ЗГАДКІ Уладзіміра ДАРАГУЖА

Общество

г.Чэрвень.

Небяспечнае месца.

На кожнай дарозе ёсць месцы, дзе гіне шмат пешаходаў. Такое на Магілёўцы паміж вёскамі Валевачы, што з аднаго боку шашы, і Карпілаўкай, што з другога. Бо менавіта ў Карпілаўцы ля самай дарогі і знаходзіцца пункт, які цягне да сябе з незвычайнай сілаю. Якая б там ні была вывеска («Сталовая», «Чайная», «Закусачная»), для нашага брата (ды і сясцёр) гэта «Забягалаўка».

Аднойчы зімовым вечарам вярталіся мы з Мінска, з магазіна школьных наглядных дапаможнікаў. Якраз тут у святле фараў вадзіцель заўважыў чалавека, што ляжаў на праезнай частцы. Ён хацеў аб’ехаць небараку і шыбаваць далей, але я не дазволіў. Вылезшы з аўтобуса, пазнаў настаўніка суседняй школы, разбудзіў яго і прапанаваў адвезці дадому. Той сустрэў мяне агрэсіўна, паслаў на пэўную колькасць літараў. Мы яго аднак перанеслі за прыдарожную канаву і папярэдзілі буфетчыцу.

У той раз чалавек застаўся жывы. Ён загінуў на гэтым жа месцы праз некалькі месяцаў.

Зязюленька

Апошняе масавае перайменаванне неселеных пунктаў у Беларусі адбылося ў шасцідзесятыя гады. Чэрвеньскім чыноўнікам недаспадобы былі такія шматвекавыя гістарычныя назвы як Драхча Булгацкая, Драхча Паненская, і гэтыя вёскі ператварыліся ў Праўду (у гонар бальшавіцкай газеты) і Кутузаўку (у гонар расейскага палкаводца).

Тады ж пасёлак Натальеўскага лясніцтва стаў называцца «деревня Кукушкино». Чаму ж не проста — «вёска Зязюленька»?!

Сасна

Першага верасня сорак чацвёртага года на ўроку беларускай мовы наша настаўніца Марыя Мікалаеўна пачала выкладанне з такога дзіўнага экскурса: «Вось пакуль мы тры гады жылі пад акупацыяй, у беларускай мове шмат што змянілася. Яна значна наблізілася да рускай мовы. Так, калі да вайны дрэва, што вы бачыце праз вакно ў суседнім двары, насіла назву «хвоя», то цяпер, як і ў рускай мове, яно стала называцца «сасна». Пройдзе некаторы час, і беларускай мовы зусім не будзе, гэтак жа, як і іншых моваў. Увесь свет будзе размаўляць па-руску». І мы, як тыя дурні, радаваліся, слухаючы гэтую лухту.

Шары колер

У Беларусі шмат людзей маюць прозвішчы, што абазначаюць пэўны колер, — Белы, Чорны, Шары і іншыя. Для тых, хто не ведае, скажу, што шары колер — гэта светлашэры з карычневым адценнем. Перыяд, калі зайшло сонца і хутка цямнее, бацька называў «шарая гадзіна» і не дазваляў нам, дзецям, чытаць тады, каб не сапсаваць зрок.

Узгаданыя прозвішчы трэба скланяць як прыметнікі: Белы- Белага-Беламу і г.д., Шары-Шарага-Шараму і г.д. Таму я вельмі здзіўляюся, што прозвішча чэрвеньца, алімпійскага чэмпіёна Валерыя Шарага, пішуць і скланяюць не па-людску: Шарій-Шарія-Шарію-…

«Мне хочется друга»

У пяцьдзесят другім годзе здалі новы ўніверсітэцкі інтэрнат — чатырохпавярховік па вуліцы Свярдлова. Да нас, фізікаў-трэцякурснікаў, у пакой на чацвёртым паверсе падсялілі першакурсніка журналіста Колю. Хлопец паспеў ужо пабыць у мараходцы, адкуль яго выперлі. Хадзіў ён па ўніверсітэту «в бушлатике морском» і надта прыглянуўся дзяўчатам. Але яму найбольш падабалася Нева, філалагічка з трэцяга курса, лепшая сяброўка маёй будучай жонкі, з якой яны кожны тыдзень наведвалі тэатры. А ў Невы быў ужо хлопец, журналіст з трэцяга курса Валодзя, які на той момант знаходзіўся недзе на практыцы і не мог сваечасова адшыць канкурэнта. Коля мучыўся ад раўнадушша дзяўчыны, не выпускаў з рук гітару, і тады, на нашых вачах, нарадзілася гэтае танга «Мне хочется друга». Яно неяк патрапіла ў рэпертуар Аркадзія Севернага, які яго спяваў, як мне падаецца, неяк здзекліва.

Зразумела, Нева выйшла замуж за Валодзю, той стаў вялікім начальнікам у Мінску, бо і ў Невы бацька быў на такой жа высокай пасадзе, але ў Маскве.

Навізна

Яна спазнялася на паседжанне нашага клуба, таму не паспела зрабіць сваю заўсёдную прычоску і з’явілася з распушчанымі валасамі. І гэтая навізна ў яе абліччы зачаравала ўсіх і, у першую чаргу, мяне.

Напэўна, жанчына і павінна кожны дзень уражваць сваёй навізною.

Наркотык

Жанчына — наркотык. Пасядзіш, пагутарыш з ёй раз, другі… Адбываецца прывыканне… І яе будзе ўжо не хапаць.

 

Мацнейшая кроў

Жончын дзядзька, паэт Мікола Хведаровіч, ажаніўся з піяністкаю Сарай Абрамаўнай Фрыд, якой дасталася доля декабрысткі. Яна суправаджала мужа ўсе сямнаццаць гадоў яго высылкі на Поўнач і ў Сібір. Цётка Сара нарадзіла двух хлопцаў, прыгажуноў з усходнім абліччам. Калі дзядзьку данімалі пытаннем, чаму сыны не падобныя на яго, ён тлумачыў: «Што ж я зраблю! У яўрэяў кроў мацнейшая за нашу».

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *