Я ВЕРУ: МАЯ ВЁСКА БУДЗЕ ЖЫЦЬ!

Общество

Добры дзень, паважаная рэдакцыя «Раённага весніка»!

Не магу не падзяліцца  з вамі сваімі ўражаннямі. Вельмі ўсхвалявала і ўзняло ў душы цэлы калейдаскоп разнастайных пачуццяў лірычнае прызнанне Жэні Кузьміцкай, якое было апублікавана ў «Раённым весніку» 5 чэрвеня. «Ты адна такая ў свеце, вёсачка мая…» Ужо ў самой назве адчуваецца непадробная любоў да сваёй малой Радзімы, і я добра разумею аўтарку, паважаю яе пачуцці, але з упэўненасцю магу сказаць: не, адна такая ў свеце вёсачка менавіта МАЯ! І ведаю, што многа хто ў нас можа сказаць такія словы пра свой родны куточак.

… Мінула ўжо нямала гадоў, як я, будучы студэнткай, прыязджала амаль кожныя выхадныя да сваіх бацькоў. Узгадваю ўласныя вершаваныя радкі, якія самі па сабе склаліся ў галаве па дарозе дадому:

Грукоча коламі цягнік,

Я зноў вяртаюся дадому.

І вобраз вёсачкі ўзнік,

Дзе ўсё да болю так знаёма.

Дзе ўсё прывабна, люба, міла,

Дзе радуешся ночы, дню,

Дзе першы раз я палюбіла,

Дзе стрэла першы раз бяду…

Жэня Кузьміцкая выказвае свае думкі пра паветра, наваколле, кожнае дрэўца і каменьчык. Такія ж самыя адчуванні ўзнікалі і ў мяне. І вось, надыхаўшыся чароўнай асалодай, пахадзіўшы па знаёмых сцяжынках, узбагаціўшы сябе цудадзейнай энергіяй, якую дае толькі родная зямля, з сумам запісвала чарговыя шчымлівыя радкі:

І зноў патрэбна ад’язджаць

З любімай, роднай мне старонкі…

Як цяжка дом свой пакідаць,

Звіняць услед мне жаваронкі.

Матуля выйдзе праважаць,

Змахне слязу старой хусцінай.

Сябры падыдуць расказаць

Усе апошнія навіны…

«Вярніся!» — мне спявае луг.

«Прыйдзі!» — зазыўна кліча рэчка.

«Застанься! — просіць родны кут, —

І будзь са мной навекі, вечна…»

Зараз я пастаянна жыву ў сваёй роднай вёсцы. Але не змяняюцца пачуцці, не згасае любоў і павага да сваёй Бацькаўшчыны. А, мабыць, яшчэ больш і больш вучуся яе спазнаваць і шанаваць, адкрываць усё новыя і новыя грані хараства і непаўторнай прыгажосці роднай, любай мне зямлі. Яна, нібы вясной бярозы сокам, напаўняе мяне жыватворнай сілай. Цалкам падзяляю думкі Жэні Кузьміцкай пра тое, што змяніліся нашы вёскі, што яны на шляху да знікнення. Але ўсё роўна, хаця розумам і ўсведамляеш гэтую сумнаватую рэчаіснасць, душа не згаджаецца, супраціўляецца, бунтуе…

Ніхто мяне паверыць не прымусіць,

Што знікне ўсё і пойдзе ў нябыт.

Пакуль над полем кружыць мірны бусел,

Я веру: мая вёска будзе жыць!

На заканчэнне хачу шчыра падзякаваць рэдакцыі любімай «раёнкі» за тое, што размяшчаеце ў газеце такія матэрыялы, якія кранаюць душы, не пакідаюць абыякавымі, абуджаюць самыя гуманістычныя пачуцці. Асобная падзяка — маёй аднадумцы Жэні Кузьміцкай, аўтарцы аповеду «Ты адна такая ў свеце, вёсачка мая…».

З павагай — Ларыса АРЭХАВА, в.Іванічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *