КРАСНАДАРЦЫ ЗНОЎ ПЕРШЫЯ

Спорт

У Раванічах прайшла традыцыйная спартакіяда мясцовага сельсавета. У ёй узялі ўдзел каманды ААТ «Раванічы», вёскі Красны Дар, Раваніцкай сярэдняй школы і Раваніцкага лясніцтва.

Першыя пераможцы вызначыліся ў спаборніцтвах па дартсу. У жанчын поспех спадарожнічаў Васіліне Попель (в.Красны Дар), у мужчын — Дзмітрыю Скроцкаму (школа). Адначасова за званне мацнейшых змагаліся стралкі з пнеўматычнай вінтоўкі. Самымі трапнымі сталі Георгій Каралькевіч (ААТ «Раванічы») і Надзея Піляк (школа).

Тэнісны турнір выйгралі Васіліна Попель і Аляксандр Мурашка (в.Красны Дар). У спаборніцтвах па шашках перамаглі Валерый Гуліеў (в. Красны Дар) і Тамара Дзігалёва (школа).

Прызёрамі спартакіяды ў асабістым заліку сталі Аляксандр Певень (шашкі), Сяргей Камароў (настольны тэніс), Уладзімір Шаршнёў (стральба), Тамара Дзігалёва (дартс) і Таццяна Дзянько (настольны тэніс, дартс) — з каманды Раваніцкай школы, Карына Каральчук (стральба, настольны тэніс), Віталь Астроўскі (дартс) і Мікалай Церашчук (шашкі) — з каманды ААТ «Раванічы», Юрый Гоман (настольны тэніс) і Наталля Попел (шашкі) — з каманды Раваніцкага лясніцтва, Аляксандр Сушкевіч (дартс), Алена Шыцько (шашкі, стральба) і Арцём Бягун (стральба) — з каманды вёскі Красны Дар.

Бескампрамісная барацьба за першынство ішла ў валейболе. Аднолькавую колькасць ачкоў набралі ўсе чатыры каманды, таму пераможцу давялося вызначаць па лепшай розніцы выйграных і прайграных партый. Тут перавага аказалася на баку спартсменаў Раваніцкага лясніцтва. Апошні від праграмы — перацягванне каната — выйграла каманда ААТ «Раванічы».

Па найменшай суме камандных месцаў, занятых па відах спорту, перамогу ў спартакіядзе, як і ў мінулым годзе, атрымалі спартсмены вёскі Красны Дар (на здымку). Такім чынам, пераходны кубак спаборніцтваў застаўся ў іх.

Другое  месца ў спартакіядзе заняла каманда Раваніцкай школы, трэцяе — у   ААТ «Раванічы».

Акрамя традыцыйных грамат і грашовых прэмій у асабістым і камандным заліку па відах, якія атрымалі пераможцы, Раваніцкі сельвыканкам узнагародзіў грашовымі прэміямі каманды, што занялі ў спартакіядзе першае і другое месцы.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *