ТЫ АДНА ТАКАЯ Ў СВЕЦЕ, ВЁСАЧКА МАЯ…

Общество

Ура! Нарэшце я еду да матулі! Ажно сем месяцаў не прыязджала, сорамна… Але, прызнацца, з мамачкай сваёй я размаўляю па тэлефоне штодня, і не адзін раз на дзень… А зараз я еду ў сваё дзяцінства, да сваіх запаветных мястэчак, у родную вёсачку Градно.

Звычайна ўвесну ў маёй душы найбольш адчуваецца эмацыянальны спад. Усё, больш няма сіл жыць у горадзе, у гэтым бясконцым шумным рытме. Душы патрэбны адпачынак.

… І вось пад’язджаю. Як прыемна сэрцу… А на твары маім відаць ледзь прыкметная ўсмешка. Вось і родны дом, радасць ад доўгачаканай сустрэчы… А потым я нетаропка выходжу ў двор і слухаю наваколле. Цішыня такая… А якое паветра! Яго ўдыхаю на поўныя грудзі, аж лёгкіх не хапае. Такога больш няма нідзе: ні ў Італіі, ні ў Афрыцы, ні нават пад Мінскам. Яно для мяне — як пах маці для дзіцятка-немаўлятка. Яго не зблытаеш ні з чым…

Я чую нават жураўліны крык! Гэта бальзам на маё сэрца. А шпакі — гэта ж найлепшыя суседзі! Я ведаю тут кожнае дрэўца, узгорак, пянёк, кожную рагаціну і каменьчык.

Як жа змяніўся твар маёй вёскі за некалькі апошніх гадоў! У мяне адначасова з’яўляюцца дзве думкі. Як тут добра, ціха і хораша, у гэтай дзікай глушы… І ў той жа момант неяк цяжка ад усведамлення, што вёсачка мая, такая любімая і родная, ужо стаіць на шляху да знікнення…

Ужо амаль згублена тое хараство сялянскага жыцця і быту, калі я яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай штовечар бегала да бабулькі-суседкі — слухаць дзівосныя байкі па лесуноў, ведзьмакоў, ваўкалакаў, пра сенакос, жніво і цяжкую даўнейшую працу. Улетку песні спявалі пад музыку гарманіста. Узімку на печы, з такімі ж, як я сама, чакалі бабуліных духмяных бліноў. Ужо не вернеш тыя імгненні. Яны захаваліся толькі ў памяці. І ад усведамлення гэтага неяк цісне ў грудзях, сумна робіцца.

На жаль, не адна мая вёска такая. Шмат іх стала. Дажываюць свой век хаты, пакінутыя калодзежы засыхаюць, двары зарастаюць быльнікам… І ўсё ж ты жыві, мая вёсачка! У табе — мае лепшыя ўспаміны, шчаслівыя і бесклапотныя гады, чароўныя імгненні. Ты адна такая ва ўсім свеце! Бо — мая…

Жэня КУЗЬМІЦКАЯ (ШВАРЦ), г.Мінск



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *