Яшчэ адзін мастак Парыжскай школы, ураджэнец Смілавіч — Сэм Зарфін

Общество

Карціна Сэма Зарфіна «Улица в Онфлер»

Відаць, аура такая ў маіх родных Смілавічах, што тут нараджаецца шмат мастакоў. Пра адных ведаюць толькі сябры і знаёмыя, пра іншых — увесь свет.

Неяк старшыня нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны паказаў вялізную кнігу з каляровымі ілюстрацыямі, выдадзеную ў Парыжы. Яна называлася «Хаім Суцін». Божа мой, гэта ж мой знакаміты зямляк Суцін, хата якога знаходзілася праз вуліцу ад нашай!

Ад У.Шчаснага даведаўся, што сярод знакамітых мастакоў «Парыжскай школы» быў не толькі смілаўчанін Хаім Суцін, але і яго зямляк Сэм Зарфін.

Пра Сэма Зарфіна загаварылі нядаўна. Яго сапраўднае імя Шрага Файбіш Зарфін (1899-1975). Ён нарадзіўся ў заможнай яўрэйскай сям»і ў Смілавічах на шэсць гадоў пазней Хаіма Суціна. Бацька будучага вялікага мастака быў адукаваным чалавекам, меў сваю скураную майстэрню. Любіў чытаць творы Івана Тургенева і Льва Талстога. Малюнкі сына з пейзажамі Волмы, старадаўняга парка, велічнага палаца Манюшкаў-Ваньковічаў падабаліся бацькам. Таму бацька не пашкадаваў грошай, каб даць сыну адукацыю ў Вільні ў 1913 годзе ў Акадэміі выяўленчага мастацтва. У гэты час там вучыліся будучыя мастакі Парыжскай школы Суцін, Кікоін і Крэмень.

У 1914 годзе Шрага эмігрыраваў у Палестыну. Жыццё яўрэяў у гэтай краіне было нялёгкім. Каб неяк выжыць у складаных матэрыяльных умовах, Шрага паступіў у 1918 годзе на афіцэрскія курсы Брытанскай арміі, у якой служыў да 1920 года. У 1916 годзе Зарфін працягваў вучыцца маляваць у Іерусалімскім універсітэце. Будучы студэнтам, удзельнічаў у мастацкай выставе ў Іерусаліме.

Працягваў мастацкую адукацыю Зарфін у 1923 годзе ў Берлінскім універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Макса Лібермана.

З 1925 па 1940 годы сістэматычна выстаўляў свае карціны ў салоне «незалежных»…

Атрымаўшы французскае грамадзянства, у 1935 годзе Зарфін пераехаў у Парыж, дзе працаваў мастаком па тканінах. Па яго эскізах з 1933 па 1938 годы ў Доме мадэлей шылі сукенкі высокай моды.

Смілаўчане Суцін і Зарфін зноў сустрэліся ў Парыжы ў 1939 годзе. Убачыўшы малюнкі земляка, Хаім параіў Шрагу Зарфіну цалкам заняцца маляваннем.

Пачалася Другая сусветная вайна. Зарфіна мабілізавалі ў французскую армію. Сям»я яго ў гэты час знаходзілася ў правінцыі. Гаспадар дома, у якім здымаў кватэру Зарфін, выкінуў рэчы разам з яго даваеннымі карцінамі і паперамі. Такія вось адносіны некаторых людзей да ўсяго каштоўнага ў жыцці іншага.

Зарфін доўга ўтойваў сваё яўрэйскае паходжанне, але пасля таго, як так званая «Свабодная зона» Францыі была акупіравана немцамі, ён вымушаны быў хавацца ў наваколлі Грэнобля. Там пасля вайны адбылася персанальная выстава Зарфіна.

Праз два гады пасля заканчэння Другой сусветнай вайны мастак пасяліўся ў прыгарадзе Парыжа. Матэрыяльнае становішча сям»і было нялёгкім, бо ўся яго маёмасць знікла ў час вайны. Усё ж Зарфін прыслухаўся да парад Суціна і цалкам прысвяціў сябе  жывапісу. На грошы за прададзеныя карціны пражыць было немагчыма. Дзякуй Богу, матэрыяльна яму дапамагалі сваякі з Амерыкі і розных асацыяцый, а фарбы прысылалі сябры.

У 1950-я гады Зарфін часта бываў у Нармандыі, а ў 1960-я гады гасцяваў у сваёй дачкі і зяця ў невялікай вёсачцы ля гор.

Жыў мастак замкнута, аднак час ад часу ўдзельнічаў у групавых выставах, сустракаўся з калегамі — мастакамі «Парыжскай школы».

У 1955 годзе яму была прысуджана прэмія аднаго з гарадоў Францыі.

Творчасцю Зарфіна пачынаюць цікавіцца сур»ёзныя мастацтвазнаўцы, а работы купляюць калекцыянеры, у тым ліку — амерыканцы і канадцы.

Разбагацеўшы, частку сродкаў ад продажу сваіх палотнаў Зарфін перадае дзіцячым дамам.

Лёс наканаваў яму даволі доўгае жыццё. Памёр Зарфін у 1975 годзе.

Мой добры сябра, настаўнік Яфім Шапіра, неяк сустрэў на яўрэйскіх могілках у Смілавічах унука Сэма Зарфіна — Іва, які нядаўна прыязджаў з Францыі.

Адразу мы вырашылі наведаць Нацыянальны мастацкі музей, дзе экспануюцца з 21 верасня 2012 года да 14 студзеня 2013 года каля сотні карцін мастакоў Парыжскай школы — выхадцаў з Беларусі. Пайшлі ў музей у апошнюю сераду месяца, бо ў гэты дзень пенсіянерам білеты прадаюцца па 50-працэнтнай льготнай цане за 25 тысяч рублёў. Хаця ёсць формула: «Мастацтва для народа», яно —  не матэматыка ці фізіка. Кожны ведае, што двойчы два — гэта чатыры. А карціна мастака — зусім іншая рэч. Розныя людзі бачаць яе па-свойму, таму трэба ўбачыць арыгінал, каб адчуць мімалётныя ўражанні, перажыванні, настроі мастака, укладзеныя ў яго твор.

Шкада, што ў нас заўсёды няма часу, мы ляцім, пераходзячы ад адной карціны да другой  «галопам па еўропам». Кажуць, што ў гэтым сэнсе трэба павучыцца ў японцаў, якія ў музеях могуць правесці цэлы дзень ля якой-небудзь  адной карціны!

Хаця я не мастак, але творы Сэма Зарфіна, убачаныя ў музеі, пакінулі глыбокае ўражанне. Фарбы яго карцін свецяцца бяздонным блакітам нябёсаў, сінявой мора, гараць чырванню заходзячага сонца, і цяпер я здолею іх адрозніць, нават не чытаючы надпісаў пад імі, як, напрыклад «Сабор Парыжскай Богамаці»…

Як бы там ні было, усё ж прыемна ўсведамляць, што ў Нацыянальным мастацкім музеі я ўбачыў, нарэшце, арыгіналы карцін сваіх знакамітых землякоў са Смілавіч — выдатных мастакоў Хаіма Суціна і Сэма Зарфіна.

Каб наведвальнікі музея маглі адчуць атмасферу той эпохі, тут ёсць і кафэ, якое капіруе парыжскую «Ратонду», дзе  любілі збірацца мастакі.  У адной з залаў ёсць старадаўні грамафон, а пасярэдзіне стаіць не менш старадаўні клавесін — папярэднік раяля.

У канцы экскурсіі мы даведаліся, што тут дэманструецца відэафільм «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі». На жаль, пра яго мы даведаліся толькі тады, калі ўжо сабраліся пакінуць залу музея.  Лічу, што гэта недапрацоўка арганізатараў выставы.  Многія аматары высокага мастацтва былі салідарныя з намі і выказвалі меркаванне, што трэба было спачатку праглядзець фільм, а пасля пачаць знаёмства з экспазіцыяй.

…Кожнае лета мы з заміраннем сэрца слухаем бажэственныя спевы салаўя на беразе нашай Волмы, якія натхняюць смілавіцкіх мастакоў, такіх, як мой сябра, мастак, паэт і гісторык Яфім Шапіра. У сямідзесятых гадах ён скончыў Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтва і звыш трыццаці год выкладаў у школах  культуру мастацтва.  Яго работы ўпрыгожваюць фае школ, ёсць у прыватных калекцыях Ізраіля, ЗША, Канады, Германіі.

Неяк мы сядзелі ва ўтульным пакойчыку невялікай прыгожай хаткі Яфіма Шапіры ў Смілавічах. Дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта  Вячаслаў Сасноўскі нават дакрануўся да карціны Яфіма Шапіры «Папараць», каб пераканацца, што перад ім карціна, а не жывая кветка.

У кожнай зямлі ёсць свае тайны. Там, дзе спяваюць салаўі, нараджаюцца мастакі. Імёны адных становяцца сусветна вядомымі, іншых — толькі сябрам. Карціны Хаіма Суціна і Сэма Зарфіна толькі праз дзесяцігоддзі былі ацэнены па-сапраўднаму, і іх імёны сталі вядомыя ўсяму свету. Імёны іншых мастакоў са Смілавіч: Міхаіла Эйга, Аляксандра Дзікага (працаваў мастаком-афарміцелем у Смілавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме), Анатоля Быстрова (працаваў мастаком-афарміцелем у Беларускім дзяржаўным цырку), Яфіма Шапіры, Вячаслава Шыдлоўскага, зведаўшага жахі калымскіх засценкаў, рэабілітаванага, стаўшага заслужаным геолагам СССР, — вядомыя толькі сябрам, знаёмым і вузкаму колу калекцыянераў.

Уладзімір Шулякоўскі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *