінская (105), Чарнава (124), Дамавіцк (132), Грабёнка (133), Волма (141), Калодзезі (144) і Клінок (217). Але часта і малыя паселішчы выглядзяць значнымі з тае прычыны, што сядзібы ў іх шырокія і будынкі раскіданы больш вольна па значным прасторы (Усход). Дзякуючы таму, што ля хат ёсць невялікія садкі, вёскі часамі здаюцца затопленымі ў дрэўную зеляніну. Размяшчаюцца вёскі ля рэчак і ручаёў або наогул блізка ля вады і, быць можа, таму часамі вуліцы бываюць няроўныя (Іванічы). Калі хаты ў вёсцы стаяць ужо так густа, што далей на гэтай вуліцца сяліцца недзе, засноўваюцца новыя вуліцы роўналежа асноўнай (Чарнава), або наўскос да яе (Дыя) ці інакш. Кірунак вуліц даволі розны: з усходу на захад (Язоўкі, Вайнілава, Дзяруцкая, Замасточча), з паўдня на поўнач (Пальчык, Усход), з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад (Дыя), з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход (Ст.Зелянкі) і інш. Шырыня вуліц бывае  ад 6 метраў (Замасточча) да 22 (Усход). У залежнасці ад грунту вулліцы часцей за ўсё гразныя (Чарнава і інш.), але бываюць і сухія, як, напрыклад, у Волме. Часта на вуліцы валяецца бярвенне і інш. матэрыялы (Новазер’е) і толькі ў некаторых вёсках прыбраныя і абапал іх пакладзены кладкі накшталт  тратуараў (Вайнілава). Каля платоў, недалёка ад варот на двары, ляжаць калоды або зроблены адмысловыя лавачкі, на якіх суседзі збіраюцца гаманіць (Язоўкі). Часамі вуліца абсаджана дубамі, бярозамі, вярбой і іншымі дрэвамі, хоць і не на ўсім сваім працягу (Шасцівалокі, Новазер’е). З абодвух бакоў яна абгароджана парканам або тынам, плотам, частаколам.

Сядзібы ў вялікіх вёсках вузкія і змяшчаюцца на адным баку вуліцы, а ў малых — амаль заўсёды шырокія і ляжаць абапал вуліцы. У Новазер’і, напрыклад, сядзібы шырынёй каля 18, 36, 54 метраў. Двор ляжыць з аднаго якога-небудзь боку вуліцы, незалежна ад таго, ці сядзіба змяшчаецца таксама з аднаго боку ці абапал вуліцы. Некалі наогул усе сядзібы ва ўсіх вёсках цягнуліся ў абодва бакі ад вуліцы, але ў выніку падзелу і здрабнення гаспадарак у большых вёсках яны падзяліліся адпаведна вуліцы. Двор абгароджаны плотам, парканам, тынам або частаколам з усіх бакоў, апрача тых месц, дзе сцены будынкаў служаць працягам агароджы. На двор вядзе брама або вароты. Амаль ўсе бедныя двары абмяжоўваюцца варотамі. Пераважна кругом двара стаяць дворныя будынкі: хата, клець, павець, варыўня, свінушнік, хлеў, аўчарнік і інш., прычым велічыня і колькасць будынкаў залежаць ад заможнасці гаспадара. Часамі будынкі ставяцца планам літары П і з’яўляюцца суцэльным шэрагам, як, напрыклад, на двары Паўла Грыбка ў Дыі, але яшчэ часцей будуюцца асобна адзін ад аднаго, як на  дварэ Міколы Дзяркача ў Чарнаве. У першым выпадку  на агарод  за дваром вядуць адмысловыя вароты, якія часцей за ўсё складаюць частку задняй сцяны паветкі, а ў другім — звычайныя вароты, часамі яшчэ горшыя, чым тыя, што вядуць на двор.

У большай частцы двароў ёсць свае студні, якія капаюцца бліжэй да вуліцы і далей ад хлявоў. З тае прычыны, што сядзібы вузкія, у вялікіх вёсках і двары маюць выгляд вузкага простакутніка, за якім ідзе агарод, а далей — гумно, на якім з аднаго боку стаіць ток, а з другога — азярод, так што гумно часткова паўтарае план двара (Дыя), як, напрыклад, у Моўшы Туніка ў Лучном.

Хаты ставяцца адпаведна шырыні сядзібы роўналегла доўгай сцяной к вуліцы ці простастаўна к ёй, г.зн. уздоўж вуліцы ці ўпоперак яе. Бывае, што хаты стаяць подалек ад вуліцы, у глыбіні двара (Шасцівалокі, Новазер’е), але часцей за ўсё яны непасрэдна прылягаюць да яе.

Хата бедняка, напрыклад, Канарскага Міхайлы ў пасёлку Усход пабудавана бывае пераважна з рознага матэрыялу — хвоі, елкі, асіны, памерам каля 4,5Х4,5Х2,5 метраў, без сенцаў. Вокны выходзяць на поўдзень і ўсход; усіх тры, памерам 65х65 см кожнае. Дзверы з захаду. Печ цагляная, на драўляных апечках. Сцены абмазаны глінай, страха гонтавая. Ёсць падлога з дошчак. Выгляд мае вельмі бедны. Хаты серадняцкія, а тым болей, кулацкія пабудаваны з хвоі, а часамі з елкі, амаль выключна пяцісценамі, г.зн. па дзве хаты, а часамі і па дзве хаты праз сенцы. Напрыклад, хата, якая нанята пад Дыеўскую школу, мае 10х10+10х8х4,25 ар, стаіць вокнамі на паўднёвы ўсход і паўднёвы захад агульным лікам 8, па 98х74см кожнае. Прыбудаваны ганак з дошчак. Дах гонтавы. Хата Клочкі Міхайлы ў Новазер’і мае 4,65х5,60+4,65 метраў з прыбудаваным ганкам з дошчак, гонтавым дахам і г.д.

Вокны бываюць на 4-8 шыб і ў некаторых новых хатах могуць адчыняцца. Часамі робяцца вакеніцы, каб цяплей было і бяспечней ад злодзея, як, напрыклад, у Кандрата Касцевіча з Чаромхі ў Горках. Часта ў сенцах падлогі не бывае, а  калі сянец і ганку няма, то над дзвярамі наўскос да сцяны ставяць дошкі, жэрдкі і  д.тп., якія служаць сваеасаблівай паветкай для дзвярэй і ахоўваюць іх ад ветру і снегу (Ст. Зелянкі). Варыстая печ знаходзіцца направа або налева ад ўваходу ў хату і складаецца з цэглы. Бітыя печы спатыкаюцца як вельмі  рэдкае выключэнне. Часамі ад печы ў супроцьлеглую сцяну ідзе пол, але ў пераважнай большасці хат палоў ужо няма, а на іх месцы стаяць ложкі. Ля дзвюх другіх сцен на адмысловых калодках ляжаць лавы, якія сходзяцца на куце, дзе стаіць стол. Перад сталом стаяць услоны або  зэдлі. Часамі над палом або над ложкам адным канцом на печы, другім — на балечцы, вісяць палаткі (Дыя). Супроць печы, на сцяне, вісяць градкі, паліцы для пасуды і заложнік для лыжак.

Кут супроць печы завуць мыцельнікам, а куточак ля печы, паміж сцяной і печчу — качарэжнікам або вілачнікам. Сцены і печ часамі беляцца, а часамі абіваюцца шпалерамі, ды і толькі на куце, дзе вісяць партрэты Леніна, Варашылава і інш., вельмі часта побач з іконамі. Дзверы ў хаце зачыняюцца на клямку з ручкі, слясака, западні і кручка.

Хаты рубяць пераважна нанятыя майстры і толькі часамі самі гаспадары. У першым усходнім вугле першага вянка высякаюць ямку і кладуць манету. Калі першы вянок, г.зн. падрубы, гатовы, адбываюцца ў зрубе закладзіны, а, як хата скончана — уходзіны, або ўлазіны.

Супраць хаты на дварэ ставяць клець або свіран. У клеці заўсёды ёсць падлога, а часта і столь. Калі апошняй няма, то франтоны робяцца з бярвення або моцных дошчак. На адной лініі з хатай, або ўпоперак да яе стаіць хлеў, часамі пяцісценак з двума варотамі, як у Антона Рыбінскага ў Ст. Зелянках. У сярэдзіне хлеў перагароджаны катухамі, так што ў ім стаіць уся худоба ад свіней да коней уключна. Бывае, што асобна будуецца цёплы хлеўчык на маху, для авечак, а для свіней — невялічкая прыбудовачка да хлява. Паміж хатай і хлявом, ад хаты, ад хлява і амаль ніколі асобна, ставіцца паветка, якая складаецца з адной сцяны і двохскатавай страхі на сохах, як у Васіля Карзуна ў Волме. Падобна хаце, на маху будуецца варыўня, або стопка са столлю, але без падлогі. У ёй хаваюць бульбу, гародніну і інш. Апальваецца яна асобнай печкай без коміна, але часцей за ўсё проста жарам, які прыносяць на нач з хаты ў чыгуне (Горкі).

За агародам, на гумнішчы, ставяць ток або гумно. У ім складаюць збожжа, а часам і сена, якое пераважна ляжыць у стагах на сенажаці ці гумне. Па баках у таку знаходзяцца староны, засланыя жэрдкамі, на якіх і кладуць збожжа. Пасярод гумна зямля ўбітая глінаю, што і складае ўласна ток. У адным канцы гумна часта яшчэ стаіць еўня або асець, у якой сушаць снапы. Яна пабудавана з токам пад адной страхой і мае столь і печ. Рэдка спатыкаюцца двухпавярховыя еўні. У серадняцкіх гумнах, апрача току, ёсць пуні, у якіх складаюць сена. У шмат якіх вёсках яшчэ бытуюць азяроды або пярэплаты, у якіх сушаць збожжа на паветры, азярэчы яго адразу пасля таго,  як зжата. Мясцовыя азяроды складаюцца з моцных слупоў, у якія прадзеты жэрдкі. Перасяленцы з Полаччыны прывезлі ў Раваніцкі сельсавет другі тып азяроду, у якім на суках сукаватых бярвенцаў, укапаных у землю, ляжаць жэрдкі (Новы Шлях). У першым выпадку снапы азярэдзяць вельмі шчытна, а ў другім — яны ляжаць вольна. Другі тып азяроду завуць астроўкамі. У беднякоў часта ўсё гумно складаецца з азяроду ды старжкоў, як Міхайлы Канарскага ў пасёлку Усход.

У некаторых гаспадароў, але вельмі рэдка, ёсць лазні. У лазнях ёсць столь і падлога  ды печ з камення і палок, на якім парацца. Часамі ля лазні бывае адмысловая студня (Новазер’е). Увосень у лазнях сушаць лён перад тым, як церці яго. Калі ў лазні хоча памыцца сусед, то ён павінен выпаліць яе сваімі дрывамі, нанасіць і нагрэць вады і г.д. ды лічыць за вялікую ласку, што яго пусцілі. Нягледзячы на гэта, лазні — рэдкая з’ява на Чэрвеньшчыне і большасць насельніцтва мыецца ў хаце ў ночвах, толькі па пояс, разы два-тры на год.

Большасць вясковага насельніцтва Чэрвеньшчыны носіць саматканую адзежу, якую ткуць з лёну і толькі ў выключных выпадках — з канапель. Моладзь імкнецца хадзіць у куплёным, асабліва ў выхадныя дні. Шыюць адзежу таксама ўсе самі, а часамі і краўцы-сяляне, для якіх кравецтва ёсць толькі падсобная гаспадарцы справа (Шасцівалокі) і якія сваім умельствам мала чым розняцца ад іншых вяскоўцаў. Жаночая сарочка шыецца з дзвюх полак (Дыя) кужэльнага або зрэбнага палатна даўжынёй на кархі тры ніжэй кален (корх — шырыня далоні), з простымі рукавамі або каўняркамі ці брыжамі. Каўнер адкладны і завязваецца стужкаю. Ля каўняра — заборы, каб сцягнуць каўнер. У рукавах выкройваюцца суцэльна з рукавом клінкі заміж цвікляў, але шыюць і з цвіклямі ды стаячым каўняром або зусім без яго. На плячуках рукавоў — перабіраныя пылікі. Мужчынская кашуля розніцца толькі даўжынёй. Носяць яе мужчыны і па штанах і ўбіраючы ў штаны.

Па сарочцы жанчыны носяць спадніцы з узорыстага палатна і андаракі з такога ж сукна, ды паверх іх — ператыканы, перабіраны, або вышываны хвартух, часамі адмыслова плісаваны. Некаторыя яшчэ надзяюць гарсэт, зашпіляючы яго толькі на адзін кручок. На галаву жанчыны ў Чэрвеньшчыне завязваюць або хустку або намёт, намётку. Намётка і хустка завязваецца рознымі спосабамі, на ногі жанчыны абуваюць лапці з аборкамі, або крайкамі, г.зн. чорнымі суконнымі паясамі, ці рамянкамі, г.зн. раменнымі паясамі, якімі яны па мастацку перавіваюць нагу па бялюткай анучы да кален. Дзяўчаты надзяваюць на шыю пацеркі і ўжываюць вельмі шмат каснікоў, стужак і інш.

Мужчыны пасля сарочкі і штаноў надзяваюць камызэльку. Сарочка падпяразваецца поясам, а часамі і дзягай, на якой вісіць нож, шавета з крэсівам, крэменем  і інш. На нагах мужчыны таксама носяць лапці. Але, як у жанчын, камашы, так у мужчын боты пачынаюць панаваць. Часамі крэсіва вісіць ля шабеты. Паясы ткуцца з рознакаляровых суконных нітак, але іх заразносяць пераважна мужчыны; у хлопцаў іх падмяніла іх папруга або рэмень.

Верхняю адзежаю жанчын з’яўляецца світа і кажух, якія шыюцца хваставымі, г.зн. да стану. Даўжынёй яны значна ніжэй кален. У мужчын апрача світы і кажуха бывае жакетка, г.зн. кароткая світа. На галаву мужчыны адзяваюць куплёныя шапкі.

Дзеці да трох-чатырох год ходзяць толькі ў сарочцы, а пазней — адзяваюцца як дарослыя. З пяці-шасці год яны абувыаюцца і адзяваюцца самі, без старонняй дапамогі.

З пасцельнай бялізны цікавым перажыткам з’яўляецца пасцілка друкаванка, на якой  набіты ўзор фарбаю ў некалькі колераў па беламу полю, якую перадаў у музей Міхайла Клочка з Новазер’я. Быццам набіванне адбывалася на Чэрвеньшчыне, але як — ніхто не помніць.

Харчуецца вясковае насельніцтва амаль выключна тым, што дае яму сельская гаспадарка. З ржаной мукі пякуць хлеб ядомы, хлеб прэсны для квасу, праснакі, бліны, аладкі, вараць зацірку, робяць саладуху і д.тп. З пшанічнай, апрача таго, пякуць грыбкі, пірагі, вараць мачанку, патраўку, макароны і інш. З аўсянай мукі вараць жур, кісель, ды робяць крупы і мілту. З грэчкі і ячменю робяць крупы на крупнік і кашу, а з яечнай і грэцкай мукі пякуць бліны і аладкі. Гарох ядуць вараны і пражаны, як і боб. Буракі і капусту вараць як свежымі, так і заквашанымі на зіму. З бульбы робяць самую рознастайную яду: булён, бабку, аладкі, камы і інш.

Апрача квасу, спажываюць бярозавік і кляновік, якія назапашваюць вясною, калі цячэ сок з параненай бярозы і клёну.

З асаблівасцяў сямейнага быту можна азначыць старажытнае вяселле з адводам маладых у клець, якое мела месца яшчэ ў 1917 годзе ў Дыі. У апошнія часы паасобныя старадаўнія звычаі яшчэ маюць месца, але ў поўным сваім злучэнні ўжо не сустракаюцца.

Некаторыя мясцовасці на Чэрвеньшчыне славяцца і цяперака яшчэ сваімі сялянскімі песнямі (Волма і інш.), якіх нам у часе свайго падарожжа ўдалося запісаць да 600 нумароў з рознымі абрадамі, з якімі яны звязаны.

Усё гэта пра старую Чэрвеньшчыну. У 1929-30 годзе па Чэрвеньшчыне прайшла хваля калгаснага руху і бедната перажыла рашучую бойку з кулацкай часткай вёскі ды арганізавала шэраг калгасаў да сельсаветаў (Раваніцкі) суцэльнай калектывізацыяй уключна. А з новай арганізацыяй сельскагаспадарчай працы ідзе і новы быт, які ад старога не пакіне і почату. Калі ў бліжэйшыя гады праявы старога быту і будуць мець месца сярод часткі індывідуальнікаў, то толькі як водгаласкі блізкага мінулага, нібы паасобныя мухі ўвосень пасля гарачага лета. І праз гадоў колькі самі вяскоўцы і іх дзеці будуць дзівіцца на нашы паўтары сотні фатаграфій і да тысячы іншых запісаў у Чэрвеньскім музеі і ў Беларускай Акадэміі навук, якія ім пакінула  экспедыцыя аб Чэрвеньшчыне ў 1929 годзе.”

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *