ЧЭРВЕНЬШЧЫНА ЎШАНАВАЛА ЛЕПШЫХ ПРАЦАЎНІКОЎ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ І САЦЫЯЛЬНАЙ СФЕРЫ

Общество

Гэтага свята няма ў календары дзяржаўных урачыстасцей. Але кожны год усе калектывы раёна з нецярпеннем чакаюць яго — дня падвядзення вынікаў работы ва ўсіх галінах, каб ушанаваць тых,  хто ўнёс свой дастойны ўклад у агульныя дасягненні раёна. Вось і ў мінулую пятніцу Раённы цэнтр культуры і адпачынку гасцінна расчыніў дзверы і запрасіў на традыцыйны для Чэрвеньшчыны, як яго называлі  многія дзесяцігоддзі, злёт перадавікоў. Самыя старанныя, працавітыя і  шчырыя людзі прадстаўлялі свае калектывы на гэты мерапрыемстве.  Перад яго пачаткам ў фае была разгорнута выстава прадукцыі перапрацоўчай прамысловасці, сельгасарганізацый, райспажыўтаварыства, Цэнтра дзіцячай творчасці. Шматлюдна было літаральна ля  кожнага стэнда. Асаблівую  ўвагу прыцягвала  выстава з караваямі  сельгасарганізацый Чэрвеньшчыны. Удзельнікі мерапрыемства, запрошаныя госці ўважліва аглядалі экспанаты, дэгуставалі пачастункі і яшчэ раз ўпэўніваліся ў тым, наколькі багата чэрвеньская зямля працалюбівымі і таленавітымі людзьмі.

У зале гучала музыка, якая падтрымлівала святочны настрой удзельнікаў свята, на экране дэманстраваўся  відэафільм аб дасягненнях Міншчыны і Чэрвеньшчыны.

Пасля ўручэння традыцыйнага каравая з ураджаю мінулага года старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Івану Пятровічу Муха, ён адкрыў урачыстасць. Павіншаваў усіх са святам, выказаў словы падзякі хлебаробам, кіраўнікам гаспадарак, настаўнікам, урачам — усім, хто ўнёс дастойны ўклад у развіццё раёна, за адданасць сваей справе, майстэрства, стараннасць, высокі прафесіяналізм, адказнасць за даручаную справу.

— Сёння перад грамадствам, — сказаў ён, — існуе самая маштабная задача — зрабіць рашучы крок ва ўсіх галінах  і сферах дзейнасці. І цяпер ад прадстаўнікоў любой прафесіі  патрабуецца  быць не толькі выканаўцамі, а і сапраўднымі гаспадарамі свайго лёсу, творчымі і энергічнымі людзьмі. Бо толькі ад нас з вамі залежыць якасць нашага жыцця. Таму неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб усё, што запланавана на гэты год, было выканана, і Чэрвеньшчына стала адным з паспяховых раёнаў  Міншчыны.

рыемна, што здабыткі жыхароў раёна дастойна ацэнены і на ўзроўні вобласці. З працоўнай перамогай вітаў пераможцаў першы намеснік старшыні  камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню  Мінскага аблвыканкама Васіль Аляксандравіч Раманаў. Ён уручыў Ганаровыя граматы — за плённую, добрасумленную працу, прафесіяналізм,  значны ўклад  у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна  ўрачу-хірургу, загадчыку аддзялення хірургіі  ўстановы аховы здароўя»Чэрвеньская раённая бальніца»  Аляксандру Фядосавічу Доўгачу, машыністу экскаватара ААТ «ПМК-8»  Міхаілу Мікалаевічу Вінцэнтовічу, начальніку цэха  ЧУП «Чэрвеньскі гароднінасушыльны завод» Ліліі Міхайлаўне Усцінавай, за дасягненне высокіх вынікаў у сельгасвытворчасці — дырэктару ААТ «Валевачы» Пятру Міхайлавічу Малахаву, трактарысту-машыністу сельгаспрадпрыемства ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс» Аляксандру Пятровічу Канапельку, трактарысту-машыністу ААТ «Запольскае» Генадзю  Віктаравічу Чэркасу, аператару машыннага даення філіяла «Агра-Бокс Заатэх» СП «Унібокс» ААТ Зоі Муртазаліеўне Курбанавай.

Праца некаторых працаўнікоў сельскай гаспадаркі  была таксама адзначана і Мінскім абласным  камітэтам прафсаюза  работнікаў аграпрамысловага комплексу.  За асабісты ўклад  у развіццё прадпрыемства, актыўнае ўзаемадзеянне  з прафсаюзнай арганізацыяй па абароне сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў  работнікаў Ганаровай граматай узнагароджаны  дырэктар ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс» Станіслаў Адамавіч Альшэўскі, Удзячнасцямі — упраўляючы філіяла ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод» падсобнай сельскай гаспадаркі «Дамавіцкі» Васіль Уладзіміравіч Братчэня, інжынер  па ахове працы, старшыня прафсаюзнага камітэта КСУП «Ганута-Агра» Людміла Іванаўна Міколенка, аператар машыннага даення ААТ «Лядзенскі» Надзея Васільеўна Бебешка. Гэтыя ўзнагароды яны атрымалі ад старшыні Мінскага абласнога  прафсаюза  работнікаў АПК Андрэя  Юзэфавіча Някрэвіча, які павіншаваў усіх з раённым святам і таксама пажадаў чэрвеньцам далейшых поспехаў у працы.

Затым на сцэну падымаліся пераможцы раённага спаборніцтва сярод сельгасарганізацый, вытворчых прадпрыемстваў, сацыяльнай сферы і сферы паслуг, будаўніцтва, сельвыканкамаў, лепшыя па прафесіі (іх імёны змешчаны ў папярэднім нумары газеты). Яны ўзнагароджваліся Ганаровымі дыпломамі райвыканкама і грашовымі прэміямі. Асаблівыя словы прызнання прагучалі  ў гэты дзень Благачыннаму Чэрвеньскага раёна настаяцелю Свята-Георгіеўскай царквы г.п.Смілавічы пратаіерэю Валяр»яну Бугаенку, які атрымаў з рук старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Івана Муха Удзячнасць за значны асабісты ўклад у справу станаўлення хрысціянскай свядомасці, захаванне маральна-духоўных традыцый, сямейных каштоўнасцяў  жыхароў Чэрвеньскага раёна. А таксама тым, чые лёсы навечна звязаны з гісторыяй нашага города і чые імёны праславілі Чэрвеньшчыну  далёка за яе межамі — чэмпіёнцы паралімпійскіх гульняў, Ганаровага грамадзяніна раёна Людміле Валчок і камандзіру касмічнага карабля  Алегу Навіцкаму. Яны, у сваю чаргу, з экрана па відэароліку павіншавалі прысутных са святам і пажадалі дасягнення новых працоўных перамог. Дарэчы, у ліку шаноўных гасцей на ўрачыстасць была запрошана і маці касманаўта Валянціна Эдуардаўна Навіцкая. Ёй разам са словамі ўдзячнасці за свайго сына ўручаны кветкі і каштоўны падарунак.

Каштоўныя падарункі раён атрымаў ад адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска, з якім шмат гадоў працягваецца дзелавое супрацоўніцтва, а таксама ад аднаго з інвестараў — гарадского малочнага завода №1 г. Мінска.

На працягу ўсёй святочнай праграмы гледачоў радавалі сваімі выступленнямі артысты раённага цэнтра культуры і адпачынку, дзіцячай Школы мастацтваў, Грабёнскага дома культуры. Незабыўныя ўражанні выклікала выступленне танцавальнага калектыву Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

… Свята закончылася, але верыцца, што зарад добрага настрою, яркіх эмоцый, якія атрымалі ўдзельнікі ўрачыстасці, перадасца ўсім жыхарам Чэрвеньшчыны.  Гэта будзе натхняць на яшчэ большыя працоўныя дасягненні.

Людміла РАБЕЦКАЯ.   Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *