Весткі з бібліятэк

Общество

Чэрвеньскай цэнтральнай

ПРАЦЯГВАЕ «ВЕТРАЗЬ» АСВЕТНУЮ ДЗЕЙНАСЦЬ

Шмат цікавых асобаў паўстае ва ўсёй сваёй велічы перад удзельнікамі пасяджэнняў літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь». Апрача ўсяго іншага, ён праводзіць і асветную дзейнасць. Так, падчас красавіцкага пасяджэння сябры «Ветразя» знаёміліся з жывапісцам і мастацтвазнаўцам Альфрэдам Ромэрам, чые 180-ыя ўгодкі з дня народзінаў адзначаюцца сёлета.

Пра яго жыццё і творчасць распавёў Уладзімір Дарагуж. З дапамогай мультымедыйнай устаноўкі ён дэманстраваў карціны Ромэра — партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа, рэлігійныя сюжэты, аўтапартрэты, архітэктурныя помнікі, а таксама бронзавыя медалі з партрэтнымі выявамі, гравюры з вобразамі сялян, карыкатуры… У свой час Альфрэд Ромэр размаляваў некалькі праваслаўных і каталіцкіх храмаў, падрыхтаваў навуковую публікацыю пра слуцкія паясы… Бібліятэкар Тамара Зіміна прачытала верш-баладу Віктара Шніпа, прысвечаную Альфрэду Ромэру.

І яшчэ мы разгледзелі літаратурна-паэтычную дзейнасць двух юбіляраў у рубрыцы «Наш каляндар», згадаўшы пра 200-годдзе з дня народзінаў Аляксандра Герцэна і 75-годдзе Бэлы Ахмадулінай. Дзякуючы фанатэцы Уладзіміра Дарагужа, мы паслухалі голас Ахмадулінай і дзве песні на яе словы. Вершы пачыталі Зоя Сушкевіч, Софія Гурына і Марыя Бяжан.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Запольскай сельскай

 

РАЗМАЎЛЯЛІ ПРА ЧАЙ, ЧАСТАВАЛІСЯ ЧАЕМ…

Сябры аматарскага аб’яднання для дарослых «Святліца» сабраліся на вечар стасункаў «Сакрэты чаяпіцця». Яны пачулі шмат новага і цікавага, падзяліліся сваімі ведамі, якія былі разнапланавымі. Гэта і гісторыя чаю, чайнай цырымоніі, і традыцыі розных народаў, сакрэты прыгатавання, як правільна трымаць кубак ды іншае.

Як вядома, кубачак чаю ці гарбаты збліжае людзей. Гэта назіралася і падчас нашага мерапрыемства. Стол упрыгожваў электрычны самавар і сапраўдны кітайскі сервіз. Сябры аматарскага аб’яднання прынеслі свае ўлюбёныя гатункі чаю. Кожны распавядаў аб традыцыях чайнай цырымоніі ў сям’і, у тых мясцінах, дзе нарадзіўся і жыў да пераезду на Чэрвеньшчыну. Падчас пасяджэння прагучала шмат прыгожых легендаў і міфаў пра чай.

Святлана ЗАГАРУЛЬКА, бібліятэкар

 

Горкаўскай сельскай

 

УРОКІ ЧАРНОБЫЛЮ

Школьнікі завіталі ў бібліятэку на гадзіну інфармацыі «Урокі праз 26 гадоў: боль Чарнобылю». Для іх я падрыхтавала аповед пра тое, як, дзе і калі гэта здарылася, колькі населеных пунктаў апынуліся ў зоне адсялення, колькі знікла кропак на карце… Дзеці даведаліся, якія дзяржаўныя праграмы па пераадоленню наступстваў буйнейшай тэхнагеннай катастрофы прыняты больш чым за чвэрць стагоддзя, на што накіраваны, як выконваюцца. Распавяла і пра ўзаемадзеянне Беларусі з міжнароднымі арганізацыямі, санаторна-курортнае лячэнне дзяцей і падлеткаў з забруджаных зонаў ды іншае. Да мерапрыемства я падрыхтавала выставу «След чорнага ветру». У раздзеле «Чарнобыль і літаратура» згадала, хто з пісьменнікаў і ў якіх творах звяртаўся да гэтай тэмы, а ў раздзеле «Чарнобыль і мастацтва» — пра мастакоў і іх карціны. Таксама вучні пазнаёміліся з картатэкай, складзенай па газетных і часопісных публікацыях на тэму Чарнобыля. Напрыканцы я прачытала некалькі вершаў адпаведнай тэматыкі.

Святлана ВАЙЦЯХОВІЧ, бібліятэкар

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *