Плённая праца дастойна адзначана

Общество

На Чэрвеньшчыне заўжды ў пашане людзі, чыімі рукамі апрацоўваецца зямля і вырошчваецца хлеб. Яна здавен славіцца рупліўцамі, жыцці якіх непарыўна звязаны з сельскай гаспадаркай. Гэтыя людзі з году ў год шчыруюць у гаспадарках раёна, каб забяспечыць харчовую бяспеку краіны.

Усталявалася традыцыя    напрыканцы сельскагаспадарчага года ўшаноўваць тых, хто ў гарачыню і непагадзь, з раніцы да цямна самааддана працаваў на хлебнай ніве дзеля  дабрабыту нашай краіны. Сёлетняя ўрачыстасць, прысвечаная прафесійнаму святу працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, што адбылася на мінулым тыдні, пачалася ўшанаваннем пераможцаў-тысячнікаў.

Кранальныя словы падзякі і віншавання, а таксама грашовыя прэміі ад раённага выканаўчага камітэта  32-м экіпажам зернеўборачных камбайнаў і 35-ці вадзіцелям уручыў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Малахаў.

Затым свята працягвалася ў раённым Цэнтры культуры і адпачынку, дзе перад ўваходам разгарнулася выстава прадукцыі  сельскіх працаўнікоў  гаспадарак раёна, а таксама разнастайных  прысмакаў, прыгатаваных  руплівымі вясковымі гаспадынямі, якімі яны  ахвотна частавалі жадаючых.

…З першымі акордамі   музыкі сцішылася ў зале ажыўленая  гамонка. Са сцэны прагучалі пранікнёныя словы вядучай: пра хлеб, які заўсёды  будзе сімвалам дабрабыту, пра нялёгкую працу хлебаробаў і іх нястомныя рукі. Затым слова ўзяў старшыня раённага выканаўчага камітэта Іван Муха.

Ён падзякваў усім, хто працуе на зямлі, вырошчвае хлеб і гародніну, забяспечвае прыбаўку прадукцыі жывёлагадоўлі, за стараннасць і высокую адказнасць.

Іван Пятровіч шчыра павіншаваў вяскоўцаў, пажадаў ім здароўя, дабрабыту і новых працоўных дасягненняў.

Кранальныя сардэчныя словы прагучалі ў гэты дзень і ад гасцей, запрошаных на свята:  кіраўніка адміністрацыі горада Юбілейны Маскоўскай вобласці — пабраціма Чэрвеня — Валерыя Кірпічова, начальніка ўпраўлення ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінаблвыканкама Аляксандра Глінскага. Акрамя цёплых слоў удзячнасці, прадстаўнік Мінаблвыканкама ўручыў Ганаровыя граматы за добрасумленную працу і асабісты ўклад  у развіццё аграпрамысловага комплексу  аператару па адкорму буйной рагатай жывёлы ААТ «Валевачы» Алене Лісіца, аператару машыннага даення КСУП «Натальеўск» Наталлі Пархомчык, аператару  свінагадоўчага комплексу ЗАТ «Турэц» Тамары Няпеўнай, галоўнаму аграному  КСУП «Ганута-Агра» Ларысе Сінкевіч. Ганаровыя граматы, каштоўныя падарункі і кветкі лепшыя з лепшых атрымалі  ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Івана Муха, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Малахава,  начальніка аддзела па справах моладзі Таццяны Нагорнай. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Сакалоўская ўручыла  Ганаровую грамату Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза дырэктару  КСУП «Эксперыментальная база «Натальеўск» Алене Махнач  за шматгадовую  добрасумленную  працу, высокі прафесіяналізм і сацыяльнае партнёрства; удзячнасць ад Мінскага абкама прафсаюза  трактарысту-машыністу ААТ «Лядзенскі» Віктару Бурымскаму, тэхніку-асемянатару ААТ «Крыніца Ігуменшчыны» Людміле Запрудскай, намесніку дырэктара па вытворчасці, старшыні прафкама  Мінскай доследнай станцыі Ігару Забаронку, удзячнасці ад райкама прафсаюза работнікаў АПК — начальніку цэха ААТ «Турэц» Алене Лізура, цялятніцы філіяла  «Аграбокс» ААТ «Унібокс» Тамары Бандарэнка і аператару машыннага даення ААТ «Раванічы» Аксане Кадун. Іх, а таксама ўсіх, хто  падымаўся падчас урачыстасці на сцэну, каб атрымаць  заслужаныя ўзнагароды, віталі прысутныя шчырымі апладысментамі.

Асаблівая ўдзячнасць прагучала ў гэты дзень і  ветэранам сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама  прадстаўнікам маладога пакалення, якія адпрацаваўшы пасля заканчэння сельгасустаноў два гады, засталіся працаваць  у гаспадарках. Словы ўдзячнасці бацькам за выхаванне, краўнікам гаспадарак за цярпенне і клопат прагучалі ад імя маладых спецыялістаў:

— На нас з надзеяй глядзяць бацькі і тыя, хто ўклаў сваю шматгадовую працу ў развіццё раёна. Мы ўсведамляем адказнасць і важнасць тых задач, якія кладуцца на нашы плечы і запэўніваем, што будзем дастойнымі вашых працоўных подзвігаў.

Яркае, каларытнае свята, якое шчыра славіць чалавека працы і дзячыць за плён, завяршылася цудоўным канцэртам з удзелам самадзейных артыстаў раёна і  Чэрвеньскай школы мастацтваў.

Людміла РАБЕЦКАЯ.

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ

 

На фото

победители районного соревнованиятруженики ОАО «Валевачи»

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *