УДЗЕЛЬНІК ТРОХ ВОЙНАЎ

Люди и судьбы

Нікіфар Пятровіч Малішэўскі шэсць гадоў таму пераехаў у Смілавічы з Чачэрскага раёна, каб быць бліжэй да дачкі Таццяны. Пасёлак яму падабаецца: рэчка, вакол палеткі, недалёка Мінск. Гандаль ёсць, медыцына. Людзей шмат — можна паразмаўляць, знайсці аднадумца, слухача.

Нікіфар Пятровіч Малішэўскі з дачкой Таццянай

З ім я пазнаёміўся як з пчаляром. На плошчы перад рынкам Нікіфар Пятровіч гандляваў мёдам, на мой погляд, надта якасным. І я не мог прайсці, не зацікавіцца. Ён грунтоўна адказваў на пытанні пакупнікоў, раіў рэцэпты лекаў. Мне паведаміў, як калісьці ўзімку ажывіў сям’ю пчол. Слова за словам — і мы пазнаёміліся бліжэй.

Нікіфар Пятровіч нарадзіўся ў далёкім 1919 годзе ў звычайнай сялянскай сям’і. Да вайны скончыў пяць класаў. Разам з бацькамі займаўся сельскай гаспадаркай. Да гэтага часу помніць свой першы абавязак — пасвіць свіней.

У калгасе быў конюхам. Затым пацягнула ў горад — марыў працаваць з тэхнікай. Але вымушаны быў збіваць скрынкі на фабрыцы “Спартак”. Гэта не задавальняла яго. Неўзабаве з’явілася магчымасць вывучыцца на шафёра і працаваць у Смаленскім упраўленні шасейных дарог. З натхненнем адпрацаваў там год, а ў 1939 годзе яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Праз некаторы час пачаўся вызваленчы паход савецкіх войск у Заходнюю Беларусь. Нікіфар Пятровіч удзельнічаў у ім у якасці шафёра з першага і да апошняга дня. Народы Беларусі ўз’ядналіся. За выдатнае выкананне абавязкаў адзначаўся камандаваннем. Добра помніць цёплыя сустэчы чырвонаармейцаў у вёсках і гарадах.

Служба ішла, “круціць баранку” яму падабалася. Але пачалася савецка-фінляндская вайна. Не любіць Нікіфар Пятровіч гаварыць пра яе. Шмат загінула сяброў, палягло людзей. Умовы былі цяжкія: маразы даходзілі да 45 градусаў і болей, шмат снегу, непраходныя балоты, бездарожныя лясы. Фіны добра падрыхтаваліся да вайны, супраціўляліся. Аднойчы ён ледзь не памёр. Вёз на перадавую лінію снарады і патроны. Уначы машына заглохла — мароз стаяў пад 50 градусаў. Лес дзікі, цемната. Каб хоць крыху сагрэцца, у жалезнай скрынцы неяк здолеў запаліць салярку з анучамі. Так дацягнуў да ранку. Вылезшы з кабіны, убачыў дзве гурбы. Разгроб іх — дровы. У вайсковай часці палічылі яго прапаўшым. Пачалі пошукі. Не верылі вачам, калі ўбачылі машыну і ледзь жывога Малішэўскага. Размаўляць не мог — губы апухлі, твар чорны ад сажы, ногі не гнуцца.

З палёгкай сустрэў вестку аб заканчэнні вайны. Ужо заставалася служыць нядоўга, чакаў дэмабілізацыі. Марыў аб роднай вёсцы, працы. Ды не спраўдзіліся яго планы. 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая зграя напала на Савецкі Саюз. Родная Беларусь апынулася пад нямецкай акупацыяй.

Уласная пасека

Вайну Нікіфар Пятровіч сустрэў пад Ленінградам. Пачаліся доўгія і цяжкія франтавыя шляхі: з бамбёжкамі, з раненнямі. Мяняліся машыны — іх разбівалі нямецкія самалёты. Не мяняліся толькі рэйсы: на фронт, на перадавую лінію вазіў усё неабходнае для баёў. Неяк трапіў пад чарговую бамбёжку. Ледзь паспеў выскачыць з кабіны, як машыну перавярнула. І такіх небяспечных выпадкаў здаралася шмат. Вочы заўжды былі чырвоныя, бо ездзіць даводзілася амаль без святла. Варонка на варонцы, а не дарога. Ён лічыўся самым вопытным шафёрам, таму вучыў маладых байцоў-вадзіцеляў. Шмат іх загінула на франтавых дарогах. Яму ж пашчасціла дайсці-даехаць да Берліна. Распісаўся на Рэйхстагу. Лёгкае раненне ён нават не бярэ пад увагу. Радасці не было межаў. Прапанавалі застацца яшчэ добраахвотна служыць у войску. Пагадзіўся, але захварэў. Пасля шпіталя дэмабілізаваўся — якраз яго год адпраўлялі дамоў.

Вярнуўся са шматлікімі ўзнагародамі. У роднай вёсцы не адпачываў. Адразу ж пайшоў працаваць у калгас, затым у МТС. Жылося цяжка, але цікава. Адбудаваліся. Стварыў сям’ю, выгадаваў дзяцей. Марыў аб уласных пчолах — стварыў і пасеку.Захапляўся тэхнікай. Быў майстрам на ўсе рукі. У родным калгасе аднавіў паравую мельніцу. Перабраў да апошняга вінціка лакамабіль і запусціў яго ў работу. Для ўласнай гаспадаркі змайстраваў станкі, іншыя прылады. Без справы і выдумкі не сядзеў і не сядзіць сёння. Усё карціць яму нешта ўдасканаліць, палепшыць.

Думкі Нікіфара Пятровіча накіраваны і на дзяржаўны ўзровень — эканомію энергарэсурсаў. Унёс некалькі прапаноў па стварэнню новага тыпу рухавіка, у тым ліку на сціснутым паветры для аўтобусаў. Разглядалі яго ідэю вучоныя. Адну з іх прызналі чарговай прапановай вечнага рухавіка, але слушнай для практыкі ў іншым накірунку.

Нікіфар Пятровіч працаваў шафёрам, пакуль хапала моцы. Не меў ніводнага дарожнага здарэння, парушэння правілаў. Не піў гарэлкі. Лічыць правільнымі захады ўлады па ўзмацненню адказнасці за кіраванне машынай у нецвярозым стане. Жыццё чалавека — дар Божы, яго патрэбна ахоўваць і берагчы. Ён ведае гэта з вайны.

Зараз Нікіфару Пятровічу ідзе 94-ы год, але па выгляду гэтага не дасі: рухомы, зацікаўлены да жыцця. Займаецца агародам, трымае курэй. Але галоўны клопат — восем сямей пчол. Больш трымаць няма магчымасці — невялікі прысядзібны ўчастак. Пра пчолак-працаўніц расказвае ўлюбёна.

Ваенныя гады Нікіфар Пятровіч помніць добра, але неахвотна ўзгадвае. Хоча, каб больш ніколі на нашай зямлі не было войнаў. Жадае людзям міру, працы, здароўя, кахання. Ён цікавіцца весткамі пра сучасныя дасягненні Беларусі на палетках, заводах, у навуцы і тэхніцы. Вадзіцелям зычыць вазіць з поля зерне на элеватар, а не зброю, ніколі не спазнаць франтавых дарог.

 

Іван ЯРАШАВІЧ,

г.п. Смілавічы.

Фота аўтара.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *