ЯЎГЕН ДОЛІЧ БУДЗЕ ПРАДСТАЎЛЯЦЬ БЕЛАРУСЬ НА “СЛАВЯНСКІМ БАЗАРЫ Ў ВІЦЕБСКУ”

Общество

Нягледзячы на тое, што наша рэспубліка мае права вылучыць двух маладых спевакоў для ўдзелу ў конкурснай праграме, нацыянальнае журы ў складзе вядомых мэтраў эстрады з васьмі прэтэндэнтаў абрала толькі аднаго яго — маладога выкладчыка  па класу эстрадных спеваў Чэрвеньскай школы мастацтваў, лаўрэата трох рэспубліканскіх конкурсаў, студэнта Універсітэта культуры і мастацтва.

Пра таленавітага Жэню, у выкананні якога зараз часта гучаць песні па радыё і тэлебачанню, мы распавядалі ў раённай газеце. І рады адзначыць яго чарговы прафесійны прарыў, бо гэта высокая ацэнка дасягнутага юнаком за некалькі гадоў вучобы і працы. Цяпер Яўгену выпаў вялікі гонар і вялікая адказнасць прадстаўляць Беларусь. Гэты своеасаблівы экзамен абавязкова трэба вытрымаць дастойна, а будзе ён няпростым. У ХХІ Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2012” прымуць удзел лепшыя маладыя спевакі з 21 краіны свету, а журы ўзначаліць Народны артыст Расіі Максім Дунаеўскі.

З якімі песнямі будзе выступаць Жэня, пакуль сакрэт. Але як стала вядома, многія паэты і кампазітары зацікаўлены ў тым, каб Доліч заспяваў іх твор. Дарэчы, сцэнічны псеўданім спевака Славіч. Яго галоўным педагогам па-ранейшаму (яшчэ з вучобы  ў Мінскім каледжы мастацтваў) застаецца  Алена Віктараўна Атрашкевіч – член Саюза кампазітараў, аўтар гімна Мінскай вобласці і іншых папулярных песенных твораў.

У ліпені, калі будзе праводзіцца “Славянскі базар”, “хварэць” за Жэню абавязкова паездзе ў Віцебск яго мама — Любоў  Яўгенаўна Доліч. Яна ўжо цяпер моцна перажывае за сына і ўдзячна кожнаму, хто выказвае падтрымку, шчыра падзяляе яе бязмежную радасць.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *