Галіна Казакова: “Настаўніцкай прафесіі адданая…”

Общество

Ёсць людзі, якім лёсам наканавана быць узорам, прыкладам для тых, хто з імі працуе, хто разам крочыць па жыцці. Настаўніца пачатковых класаў Турэцкага дзіцячага сада-базавай школы Галіна Анатольеўна Казакова — з такіх.

З 1989 года яна настаўнічала ў Кліноцкай сярэдняй школе. У 1992 годзе скончыла Магілёўскі педагагічны ўніверсітэт імя А.Куляшова. Педагог па прызванні і адукацыі, Галіна Анатольеўна больш за 26 гадоў аддае веды, цеплыню і спагаду сваім выхаванцам. Пры сустрэчах з ёй кожны раз здзіўляешся, дзе гэтая жанчына бярэ сілы захапляць, зачароўваць вучняў эмацыйным, шчырым і разумным словам. Гэта ж як трэба авалодаць сваёй прафесіяй, каб выхаванцы, не зводзячы вачэй са сваёй настаўніцы, з заміраннем сэрца слухалі тлумачэнне матэрыялу! Школьныя заняткі, пазакласная работа з дзецьмі — на ўсё хапае ў яе сіл і энергіі.

Любяць сваю настаўніцу вучні, паважаюць бацькі. І сама Галіна Анатольеўна задаволена працай. «Я не проста люблю сваю прафесію, — прызнаецца яна, — а не магу ўявіць сябе без вучняў, званкоў на ўрокі, без калег і творчасці. Самай лепшай узнагародай для мяне былі, ёсць і будуць дапытлівыя вочы дзяцей і добрыя словы іх бацькоў. Галоўны прынцып у працы — дайсці да кожнага, заўважыць яго іскрынку і даць магчымасць развівацца».

Асноўнае для яе як для педагога — навучыць школьнікаў самай важнай прафесіі ў жыцці — быць Чалавекам. Вельмі радасна, калі праца дае плён, калі чуеш з вуснаў дзяцей шчырыя словы любові, калі бачыш у іх вачах агеньчыкі. Штодзённа ахопленая імкненнем зацікавіць сваіх выхаванцаў навучаннем, жаданнем дамагчыся хоць невялікага, але поспеху, настаўніца настойліва працуе, шукае новыя формы работы. Галіна Анатольеўна валодае многімі прафесійнымі сакрэтамі, паспяхова выкарыстоўвае сучасныя методыкі і тэхналогіі навучання. Глыбокае веданне псіхалогіі дапамагае ёй развіваць крэатыўнае мысленне дзяцей, іх творчыя задаткі. Яе настаўніцкае крэда — вучыць з павагай і любоўю.

Хтосьці спытае: а ці лёгка гэта? Цяжка! І вельмі…

Галіна Анатольеўна разважае: «Педагог — той, хто пакідае ў лёсе вучняў не толькі сваю адзнаку, але і часцінку душы.”

Юбілейны люты наша калега сустракае абаяльнай і далікатнай, шчырай, спагадлівай і клапатлівай.

Шаноўная Галіна Анатольеўна! Прыміце ад калектыву Турэцкага дзіцячага сада-базавай школы самыя цудоўныя і цёплыя віншаванні з нагоды 50-годдзя! Моцнага Вам здароўя, пабольш радасных і светлых дзён у жыцці.

Душы святло,

Палёт высокі думак,

Нязменнай абаяльнасці

сакрэт.

Якія словы нам яшчэ прыдумаць,

Каб атрымаўся поўны

Ваш партрэт?

Падставы маем і вялікі гонар,

Каб выказаць павагу

і любоў.

І пажадаць зямнога

шчасця мора,

А шчырасці людской —

без берагоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *