Валянціна Эдуардаўна НАВІЦКАЯ: «НОЧ ПАСЛЯ СТАРТУ ПРАВЯЛА БЕЗ СНУ…

Общество

Сустрэцца са мной Валянціна Эдуардаўна Навіцкая, матуля майго аднакласніка Алега, нашага чэрвеньскага касманаўта, пагадзілася адразу ж. Гасцінна запрасіла да сябе. І атрымалася ў нас нават не інтэрв’ю, а задушэўная гутарка даўжынёй не ў адну гадзіну. Былі тут успаміны пра Алега-нованароджанага, школьніка, курсанта, лётчыка, кандыдата ў касманаўты… Шчырыя мацярынскія пачуцці… Нетаропкае разглядванне шматлікіх фотаздымкаў з сямейных альбомаў… Духмяная гарбата, прывезеная  старэйшым сынам… І так  ясна  ўяўляўся  Алег  у розныя перыяды свайго жыцця, быццам бы не ў далёкім космасе ён знаходзіўся ў гэты момант, а побач. Са сваёй  непаўторнай абаяльнай усмешкай, шчырасцю ў гутарцы…

Сёння да вашай увагі, шаноўныя чытачы, мы прапаноўваем  першае інтэрв’ю з серыі.  І пачнецца яно не з далёкіх успамінаў, а з падрыхтоўкі да старту, палёту, стыкоўкі… З усяго таго, што яшчэ так добра памятаецца не толькі матулі касманаўта і яго блізкім, сябрам, але і ўсім чэрвеньцам…

— Валянціна Эдуардаўна, раскажыце, калі ласка, як Вы даведаліся пра сам момант старту. Глядзелі дзе-небудзь у прамым эфіры?

— Так. Мяне запрасіў стрыечны брат Алега, дырэктар камунгаса Ігар Навіцкі. Ён прыехаў, мяне забраў. «Вы тут, — кажа, — нічога не знойдзеце па свайму тэлевізару». А ў яго — камп’ютар. Вось мы з самага пачатку ўсё і глядзелі. Вельмі засталося ў памяці, калі пад’ехаў аўтобус і пачалі выходзіць касманаўты… Бачыла я, як экіпаж заходзіў у карабель — свой часовы дом. Пасля — як касманаўты сядзелі ў крэслах. Чула пазыўныя: «Казбек, Казбек, прыём!»  А калі пачула, што экіпаж да старту гатовы, дык за слязьмі, можна сказаць, не бачыла ўжо нічога… Толькі згледзела, як паімчала ракета сыночка да зор (плача)

— Думаю, Вы былі не адзінокія ў сваіх пачуццях…

— Я гэта адчувала. Бо калі прыйшла дахаты, тэлефон не змаўкаў. Многіх я нават не ведаю! Але ўсе віншавалі і жадалі толькі дабра. Гэта была такая падтрымка…

— Сапраўды, гэта ж не толькі хвалююча і перажывальна, але яшчэ і радасна! Алег спраўдзіў сваю мару!

— Ну канешне! Ён доўга і цяжка да яе ішоў, усяго дабіваўся сам…

— Жонка Алега Юлія Вам  таксама патэлефанавала пасля старту?

— Канешне! Яна ж на Байкануры ў гэты момант была. Сказала, што старт адбыўся, што ўсё прайшло вельмі добра. Я кажу: «Юлечка! Я ўсё бачыла, таму хаця б крыху ўяўляю, што гэта такое…»

— Ну і, мусіць, крышачку супакоіліся…

— Крышачку. Але ўсё роўна ноч была без сну…

— Пра што думалі?

— Прыгадвала дзяцінства Алега. Села, пачытала яго лісты, пачынаючы з першага курса лётнага вучылішча і да паловы трэцяга. Бо пасля вельмі рэдка пісаў, часцей тэлефанаваў: «Мама, часу няма на пісаніну! Я коратка раскажу. Так будзе хутчэй…»

— Старт Алега і яго экіпажа некалькі разоў пераносіўся. Што Вы тады адчувалі? Вам хацелася, каб ён даўжэй пабыў на Зямлі ці каб хутчэй паляцеў?

— Не, такіх думак, каб старт яшчэ пераносіўся, у мяне не ўзнікала. Хаця трывожна было. А яшчэ я разумела маральны стан сына. Вось ён быў настроены на адно чысло, сканцэнтраваўся з экіпажам цалкам… І тут — адбой. Я ўяўляю, што ён адчуваў. Але паколькі праблемы былі тэхнічныя, трэба было крыху счакаць…

— Валянціна Эдуардаўна, а Вам самой хацелася паляцець на Байканур і адтуль назіраць за стартам?

— Я б, можа, і хацела, але… Алегу я сказала: «Сынок, ты распараджайся намі так, як табе зручна. Як ты хочаш… Хто паляціць на Байканур, а хто — на стыкоўку…» Гляджу, яму не дужа хочацца, каб я прысутнічала на Байкануры. Сказаў, што там высокая тэмпература. А пасля паведаміў, што параіўся дома з жонкай, і яны вырашылі: мамы і мая дачка, сястра Алега Марына, прыедуць на стыкоўку ў Цэнтр кіравання палётамі, а на Байканур паляціць Алегаў брат Дзіма. І калі мой малодшы сын, вярнуўшыся адтуль, казаў, што плакаў…  Дык я ўяўляю, што было б са мной… Там бы сэрца не вытрымала…

— Так што Алег і тут усё прадумаў, пра Вас паклапаціўся…

— Малайчына, усё зрабіў разумна. На стыкоўцы побач з намі былі касманаўты, якія ўжо лёталі. Яны нас так падтрымлівалі… Мяне вельмі ўразіў Цэнтр кіравання палётамі. Зала, куды нас запрасілі, вельмі прыгожая, але трымаешся там насцярожана. Усё на прыборах мудрагелістых. А ўвогуле, памяшканне мне нагадала… тэатр. Спецыялісты сядзяць ніжэй, паўкругам. Усе за камп’ютарамі, працуюць па інструкцыі. А экран вышэй, на ўсю сцяну. Было бачна, як рухаецца па сваёй арбіце Міжнародная касмічная станцыя (МКС). А пасля і карабель пад камандаваннем Алега пачаў да яе набліжацца. Было так трывожна… Затым мы пачулі шчаўчок — стыкоўка адбылася!

— І там павінны былі сказаць: «Есть касание!»

— Так, пачулі і гэта. Дарэчы, на стале ў кожнага ляжала вось такая праграмка. Бачыце, тут уся стыкоўка па хвілінах, у падрабязнасцях. І яшчэ нам усё тлумачыў касманаўт, Герой Расіі Сяргей Волкаў. Сказаў, што з’яўлення касманаўтаў пасля стыкоўкі трэба пачакаць, бо ў бытавым адсеку яны павінны пераапрануцца, зняць скафандры, прасушыць іх, надзець камбінезоны, у якіх яны ўжо з’яўляліся на МКС… Мы такую падтрымку ад Волкава атрымлівалі… Дай яму Бог здароўя!

— І якімі былі адчуванні, калі Вы назіралі за момантам пераходу Алега і яго калег з касмічнага карабля на МКС?

— Я ўбачыла, што Алег «уплыў» жывы, дзякуй Богу! Вось гэтая думка была першай: «Жывы!» А пасля мы ж маглі з ім яшчэ і пагаварыць… Я  такога не магла нават сабе ўявіць! Убачыла сына, а ён яшчэ і гаварыць будзе! На такой адлегласці ў некалькі сотняў кіламетраў! Калі Алег быў дома, ён патлумачыў, якім чынам будзе ладзіцца сувязь са станцыяй. Трэба не спяшацца размаўляць. Секунд 5 даць, каб інфармацыя дайшла, а тады дачакацца адказу. І мы гэта стараліся выконваць…

— Пра што пыталіся, Валянціна Эдуардаўна?

— Канешне ж, пра здароўе! А першае, што зрабіў Алег, — памахаў нам усім рукой. Хаця ён нас не бачыў, а мы яго бачылі. Крыху, канешне, у яго твар змяніўся. Але ён адразу сказаў: «Гэта часовая з’ява, не звяртайце ўвагі». І рукамі паказаў. Ну канешне, такія перагрузкі, такі ціск… А ўсмешка з твару ўсё роўна не сыходзіла! Як жа мне было радасна, што роднае аблічча ўбачыла!

— І як доўга размаўлялі?

— Нядоўга. Бо і ім было цяжка, трэба ж адаптавацца, размеркавацца. Але кожны з нас змог хаця б па аднаму пытанню задаць. Вось брата Алег пастаянна заве «Дзімон». Ён і сказаў: «Алег, прывітанне! Гэта я, Дзімон!»

— Ой, гэты момант і я чула ў прамым эфіры! (смяёмся)

— І тады Алег пачаў махаць яму рукой. Пачуў, маўляў, зразумеў…  Часу мала было, бо з Жэнем Тарэлкіным яго родныя размаўлялі, да Кевіна Форда прыехалі таксама…

— І гэта быў адзін сеанс сувязі?

— Не, у другі дзень быў яшчэ адзін, калі Алег нас  бачыў таксама. Нас запрасілі ў іншае памяшканне Цэнтра кіравання палётамі, там экран меншы. Мы былі — Марына, Дзіма, я, жонка Алега Юлія, дачка Яна, сястра нявесткі з мужам… Сем чалавек усяго. А да гэтага Алег патэлефанаваў на мабільны Юлі. Яна ўключыла гучную сувязь, і так добра было чуваць… Нават лепей, чым у Цэнтры кіравання палётамі, бо тут толькі наладжвалі сувязь. І работнікі Цэнтра кіравання палётамі прыходзілі і прасілі прабачэння за гэта. Алег сказаў, што ў наступны раз усё будзе нашмат лепш.

— А наступны раз — гэта калі?

— Нам як замежнікам цяпер месяц трэба афармляць дакументы, каб зноў туды трапіць. А Юля, жонка, будзе кожны выхадны мець з Алегам стасункі.

— І як Вы паразмаўлялі другі раз?

— Ну, спакайней, і часу пабольш. Ужо тут Алег нас бачыў, трэба было трымацца. Але ён усё роўна згледзеў мае мокрыя вочы і сказаў: «Так! Са мной не плакаць! У мяне ўсё добра! Глядзі — усё добра. Вось якое памяшканне…» А ён быў у тым адсеку адзін. Сапраўды, памяшканне вялікае. Я прыгадваю, як раней лёталі. Бачыла ж крэсла Гагарына ў музеі. Дык там толькі седзячы туды-сюды злётаць, працаваць жа ў такіх умовах не будзеш. А ў Алега на МКС усё вольна…

— Было бачна, што ён у бязважкасці?

— Канешне! Калі яму хацелася штосьці паказаць рукой, мікрафон «уплываў». Ён пачынаў яго лавіць. Пакуль не прывык «плаваць». Я спыталася: «А дзе складаней? На трэнажорах ці на МКС у бязважкасці?» Ён адказаў, што на станцыі ўсё больш натуральна, але і складана. Я пытаюся: «Ты еў што-небудзь?» Ён адказаў: «Так. Але не хатняя ежа…» Што ён яшчэ казаў… Спыталася: «Як выглядаюць зоркі?» Сын сказаў, што нашмат ярчэй. А вакол — пустата, беспаветраная прастора, усё чорнае… А калі яны з боку Сонца, тады добра бачна Зямля ў ілюмінатары…

— Чэрвень не бачыў? Не пыталіся?

— Сказаў, што пралятаюць над Італіяй. Паабяцаў сфатаграфаваць Беларусь, і, калі атрымаецца, — Чэрвень. Па магчымасці, будзе ўсё рабіць для таго, каб зямляне ўбачылі тое, што бачыў ён, хаця б на фота…

— Валянціна Эдуардаўна, а што Вы адчуваеце зараз, апрача трывогі?

— Радасць! Вельмі радасна, што ў космас паляцеў трэці беларус, пасля Клімука і Кавалёнка. І што гэта — мой сын. Ён працягвае іх традыцыі, да якіх заўсёды ставіўся і ставіцца з павагай.

— Якія газеты Вы чытаеце цяпер?

— Ой, усе, дзе пішуць пра палёт Алега! Мне суседзі прыносяць, хто што выпісвае. Ну, а найперш, канешне ж, «Раённы веснік».

— І якія ўражанні ад прачытанага?

— Мне не верыцца, што гэта мой сын! Ганаруся, што менавіта на беларускай, на чэрвеньскай зямлі вырас такі хлопчык.

— А за сябе гонар? Што мама з татам такога вырасцілі?!

— Ну, тут жа не толькі мы з мужам расцілі… Мама з татам далі жыццё… Затым былі яслі, садок, школа, іншыя вучэбныя ўстановы… Усе «ляпілі» добрага, мэтанакіраванага, адказнага, сумленнага чалавека… Вось і атрымаўся ў нас касманаўт!

Гутарыла Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *