Вопыт. Воля. Перамога!

Спорт

У спартыўнай зале Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя завяршыўся адкрыты чэмпіянат горада па міні-футболу. Удзел у аднакругавым турніры бралі сем калектываў. Гэта каманды «Будаўнік»,  «Энергетык», «МНС», «Вуліца Барыкіна», гаспадары пляцоўкі, калектыў аматараў футбола «Смілавічы» і ветэраны чэрвеньскага футбола.

Каманда "Ветэран" - чэмпіён Чэрвеня па міні-футболу.

Пасля чатырох гульнявых дзён толькі футбалісты «Вуліцы Барыкіна» абышліся без страт ачкоў: пяць матчаў — пяць перамог. Гэта давала ім выдатны шанц датэрмінова стаць чэмпіёнамі. Дастаткова было здабыць хаця б адно ачко ў заключным матчы з камандай «Ветэран». Аднак ветэраны, прадэманстраваўшы зайздросныя валявыя якасці, вырвалі ў саперніка перамогу — 3:2. Такі паварот падзей аднавіў інтрыгу ў чэмпіянаце. Цяпер ужо «Ветэран» займеў перспектыву стаць першым. Для гэтага яму трэба было перамагаць у двух матчах, што засталіся. Так у выніку і атрымалася. Спачатку ветэраны адолелі «Будаўнік» — 3:2, а потым на апошніх секундах гульні прымусілі капітуляваць МНС — 5:4.

Такім чынам, «Ветэран», набраўшы 16 ачкоў, стаў чэмпіёнам Чэрвеня. На другім месцы — футбалісты «Вуліцы Барыкіна», на трэцім — калектыў аматараў футбола «Смілавічы».

За пераможцаў спаборніцтваў гулялі Юрый і Валерый Пятроўскія, Уладзімір Тарасік, Ігар Філічонак, Міхаіл Тарасік, Ігар Бурмістронак і Уладзімір Мажароўскі.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

Вынікі матчаў:

«Будаўнік» — «Будаўнічы ліцэй» — 8:2, «Смілавічы» — «Энергетык» — 9:1, «Будаўнічы ліцэй» — «Смілавічы» — 3:7,  «Энергетык» — «Будаўнік» — 6:9, «Энергетык» — «Вуліца Барыкіна» — 3:7, «МНС» — «Будаўнік» — 6:4, «Будаўнік» — «Вуліца Барыкіна» — 4:13, «МНС» —  «Энергетык» — 6:5, «Будаўнічы ліцэй» — «Ветэран» — 7:7, «Смілавічы» — «Вуліца Барыкіна»- 2:3, «»Ветэран» — «Смілавічы» — 7:4,  «Вуліца Барыкіна» — «Будаўнічы ліцэй» — 8:3, «МНС» — «Будаўнічы ліцэй» — 10:1, «Ветэран» — «Энергетык» — 9:2, «МНС» — «Вуліца Барыкіна» — 5:8,  «Ветэран» — «Вуліца Барыкіна» — 3:2, «Ветэран» — «Будаўнік» — 3:2, «Энергетык» —  «Будаўнічы ліцэй» — 6:3, «Смілавічы» — «Будаўнік» — 7:4, «Ветэран» — «МНС» — 5:4, «Смілавічы» — «МНС» — 10:8.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *