У ЧАЦВЁРТЫ РАЗ — ПЕРШЫЯ!

Спорт

Каманда нашага раёна, за якую выступалі юныя спартсмены са Смілавічаў,  чацвёрты год запар выйграла лёгкаатлетычную эстафету ў праграме рэспубліканскіх спаборніцтваў  «Прызы Алімпійскіх чэмпіёнаў».

Вось што распавяла «Раённаму весніку» трэнер смілавіцкага філіяла Чэрвенскай СДЮШАР Ірына Мальчукова, якая прывяла сваіх выхаванцаў да перамогі:

— Удзел у эстафеце 8х50 метраў сярод дзяцей узростам 4-6 гадоў, якія праходзілі на стадыёне спартыўнага таварыства «Працоўныя рэзервы» ў Мінску, бралі шэсць каманд. За нашу выступалі Антон Сяцко, Мілена Марціновіч, Ілья Каленік, Даша Ільясевіч, Мікіта Пацалуеў, Каця Корнева, Арцём Русак і Ліза Мар’іна. На фінішы мы выйгралі ў бліжэйшых сапернікаў каля сарака метраў дыстанцыі.Кожны пераможца атрымаў па два медалі — ад алімпійскіх чэмпіёнаў і ад спартыўнага таварыства «Дынама», а таксама электрачайнік, майку з адмысловай эмблемай, іншыя прызы. Акрамя таго, дзяцей запрасілі на пачастунак у рэстаран «МакДональдс», які з’яўляецца спонсарам спаборніцтваў.

Для фарміравання эстафетнай каманды мы, як звычайна, праводзілі грунтоўны адбор сярод малодшых школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў Смілавічаў. У выніку ў яе ўвайшлі сем прадстаўнікоў абедзвюх школ і адзін дашкольнік — Мікіта Пацалуеў. На працягу дзесяці дзён дзеці трэніраваліся,  асабліва старанна адпрацоўваючы элемент перадачы эстафетнай палачкі. Гэта і паспрыяла поспеху.

 

Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ.

Фота прадастаўлена

Ірынай МАЛЬЧУКОВАЙ

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *