«ЯКІЯ ДУМКІ І ПАЧУЦЦІ ВЫКЛІКАЕ Ў ВАС ДЗЕНЬ 7-ГА ЛІСТАПАДА?»

Общество

Да Дня кастрычніцкай рэвалюцыі вось ужо не першы год (і нават дзесяцігоддзе!) у нашым грамадстве — стаўленне неадназначнае. І чым бліжэй гэтая дата, пазначаная ў календары Рэспублікі Беларусь чырвоным, тым больш спрэчак. Бо, як кажуць, колькі людзей — столькі меркаванняў. Але, тым не менш, гэта — наша агульная гісторыя, якую не выкрасліць. Тое — было. Незалежна ад нашых цяперашніх жаданняў, памкненняў, уяўленняў і перавагаў. Таму мы і вырашылі спытаць у чытачоў: «ЯКІЯ ДУМКІ І ПАЧУЦЦІ ВЫКЛІКАЕ Ў ВАС ДЗЕНЬ 7-ГА ЛІСТАПАДА?»

Валянціна НАВІЦКАЯ, пенсіянерка:

— Улічваючы мой узрост, самыя светлыя. Бо мы ж раслі і сталелі на тых святах і ідэалах. Урачыстасці праходзілі, пачынаючы са школьных гадоў. Таму, вядома, свята засталося ў душы, з ім жыву і буду працягваць жыць далей. Гэта — наша гісторыя, наша жыццё. Таму я, напрыклад, яго з календара і з падручнікаў не прыбірала б, хаця я і не педагог. У кожным свяце такога кшталту ёсць пазітыў і негатыў. Я — пасляваеннае дзіця. Рэвалюцыя, грамадзянская вайна, Вялікая Айчынная — усё гэта было да мяне. Пра тыя часы ведаю з аповедаў сваёй мамы. Але, тым не менш, і нам ёсць што прыгадаць. Параўнаць жыццё ў сямідзесятых-васьмідзесятых гадах — і ў тых жа дзевяностых… Зараз, дзякуй Богу, нам не трэба мець якісьці блат ці стаяць у чэргах, каб набыць тыя ж элементарныя прадукты, вопратку, іншыя неабходныя рэчы. А быў жа і такі перыяд — талонна-купоннай сістэмы. Лічу, што і Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, і іншыя гістарычныя падзеі трэба памятаць, для таго, каб вучыцца на памылках, развівацца, ісці наперад… Каб, у рэшце рэшт, усім людзям жылося добра…

Наталля ЛІФАНАВА (МАЛАНКА), бібліятэкар Чэрвеньскай ЦРБ:

— Я належу да пакалення, якое ўжо не застала тыя ўрачыстасці — мітынгі, дэманстрацыі… Пра іх ведаю толькі з кніг, фільмаў і аповедаў старэйшых. Мая мама расказвала, што раней гэта было вялікае свята. А ва ўрачыстасцях удзельнічалі нават усёй школай! Для мяне гэта дзіва… Мама кажа, што тады было цікава, ярка, святочна… Ну, а мне ў маім узросце кадры з тых часоў здаюцца, мякка кажучы, пафаснымі… І я не магу ўявіць сябе ўдзельнікам дэманстрацыі 7-га лістапада. Таму для мяне гэта — проста яшчэ адзін выхадны. Але ж у Беларусі жыве не толькі моладзь. Ёсць яшчэ і старэйшыя пакаленні, якія памятаюць свята зусім іншым. Таму няхай яно застаецца — найперш для іх…

Яўген ВОЙЦІК, галоўны дзяржаўны інспектар працы:

— Складанае пытанне. З пункту гледжання свята гэта, відаць, найперш настальгічныя пачуцці — па сваёй маладосці, па школьных і студэнцкіх гадах, па масавых урачыстасцях таго часу… Але ведаеце, што ўрэзалася ў памяць? Год 1974-ы, калі я, студэнт першага курса Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, разам з аднакурснікамі ўдзельнічаў у арганізаванай дэманстрацыі на 7-га лістапада. Грамадскі транспарт і пасля яшчэ некалькі гадзін не хадзіў. І вось я разам з іншымі чэрвеньскімі хлопцамі ішоў пехатою з цэнтра Мінска на Партызанскі праспект, каб там злавіць спадарожную машыну і даехаць дадому… А ўвогуле, паўтару вядомае: гісторыя ўмоўнага ладу не церпіць. 7-га лістапада 1917 года — гэта факт, які здзейсніўся, яго не зменіш. Можна толькі мяняць свае адносіны да яго. Дарэчы, у часы нашага дзяцінства і юнацтва (а я прайшоў усе прыступкі тагачасных арганізацый — «акцябронак-піянер-камсамолец-камуніст») уся сістэма, як цяпер мы кажам — ідэалагічная, успрымалася правільнай на ўсе сто працэнтаў. У Чэрвеньскай райсельгастэхніцы я быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, і гэты факт з біяграфіі таксама не выкрасліш…

Ягор НЕВЯРОЎСКІ, вучань 9 класа СШ №2 г.Чэрвеня:

— Пра гэты дзень ведаю з гісторыі. Ён, як нам казалі, цалкам змяніў усё. Людзі былі незадаволены кіраўніцтвам, узроўнем жыцця.  І вось як плуг арэ зямлю, так і яны вырашылі перавярнуць усё зверху ўніз. Скінуць кіраўніцтва, каб простым людзям было жыць лягчэй. Ленін загадаў аддаць фабрыкі — рабочым, зямлю — сялянам, да ўлады прыйшлі бальшавікі. Я нядаўна прыехаў з касмічнай змены расійскага дзіцячага лагера «Арляня», там нам пра гэта падрабязна распавядалі. Яшчэ я чытаў пра Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі ў расійскіх кнігах, а вось у Беларусі такіх для майго узросту чамусьці мала. А я, увогуле-то, цікаўлюся гісторыяй. Нават люблю глядзець фільмы пра рэвалюцыю, праўда-праўда! Мне здаецца, такое свята павінна застацца на сваім месцы і пад такой жа назвай, бо ўсе ж падзеі адбыліся менавіта ў гэты дзень. Для мяне 7-га лістапада, я б сказаў, не проста выхадны, а памятны выхадны…

Распытвала і занатоўвала Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *