СВЯТА ЯДНАЛА ЎДЗЯЧНАСЦЬ ПАКАЛЕННЮ ПЕРАМОЖЦАЎ

Общество

З нагоды Дня Перамогі святочны настрой пачаў панаваць на Чэрвеньшчыне ўжо 8 мая. На цэнтральных сядзібах адбыліся мітынгі, сходы. Удзячная памяць прывяла жыхароў раёна з вянкамі і кветкамі да помнікаў, абеліскаў загінуўшым воінам і партызанам, з віншаваннямі і падарункамі — у хаты і кватэры ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

А 9 мая цэнтрам святочных урачыстасцяў традыцыйна стала ў Чэрвені плошча Свабоды. Не толькі месца ля помніка воінам і партызанам, але і тратуары запоўнілі жадаючыя прыняць удзел у мітынгу з нагоды светлага і дарагога сэрцу кожнага Дня Перамогі. Сярод іх — шмат моладзі, якую прывяла сюды павага да абаронцаў Радзімы, жаданне сказаць словы ўдзячнасці ветэранам, разам са старэйшымі ўзгадаць тых, хто аддаў жыццё за мір і шчасце на зямлі.

 

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Іван Муха. Акрэсліўшы вялікі ўклад жыхароў Чэрвеньшчыны, усяго гераічнага беларускага народа ў Вялікую Перамогу, ён зазначыў:

— Сёння наша памяць звернута да вас, дарагія ветэраны, хто набліжаў гэтую светлую дату. Дзякуючы вашаму гераізму і мужнасці, мы маем магчымасць мірна жыць, працаваць, выхоўваць дзяцей. Мы змаглі захаваць ідэалы дабра і справядлівасці, любоў да Айчыны… Цяпер наша першаступенная задача захаваць і данесці да нашчадкаў памяць аб вашым гераізме, высокай доблесці, бясстрашнасці, любві да Радзімы. Павага да мінулага Айчыны, непарыўная сувязь пакаленняў — вось тыя традыцыі, на якіх трымаліся і трымаюцца стабільнасць і дабрабыт Беларусі.

 

Далей ён распавёў, з якімі працоўнымі здабыткамі сустракае Чэрвеньшчына чарговае свята Перамогі.

На заканчэнне Іван Муха сказаў: «Шаноўныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны! У гэтае светлае і дарагое нам свята — Дзень Перамогі — мы выказваем вам словы глыбокага прызнання і ўдзячнасці. Подзвіг, які вы здзейснілі, назаўсёды застанецца ў памяці…”.

Ён павіншаваў удзельнікаў мітынгу з Днём Перамогі, пажадаў усім шчасця, дабрабыту, працоўных поспехаў.

Ад імя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны да прысутных звярнуўся Казімір Ваўжэнцьевіч Вяржбіцкі. У сваім выступленні ён падзякаваў кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь, Чэрвеньскага раёна і сельскіх Саветаў за іх уважлівае стаўленне да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а медыцынскім работнікам — за пастаянны клопат аб іх здароўі. Шаноўны ветэран выказаў надзею, што бацькі будуць выхоўваць сваіх дзяцей у духу патрыятызму і любві да Радзімы…

 

Сёлетняй вясной з Чэрвеньшчыны накіроўваюцца на вайсковую службу 40 юнакоў. Сімвалічна, што падчас урачыстага святкавання Вялікай Перамогі сямі з іх, каму выпала першымі зрабіць гэта, уручылі павесткі. Атрымалі яны іх разам з пажаданнямі сумленна служыць Айчыне з рук Казіміра Ваўжэнцьевіча Вяржбіцкага.

Ад імя прызыўнікоў выступіў Віталь Канапацкі. Ён сказаў:

— Сёння мы адчуваем асабліва вялікі гонар ад таго, што менавіта ў гэты дзень атрымалі павесткі на вайсковую службу і ўрачыста абяцаем, што сумленна, з гонарам будзем несці званне воіна беларускай арміі.

Святочны настрой мітынгу надавалі аркестр Чэрвеньскай школы мастацтваў, выступленне дзіцячай харэаграфічнай групы, праходжанне ўрачыстым маршам воінаў Узброеных Сіл.

Затым на плошчы Свабоды адбыўся святочны канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, а на гарадскім стадыёне — лёгкаатлетычная эстафета і футбольны матч на кубак газеты “Раённы веснік”.

Увечары на плошчы ладзілася танцавальна-забаўляльная праграма.

Завяршылася свята акцыяй “Заспяваем разам “День Победы” і салютам.

У гэты дзень урачыстыя святочныя мерапрыемствы праходзілі і ў Смілавічах.

Аляксандр БУШЭНКА.

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *