Вераніка МАСТОЎСКАЯ НА БАРЦОЎСКАЙ ВЯРШЫНІ!

Спорт

Напрыканцы кастрычніка выхаванка Чэрвеньскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Вераніка Мастоўская стала пераможцай першынства Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе сярод дзяўчат 1996-97 гадоў нараджэння ў вагавой катэгорыі 70 кілаграмаў. Па вяртанню з Пінска, дзе праходзілі спаборніцтвы, спартсменка і яе трэнер Валерый Баторшын далі інтэрв’ю «Раённаму весніку».

Вераніка МАСТОЎСКАЯ:

«КАБ ЗАЙМАЦЦА БАРАЦЬБОЙ, ДАВЯЛОСЯ КІНУЦЬ ТАНЦЫ…»

— Вераніка, якія ўражанні засталіся ад пераможных для цябе спаборніцтваў і што дапамагло стаць першай?

— Спаборніцтвы ў Пінску прайшлі на высокім узроўні. Перамогай я, канешне ж, абавязана сваім трэнерам, а таксама бацькам, якія мяне падтрымліваюць.

Думаю, што стаць першай дапамагло вялікае жаданне перамагчы ў фінале саперніцу, якой я раней увесь час прайгравала. Шчаслівая, што змагла адолець яе.

— Ты жывеш далекавата ад Чэрвеня, у вёсцы Барсукі. Цяжка дабірацца на трэніроўкі?

— Я ў Чэрвені вучуся ў школе, таму спецыяльна ездзіць на трэніроўкі не трэба. Выпраўляюся туды пасля ўрокаў. А потым ці добрыя людзі пазвозяць дахаты, ці на аўтобусе дабіраюся.

— Як і чаму ты вырашыла займацца вольнай барацьбой?

— Бацькі прывялі мяне ў спартыўную школу разам з малодшым братам, каб я загартоўвала свой вельмі ўжо мяккі характар (смяецца). Брат з-за праблем са зрокам не змог хадзіць на барацьбу, а я засталася. Напачатку яшчэ і танцамі займалася, але потым давялося выбіраць. Я выбрала барацьбу. Займаюся ёй ужо чацвёрты год. Трэніруюся штодня, акрамя нядзелі, па паўтары-дзве гадзіны.

— А дома ёсць умовы для трэніровак?

— А як жа (смяецца)! Дзякуючы тату, у мяне ёсць і штангі, і трэнажоры.

— Ці бывае, што плачаш, калі прайграеш, або нешта не атрымліваецца?

— Бывае. І даволі часта…

— Гэта тое, над чым яшчэ трэба працаваць?

— Так (смяецца).

Валерый БАТОРШЫН:

«ГЭТАЯ ПЕРАМОГА АДКРЫЛА НАМ ШЛЯХ ДА ЕЎРАПЕЙСКІХ І СУСВЕТНЫХ СПАБОРНІЦТВАЎ»

— Валерый Іванавіч, як ацэньваеце выступленне сваёй выхаванкі на першынстве Беларусі?

— Так атрымалася, што мы прыехалі ў Пінск за два дні да пачатку турніру. Чакаць — гэта даволі цяжка для згонкі вагі і псіхалагічнай падрыхтоўкі. Але ўдалося правільна сфарміраваць рэжым харчавання і адпачынку, таму да спаборніцтваў падышлі ў добрай форме.

У фінале Вераніка сустракалася з саперніцай, якой заўсёды прайгравала. Прычым, прайгравала з-за ўласных памылак. Гэтым разам яна выступіла беспамылкова і ўпэўнена перамагла на тушэ.

Тэхнічна Вераніка правяла фінальную схватку выдатна, з добрымі рухамі. Я заўважыў, што ў яе павысілася трываласць, якая раней была слабым бокам у падрыхтоўцы.

— А ўвогуле, разлічвалі на поспех?

— Пра гэта не думалі. Галоўнай задачай было ўмацаваць псіхалагічныя і валявыя якасці Веранікі.

— Перамога на першынстве Беларусі — салідны вынік…

— …Так! Дзякуючы гэтаму, нам цяпер адкрыўся шлях да еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў. Вераніцы засталося паспяхова выступіць на рэспубліканскіх Алімпійскіх днях моладзі наступнай вясной. Да гэтага плануем узяць удзел у двух-трох міжнародных турнірах за межамі Беларусі.

— Трэніровачныя нагрузкі цяпер павялічацца?

— Безумоўна. Зараз давядзецца трэніравацца ўдвая больш. Вераніка займаецца ў Чэрвені, але сёлета мы яе афіцыйна залічылі ў абласную Школу вышэйшага спартыўнага майстэрства, у групу, з якой я працую. Зрабілі гэта для таго, каб мець фінансаванне падчас выезду на зборы і спаборніцтвы.

— Якія якасці ўласцівыя Вераніцы як спартсмены і чалавеку?

— Адказнасць. Паважлівыя адносіны да трэнераў. Раней у Веранікі характар быў вельмі мяккім, цяпер з’яўляецца спартыўная злосць, без якой у барацьбе немагчыма. Яна свядома ахвяруе некаторымі «радасцямі жыцця», накшталт сядзення за камп’ютарам, дзеля высокіх дасягненняў у спорце. Да такіх выхаванцаў я заўсёды стаўлюся з душою і павагай.

Ігар АДАМОВІЧ

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *