ЮБІЛЕІ ПРЫГАДАЛІ І КУПАЛУ ЎШАНАВАЛІ

Общество

Чарговае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь» распачалося рубрыкай «Наш каляндар». Пра 200-годдзе з пачатку французска-расійскай вайны 1812 года ўзгадаў старшыня клуба Уладзімір Дарагуж, 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, навукоўца, гісторыка Пятра Хатулёва — бібліятэкары. Пасля ўсіх запрасілі ў літаратурна-музычную гасцёўню «З песні пачынаецца Купала», прысвечаную 130-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.

Мерапрыемства пачалося з песні ў гонар паэта ў выкананні Анатоля Ярмоленкі. Пра жыццё і творчасць знакамітага песняра распавялі бібліятэкар Наталля Маланка і сябра клуба Яўген Несцяровіч. Яўген Антонавіч сябраваў з купалазнаўцамі — Алегам Лойкам і Іванам Саламевічам. Дарэчы, першы — яго колішні выкладчык, аўтар кнігі «Янка Купала», якая з аўтографам захоўваецца ва ўласнай бібліятэцы Яўгена Несцяровіча. Старшыня «Ветразя» Уладзімір Дарагуж прадставіў увазе прысутных два факсімільныя выданні кніг Я.Купалы — «Жалейка» (1908 г.) і «Спадчына» (1922 г.).

Затым сябрам клуба прапанавалі паглядзець інсцэніроўку паэмы Я.Купалы «Курган» — у выкананні бібліятэкараў, Уладзіміра Дарагужа і выкладчыка школы мастацтваў Андрэя Каленіка. На заканчэнне пасяджэння прагучала яшчэ адна песня — на словы Купалы.

Святлана ЖДАНОВІЧ,  загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай  цэнтральнай бібліятэкі

Фота Кацярыны ДЗЯМАХІНАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *