А БЫЛО Ж ЯНО, БЫЛО…

Общество

Працяг

ЛЕНА ЦЫБІНА (КАЎКА) ЎСПАМІНАЕ

БАЦЬКА КОСЦІК, МАЦІ ГАННА

Мама нас шкадавала. Як стаў калгас, вадзіла мяне і Валю з Равекі пад Сасноўшчыну, за тры кіламетры ў яслі, адчыненыя ў доме раскулачанага Баравіка. Красіва там было: краваткі дзіцячыя, плаццечкі з куплёнае мацерыі, місачкі маленькія, кубачкі… Люса Нагорная з Ціхановічыхай нас глядзелі.

Год мама нас павадзіла, а потым стала браць з сабой у поле. Было мне гадкоў 6-7, і я ўсяму вучылася ад мамы. Рада была, усё скора схоплівала — дзе якую траўку на поліве сарваць, свірэпку ці васілёк, а ён жа ой, які благі для добрай раслінкі. Мамка заўсёды пахваліць, як я ўдала сярпом раблю замах, як слухаюцца мяне каласочкі — ета было мне вельмі даспадобы. Нас, дзяцей, ніколі не карала, нават трапкачом не замахнецца, хоць мы з Валяй скрозь слухаліся яе, асцерагаліся якой шкоды.

Была яна здольнай ткачыхай. Не адказвала нікому наладзіць кросны, накідаць узоры. Помню яе гожыя пасцілкі, абрусы, рушнікі — у дымкі, шашачкі ці васількі, якіх апрача яе ў сяле ткаць не ўмелі. Адчыніць калі куфар і паказвае нам, якое стройнае прыданае дочкам рыхтуе. А там — сувоі рушнікоў у шашкі васьмінітныя, каляровыя ёлачкі, пасцілак розных, абрусоў шытых і ў сувоях. І мне перадала сваё ўмельства. Пасля я таксама прала, ткала, вязала. А потым паціху ўсё ета адышло, стала не ў модзе. Сяло пачало гнацца за гатовым, гарадскім. Мамінай памяці не засталося — што пажар спапяліў, што ў вайну прапала. З майго, што было, выпрасіў Фурык у Чэрвеньскі музей — пасцілку ў мартушкі, рушнік вышываны.

Мама ніколі не жалілася на жыццё, ні з кім не сварылася, памагчы каму — заўсёды. Тая ж Алена Жаўлачыха ўспамінала мне, як мамка суседцы на загоне памагала. Адажнецца Ганна далёка ўперад, а Любка Маруга ззаду заве: Ганначка, не кідай мяне! Ганначка варочаецца на Любін загон, вымахае сярпом наперад свайго, а праз час-другі зноў трэба суседку выручаць. А няхай бы Любачка вузейшую палоску заняла, пад свае сілы. Дык ведала, што Ганна не кіне яе, і так заўсёды.

Любіла спяваць. З поля ідучы, была жнейкам запявалам. Маміны песні дасюль помню.

Успомніўся мне такі случай. Была я першай дачкой на пятым месяцы. Хваравіта чулася, а жыта жаць заядлая, як і мама. За нашымі соткамі, дзе гумно было (немцы спалілі), жыта калгаснае, гектары, мо, 3-4. Вот я і заняла той загонішча ад дарогі, каб не хадзіць далёка. Старалася, старалася, гектары з два, болей, адолела — пайшла праз дзіцятка кроў. Адвезлі мяне ў Ляды ў бальніцу. Нядзельку праляжала, а ўсё рупілася, хаця б дажынкі без мяне не адбыліся. З бальніцы хуценька на свой загон, дажынаць. На другі дзянёк чую — бабы, далей, на пагурку, дажынкі заводзяць. Вяжуць бараду, плятуць вянок брыгадзіру, старшыні. Сэрца маё ад хвалявання чуць з грудзёў не выскачыла — як жа без мяне?! Валіка (мужа) пазвала хутчэй пазносіць снапы ў бабкі, а сама, нарваўшы кветак, — борздзенька да жанчын, каб разам несці Вянок-Бараду, што збіраюць з буйнейшых каласкоў, перавязваюць прыгожымі стужкамі, аздабляюць краскамі, паліваюць карэньчыкі вадою — каб радзіла жытцо наступным летам. Вось я і паспела і Вянок плесці, і Бараду ўпрыгожыць, і разам несці ў кантору. І пелі дарогаю з поля, пелі, як мама некалі.

Любіла мамка парадак і чыстату. К вуліцы папа пасадзіў малодзенькую грушку і яблыньку, а ўвесь гародчык у маміных цвятох. Пад вокнамі — вяргіні, мальвы, флоксы, белыя буйныя хрызантэмы, далей к вуліцы — цыніі, сальвіі, астры, настуркі і на сцежачцы паўз хату да самага крыльца — цвяты. І мне радасна было паліваць іх конаўкай з папінае канаўкі, пад мастком, перад вуліцай. А ў хаце лапушыўся ў цэбры вялізны прыгожы фікус, побач — фінская роза…

Вот і я праз усю сваю цяжкую жызню з цвятамі не расставалася, усе мае сцежачкі на дварэ — ад хлева да хаты, калодзежа, адтуль да каліткі на вуліцу абсаджаны рознымі цвятамі. Любіла дарыць дзецям селавым — вясной на апошні званок, у верасні — на першы. Не адзін з маладых па дарозе да свае нявесты ці ў бальніцу да жонкі з новародкам карыстаў з майго цвятніка. І сама я, ідучы на якую бяседу — радзіны, хрэсьбіны, вяселле, провады ў армію, а нават к нябожчыку — толькі з букетам. Ета ў мяне ад мамы — дарыць людзям цвяты.

 

Сабраў і занатаваў Аляксей КАЎКА,

г.Масква

 

(Працяг будзе)

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *