ЦЭНТРАЛІЗАЦЫЯ БІБЛІЯТЭК ЧЭРВЕНЬШЧЫНЫ: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ

Общество

«Раённы веснік» паведамляў ужо, што 16 сакавіка Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме споўнілася 35 гадоў.

Гартаючы дакументы 70-х гадоў мінулага стагоддзя, даведваюся: пра цэнтралізацыю дзяржаўных масавых бібліятэк турбаваліся яшчэ ўвесну 1977-га. Канкрэтныя даручэнні адказным асобам утрымліваліся ў рашэнні Чэрвеньскага выканаўчага камітэта раённага Савета дэпутатаў працоўных ад 13 красавіка. Сярод іншага тут — ускласці адказнасць за арганізацыю бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва раёна і за работу ўсёй цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы на цэнтральную бібліятэку; прасіць Мінскую абласную кантору Дзяржбанка даць згоду на перадачу старога будынка Чэрвеньскага Дзяржбанка аддзелу культуры райвыканкама для цэнтральнай бібліятэкі з улікам яе новых задач па цэнтралізацыі камплектавання і апрацоўкі літаратуры; абавязаць аддзел культуры і раённы вузел сувязі на працягу 1977-79 гадоў ажыццявіць поўную тэлефанізацыю дзяржаўных масавых бібліятэк ды іншае.

Літаральна праз тыдзень пасля гэтага рашэння райвыканкама з’яўляецца загад па аддзелу культуры «Аб падрыхтоўцы дзяржаўных масавых бібліятэк Чэрвеньскага раёна да пераходу на цэнтралізаваную сістэму абслугоўвання насельніцтва». Тут прапісваліся канкрэтныя задачы для супрацоўнікаў раённай масавай і дзіцячай бібліятэк. А гэта — вывучэнне стану кніжнага фонду бібліятэк, ачыстка яго ад састарэлай, дублетнай і няпрофільнай літаратуры, складанне зводнага даведачнага апарата ў дапамогу камплектаванню, зверка каталогаў сельскіх бібліятэк з каталогам цэнтральнай бібліятэкі…

У 1977-78 гадах было зроблена сапраўды шмат. Вось што прыгадвае пра той час і пазнейшы тагачасная бібліятэкарка дзіцячай бібліятэкі, сённяшняя загадчыца аддзела камплектавання цэнтральнай раённай бібліятэкі Людміла Альховік:

— Мы рыхтавалі каталогі, наводзілі парадак у кнігах, рамантавалі іх шмат… Падчас самога працэсу цэнтралізацыі вельмі хваляваліся, напярэдадні прыезду камісіі з Мінска, куды ўвайшлі супрацоўнікі «ленінкі», абласной бібліятэкі, працавалі да апоўначы. Вельмі дасканала правяраліся нашы каталогі, уся дакументацыя, давалася ацэнка зробленаму… Словам, калі ўсё закончылася, дык гэтаму нават не верылася…

Пасля цэнтралізацыі з’явіліся новыя аддзелы ў раённай бібліятэцы — апрацоўкі, камплектавання. Паступленняў кніг стала больш. Я перайшла на працу ў чытальную залу раённай бібліятэкі. А калі закончыла ў 1979-ым інстытут культуры, прыйшла ў метадычны аддзел. Да нас прыходзілі розныя метадычныя распрацоўкі, якія дазвалялі больш сістэмна планаваць работу. Сельскім бібліятэкарам мы аказвалі дапамогу ў правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Давялося мне папрацаваць і бібліятэкарам аддзела апрацоўкі ў кнігасховішчы, крыху — дырэктарам Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Тады шмат даводзілася займацца, апрача іншага, гаспадарчымі справамі. Мой агульны бібліятэчны стаж — ужо больш за 35 гадоў…

— Адной з задач цэнтралізацыі было — упарадкаваць сістэму апрацоўкі літаратуры, — дадае сённяшні дырэктар Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людміла Войцік. — А яшчэ — накіроўваць дзейнасць сельскіх бібліятэк, рабіць яе больш сістэмнай. Дырэктарам ЦБС была прызначана былая загадчыца ЦРБ Софія Жданава, яе намеснікам па рабоце з дзецьмі — Лідзія Парфіяновіч. Пра тыя часы, цесныя стасункі бібліятэкараў сведчаць фотаздымкі, якія захоўваюцца ў нашым летапісе.

Вось ужо 35 гадоў мы працуем ва ўмовах цэнтралізацыі. Гэты крок у бібліятэчнай справе быў прадуманым і правільным. Зараз у нашу сетку ўваходзіць 31 бібліятэка. Ёсць адна спецыялізаваная бібліятэка — для інвалідаў па зроку. Працуюць новыя тыпы ўстаноў — бібліятэкі-клубы. Сёлета ў Велікаполлі плануецца стварыць клуб-бібліятэку. У цэнтральнай бібліятэцы працуюць аддзелы: абслугоўвання і інфармацыі (сюды ўваходзіць і чытальная зала), бібліятэчнага маркетынгу, камплектавання і апрацоўкі літаратуры.

Асноўны падмурак нашай дзейнасці — якаснае папаўненне бібліятэчных фондаў, добра наладжаная метадычная служба, задавальненне чытацкіх патрабаванняў з дапамогай сучасных тэхналогій.

 

Да 35-годдзя Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы супрацоўнікі раённай бібліятэкі аформілі выставу. З яе можна даведацца пра гісторыю цэнтралізацыі на Чэрвеньшчыне, мінулае і сучаснае метадычнай працы, як бібліятэкі прадстаўлены ў друку (ў прыватнасці — у публікацыях «Раённага весніка»), паразглядаць фотаздымкі тых, хто стаяў ля вытокаў цэнтралізацыі, кнігі з аўтографамі гасцей і бібліятэчную тэхніку мінулага.

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *