У Юбілейны — па запрашэнні, альбо Нашы маленькія «маскоўскія канікулы»

Общество

Ужо тры гады запар да нас прыязджаюць падлеткі з расійскага горада-пабраціма Юбілейны на інтэлектуальную гульню «Ігуменская завея», якой ужо — пятнаццаць гадоў. Мы сябруем, дзелімся вопытам, паказваем знакамітыя мясціны. А сёлета ў адказ на цеплыню і гасціннасць нас, інтэлектуальных гульцоў з Чэрвеня, запрасілі на Другі гарадскі адкрыты інтэлектуальны турнір навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў па экалогіі ў Юбілейны. І, канешне ж, на экскурсію ў Маскву.

… Надышоў прызначаны час — і дэлегацыя з пятнаццаці чалавек (дванаццаць дзяцей і трое дарослых) накіравалася ў Расію. Мы прадстаўлялі дзве каманды: гімназічную «Анлайн» і «45 градусаў» з СШ №4 г.Чэрвеня. З гімназіі паехалі сем чалавек: я, Аня Рымашэўская, Насця Гайдук, Лёша Сцяжко, Дзіма Паўловіч, Алег Вабішчэвіч і капітан каманды Арцём Камінскі. З чацвёртай школы — пяць: Ілья Шчурок, Каця Падаляка, Таня Марціновіч, Лёша Астапенка і капітан каманды Ліза Грышкіна. Але ў камандзе павінна быць шэсць чалавек, таму Насця Гайдук згадзілася гуляць за СШ №4. Суправаджалі нас агульны трэнер Ірына Іванаўна Вабішчэвіч, а таксама Наталля Уладзіміраўна Камінская і Аксана Леанідаўна Канапелька.

Так атрымалася, што на гэтую дату выпаў мой дзень нараджэння. Першы дзень нараджэння не дома і нават не ў сваёй краіне! Грукатанне колаў цягніка на працягу дзевяці гадзін — і мы ўжо ў Маскве. Які прыгожы горад! У ім жыве амаль дванаццаць мільёнаў чалавек! Адсюль мікрааўтобус прывёз нас у гасцініцу горада Каралёў, які часта называюць касмічнай сталіцай Расіі, бо там, апрача ўсяго іншага, размешчаны Цэнтр кіравання палётамі.

Адпачыць у гасцініцы нам давялося толькі паўгадзіны. А затым наша маленькая дэлегацыя паехала ў горад Юбілейны, які размяшчаецца непадалёк, — у гімназію №5.

Яшчэ на ганку нас сустрэлі падлеткі з дзявятага класа, дарослыя. Смачна пакармілі, распавялі пра навучальную ўстанову, а потым правялі экскурсію па гімназіі. Паказалі кабінет дырэктара і сказалі, што дзверы да яго заўсёды адчынены. Зайшлі мы ў школьную бібліятэку, параўналі расійскія і беларускія падручнікі. Аказваецца, у Расіі наш вучэбны матэрыял праходзяць на адзін клас раней. Усе пакоі абсталяваны найноўшымі тэхналогіямі: мультымедыя, камп’ютары, ноўтбукі ды іншае. У гімназіі №5 нават ёсць цэлы клас для творчасці! У ім вучні могуць выпускаць газеты і насценгазеты. Таксама ў іх ёсць выяўленчае мастацтва і музыка з пятага па сёмы клас, Сусветная мастацкая культура для восьмых класаў. А ў дзявятых з мэтай працягу гарманічнага развіцця асобы вучня ёсць курс «Графіка», які садзейнічае развіццю пазнавальных і творчых здольнасцяў школьнікаў. У класе хіміі маецца лабараторны кабінет з усімі неабходнымі для работы рэактывамі, у класе працы для дзяўчынак — новыя швейныя машынкі і добра абсталяваная кухня.

Нам распавялі такую гісторыю. Аднойчы дзяўчынкі нагатавалі цэлае вядро салаты, пачаставалі хлопчыкаў і самі таксама пакаштавалі. Атрымалася вельмі смачна. Але калі класны кіраўнік праходзіў міма медыцынскага кабінета, то ўбачыў там… амаль увесь свой клас. Было зусім не весела, але зараз гэтыя дзяўчынкі і хлопчыкі ўспамінаюць выпадак з усмешкай.

Пасля экскурсіі нас запрасілі на канцэрт, які рыхтавалі вучні малодшых класаў гімназіі. Мы сядзелі і проста захапляліся! Быў фільм пра школу, выступала дырэктар Вера Іванаўна Журавель, танцавалі і спявалі вучні. Глядзець і слухаць канцэрт было вельмі прыемна! А пасля хлопчыкі пайшлі на стадыён — назіраць, як гуляюць навучэнцы гімназіі, а дзяўчынкі — на майстар-клас па вырабу карцін… з поўсці. О, якое прыемнае адчуванне, калі дакранаешся да мяккай поўсці! А карціны проста захапляюць! Асабліва мне спадабалася работа, якую выканала Наталля Уладзіміраўна Камінская: пунсовыя ветразі. А я выклала на чырвоным колеры жоўты сланечнік.Далей нас чакала экскурсія ў школу мастацтваў. Там шмат розных напрамкаў: народная творчасць, маляванне, харэаграфія, тэатральны, англійская мова, дашкольная адукацыя. Музычныя напрамкі — хор, вакал, ігра на гітары. Таксама ёсць школа юных мадэльераў. Але больш за ўсё мяне зацікавіла журналістыка, якая дзеліцца на тры часткі: асновы журналістыкі, газетная журналістыка, журналістыка на тэлебачанні.

Навучэнцы школы заваёўваюць шмат узнагарод. Тут для нас таксама правялі майстар-клас. Паказвалі, як рабіць мышак з паперы без клею (акрамя вушак і хвосціка). Я лічу, што ўсім спадабалася, хаця і не ва ўсіх атрымалася.

Далей па плану — візіт у будынак Адміністрацыі, да мэра горада Юбілейны, ураджэнца нашага гарадскога пасёлка Смілавічы Валерыя Віктаравіча Кірпічова. Прыняў ён нас з цеплынёй — землякі ўсё ж такі! Распавёў пра ваеннае мінулае горада, яго цяперашні стан, пра знакаміты Камітэцкі лес, герб Юбілейнага… А яшчэ прасіў задаваць пытанні і паказваў свае спартыўныя здольнасці: падымаў дзве велічэзныя гіры. А таксама, ведаючы пра нашага касманаўта Алега Навіцкага, падараваў для музея СШ №2 мініяцюру ракеты «Пратон». Па дарозе да выхаду нас пераняў старшыня Савета дэпутатаў Юбілейнага Міхаіл Фёдаравіч Гацко, пагутарыў і падараваў пяць кніг.

… Зноў гімназія №5, на гэты раз — з канцэртам ад старэйшых класаў. Паказвалі ўнікальны фільм з космасу, якога амаль нідзе няма (яны супрацоўнічаюць з Цэнтрам кіравання палётамі)… Зноў выступала дырэктар і гаварыла вельмі важныя словы пра тое, што школа — наш другі дом, а дзеці, якія прыходзяць сюды, — яе дзеці. Старэйшыя дзяўчаты і хлопцы самі рабілі праграму: танцавалі, спявалі песні, ігралі на гітарах і барабанах. А пасля нас аб’яднала дыскатэка,з якой нікуды не хацелася сыходзіць. Мы набылі новых сяброў, пазнаёміліся як з дзяўчынкамі, так і з хлопчыкамі. І гэта быў, мабыць, самы цудоўны дзень нараджэння ў маім жыцці, поўны адметных уражанняў і падарункаў!

На наступны дзень наша група апынулася ў гімназіі №3, якой толькі пятнаццаць гадоў. Тут і адбыўся турнір па «Што? Дзе? Калі?». Удзельнічала дванаццаць каманд. Усе яны напачатку знаёмілі з назвай і дэвізам. Напрыклад: «Наша каманда: «Анлайн». Наш дэвіз: «Уключай мазгі і будзь на сувязі!». Каманда «45 градусаў» таксама прыдумала дэвіз: «Трымацца так, каб нас не здзьмула!». Дарэчы, камандам з Беларусі дазволілі нават працягнуць вітанне, таму Ліза Грышкіна і Насця Гайдук выступілі з прамовай, а Аня Рымашэўская з Насцяй Гайдук падрыхтавалі музычны падарунак — песню пра Маскву. Яшчэ спявалі песню «Белая Русь» разам з дзяўчынкай Оляй з Расіі, бо нашы расійскія сябры падрыхтавалі яе ж. Хачу адзначыць, што я вельмі ганарылася нашымі дзяўчатамі, калі яны выступалі! Мы паказалі сябе з найлепшага боку!

Але вось аб’явілі першы конкурс — красворд «Экалогія». Заданні былі цяжкімі, і мы не змаглі ўзяць шмат пытанняў. А далей — «чорная скрыня». Давалася больш за дзесяць падказак — цікавых фактаў. У выніку ў скрыні аказалася… беларуская тушонка! Але «Анлайн» не здагадалася. Затым, здаецца, пайшло лягчэй — 25 пытанняў на тэму «Экалогія». А пасля былі яшчэ «Эрудыт-лато», «Медыа-азбука», пятнаццаць пытанняў — і ўсё гэта на тэму «космас». А складаў іх і быў вядучым… беларус Леанід Валянцінавіч Клімовіч! Наш інтэлектуальны дух узняўся, і гулялі мы ўжо амаль як прафесіяналы, нічога не баяліся і былі ўпэўненымі. Пытанні аказаліся лёгкімі, а настрой — пазітыўным.

Усе атрымалі кубкі і граматы. Каманда «45 градусаў» заняла шостае месца, а наша каманда «Анлайн» — восьмае. Так, не прызавыя, але ж мы атрымалі вопыт і прыемныя ўражанні.

Гімназія №3 арганізавала нам абед у рэстаране «Райскі куток», а потым — экскурсію ў музей горада, які размяшчаецца пасярод Камітэцкага лесу. Тут ёсць усё — ад ваенных раздзелаў да дзіцячых, хаця сам музей невялічкі. Расказвалі нам пра ваенныя заслугі жыхароў горада, пра культуру тых часоў, паказвалі, як працуе патэфон, распавядалі пра карціну, напісаную мазкамі (найскладанейшай тэхнікай мастацтва) знакамітым мастаком горада Георгіем Лявонцьевічам Зайцавым, а таксама ўручылі памятныя сувеніры.

Затым мы вярнуліся ў гімназію, дзе гулялі ў фанты, спявалі песні і танцавалі на дыскатэцы. Для нас зладзілі невялікую экскурсію па навучальнай установе. І зноў — расстанне. Мы абмяняліся адрасамі і з лёгкім жалем пакінулі гэтую гімназію.

А гімназія №5 падаравала нам экскурсію ў музей касманаўтыкі, куды мы і накіраваліся ў першую чаргу на трэці дзень нашага знаходжання ў Расіі. Мемарыяльны музей касманаўтыкі размешчаны ў цокальнай частцы манумента «Заваёўнікам космасу», які ўяўляе сабой агонь ад ракеты, што знаходзіцца на самай вышыні, — унікальнага помніка Масквы, узведзенага ў гонар запуску Першага штучнага спадарожніка Зямлі. Задумка стварэння музея належала Галоўнаму канструктару ракетна-касмічных сістэм Каралёву. Музей быў урачыста адкрыты 10 красавіка 1981 года, да 20-годдзя палёту ў космас Ю.А.Гагарына.

Наша кампанія з пятнаццаці чалавек змагла ўбачыць першы, другі, і трэці спадарожнікі Зямлі, чучалы першых сабак, якія вярнуліся з космасу, — Белкі і Стрэлкі. Мы захапляліся ракетай «Саюз», пабудаванай у поўны памер, фотаздымкамі з космасу. Змаглі ўбачыць сапраўдны спускальны апарат ракеты «Саюз», загадаць па адным жаданні, дакрануўшыся да трох метэарытаў. Даведаліся, як выцягваюць касманаўтаў са спускальнага апарата. А самае галоўнае, чым я вельмі ганаруся, — што ўбачыла ў музеі фотаздымак нашага, чэрвеньскага, трэцяга беларускага касманаўта Алега Навіцкага разам з яго экіпажам. Ён дасягнуў такіх вышынь!

На вуліцы на мануменце зроблена фігура Юрыя Гагарына. У яго залаты палец. Ёсць павер’е, што калі дакранешся да гэтага пальца, дык будзеш шчаслівым.

Далейшы наш маршрут — Чырвоная плошча. Як прыгожа… ГУМ, Сабор Васіля Блажэннага, Крамлёўская сцяна… Можна яшчэ пералічваць і пералічваць! Паабедалі мы ў «МакДональдсе», а потым пайшлі ў Крэмль. Я ішла «з адкрытым ротам» — так цудоўна навокал! Успенскі, Благавешчанскі, Архангельскі саборы, Званіца Івана Вялікага, Храм Палажэння Рызы Божай Мацеры, Патрыяршы палац і Сабор дванаццаці апосталаў… І кожны мае сваю гісторыю! Кожны сабор і храм непаўторны, зроблены ў розных стылях. Мы пабылі толькі ў некалькіх. Бачылі Цар-гармату, якая ніколі не страляла, і Цар-звон, які ніколі не званіў.

А потым паціху пайшлі на экскурсію ў Храм Хрыста Ратавальніка. Яго падрывалі, будавалі на гэтым месцы басейн, але, у рэшце рэшт, па чарцяжах і відэа, якія захаваліся, Храм быў поўнасцю, да дробязяў адбудаваны. З яго вышыні адкрываецца агляд на чатыры бакі Масквы. Такія чароўныя краявіды! На жаль, надвор’е не радавалася разам з намі: ліў дождж. Мы вельмі мала пастаялі на Паклоннай гары, а потым паглядзелі яшчэ на Вараб’ёвы горы. Ды і час быў не на нашым баку — набліжаўся ад’езд. Было сумна і весела адначасова. Бо невядома, прыедзем мы сюды яшчэ ці не. Падарожжа заканчвалася…

Ужо ў Беларусі я спытала ў дзяўчат і хлопцаў, якія ездзілі са мной, што ім спадабалася больш за ўсё. Іх меркаванні супалі з маімі. Нам усім спадабаліся гасцінныя падлеткі і дарослыя, стасункі з імі, маленькі, але ўтульны горад Юбілейны. І, канешне ж, нашы маленькія «маскоўскія канікулы»!

Юлія АДАМОВІЧ,

вучаніца 9-га класа гімназіі №1 г.Чэрвеня.

Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *