ГУЛЬНЯ ЁСЦЬ. ДАЧАКАЕМСЯ І ВЫНІКУ

Спорт

«Колас» (Чэрвень) — «Аграсерсвіс» (Слуцк) — 0:1.

6 мая. Чэрвень. Гарадскі стадыён. Пераменная воблачнасць. 21 градус. 250 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Цэдрык, Канашэвіч, Мельцар, Качановіч, Суша (Шалабнёў, 46), Масько (Сушкевіч, 67), Ліпніцкі, Чысты (Канцур, 65), Яблонскі (Свірыдовіч, 75), Как.

Старт чэмпіянату вобласці, ды яшчэ на фоне вяртання «Коласа» ў першую лігу, выклікаў прыкметную цікавасць у мясцовых аматараў футбола. Безумоўна, усе чакалі прыгожай і выніковай гульні нашай каманды. Са станоўчым вынікам, на жаль, не атрымалася. Што да гульні, то тут чэрвеньцы, не расчаравалі сваіх прыхільнікаў.

Каманды пачалі сустрэчу на вялікіх хуткасцях, правяраючы на трываласць абарончыя парадкі адна адной. Потым на непрацяглы час гульня перайшла ў спакойнае рэчышча. А ў сярэдзіне першага тайма «Колас» наладзіў масіраваны штурм варот саперніка. На працягу дзесяці хвілін чэрвеньцы мелі чатыры стопрацэнтныя магчымасці адкрыць лік. Двойчы біў па варотах Яўген Яблонскі. У першым выпадку мяч трапіў у рукі варатару. У другім галкіпер гасцей ледзь не быў пакараны за прамаруджванне: Яблонскі «абакраў» яго ў штрафной, моцна ўдарыў па мячу, але той пракаціўся побач са стойкай варот. Меў шанц вызначыцца і навабранец нашай каманды, грамадзянін Ізраіля Маўнір Как: пасля яго ўдару мяч праляцеў у лічаных сантыметрах над перакладзінай. Яшчэ адзін небяспечны момант ля варот «Аграсервіса» стварыў Аляксандр Ліпніцкі: удар адбіў варатар.

Некалькі вострых атак правялі чэрвеньцы і пасля перапынку. Але ні Максім Шалабнёў, ні Яўген Яблонскі не здолелі перайграць галкіпера слуцкай каманды.

У сярэдзіне другога тайма трэнеры «Аграсервіса» і «Коласа» правялі шэраг замен. І калі ў гасцей «свежыя» ігракі здолелі ўзмацніць гульню, то ў нас — не. Як вынік, ці не адзіная за ўвесь матч грубая памылка ў цэнтры абароны чэрвеньцаў на 78-й хвіліне сустрэчы прывяла да ўзяцця нашых варот. Атрымаўшы перавагу ў ліку, госці ў час, што застаўся да фінальнага свістка, не далі чэрвеньцам шанцаў пазбегнуць паражэння.

Наступны матч у чэмпіянаце «Колас» зноў правядзе на сваім полі: у нядзелю, 13 мая, з камандай «Нёман-Агра» (Стоўбцы). Пачатак — у 14 гадзін.

 

Ігар АДАМОВІЧ

Вынікі астатніх гульняў 1 тура: «Вілія» (Вілейка) — «Неман-Агра» (Стоўбцы) — 3:1, «Зорка-ЖКГ» (Мар’іна Горка) — «БСЗ» (Беразіно) — 1:0, «Старыя Дарогі» — «Беліта-Вітэкс» (Узда) — 2:4, «Іслач-2» (Мінскі раён) — «Клецк» — 0:0, «ДЮСШ-2-БДВАР» (Барысаў) — «Лівадыя-Юні» (Дзяржынск) — 1:3, «Забудова-2007» (Маладзечанскі раён) — «Жодзіна-2007» — 0:2.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *