Дакрануліся да легенды : у дзіцячы аздараўленчы лагер «Верасок» завітаў заслужаны трэнер Беларусі Анатоль Усенка

Актуальное Спорт

Ганаровы грамадзянін Чэрвеньшчыны Анатоль Усенка, які ўсё сваё жыццё прысвяціў футболу, часты госць у раёне. Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Анатоля Іванавіча тут ладзяцца масавыя турніры па гэтаму віду спорту, сустрэчы з вядомымі спартсменамі, дабрачынныя акцыі. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, заслужаны трэнер Беларусі актыўна займаецца папулярызацыяй футбола сярод дзяцей і моладзі.

Падчас сустрэчы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія адпачывалі на трэцяй змене ў аздараўленчым лагеры “Верасок”, Анатоль Іванавіч распавядаў пра свой няпросты лёс: ад выхавання ў дзіцячым доме, да сталення, выбару прафесіі і багатага на падзеі спартыўнага жыцця. Ён даводзіў дзецям, што галоўнае ў жыцці – быць чалавекам: чулым, спагадлівым, здольным рабіць шчаслівымі іншых людзей. А на дадзеным этапе трэба добра вучыцца, слухацца бацькоў і настаўнікаў.

Свой расповед Анатоль Усенка падмацаваў праглядам відэафільма, у якім адлюстраваны галоўныя дасягненні яго, як трэнера. Разам з дзецьмі ён яшчэ раз перажыў шчаслівыя імгненні трыумфу сваіх выхаванцаў са зборнай Беларусі па міні-футболу сярод спартсменаў з аслабленым зрокам, якая пяць разоў выйгравала чэмпіянаты свету, чатыры разы “брала” золата чэмпіянату Еўропы, і яшчэ па аднаму разу – серабро і бронзу гэтых спаборніцтваў, а таксама – моманты ўручэння Ордэна Пашаны і тэлевізійнай узнагароды “Гонар нацыі”.

На працягу больш чым паўгадзіны Анатоль Іванавіч адказваў на пытанні юных слухачоў. Іх, у прыватнасці, цікавіла, колькі медалёў і кубкаў заваяваў шаноўны госць за жыццё, як футбаліст і трэнер, чаму сярод мноства відаў спорту аддаў перавагу менавіта футболу, і як удалося так шмат у жыцці дасягнуць. Аўтары лепшых пытанняў атрымалі на памяць сувеніры, часопісы “Вялікі футбол” і “Беларускі міні-футбол”.

А напрыканцы сустрэчы на стадыёне лагера разгарнуліся сапраўдныя футбольныя баталіі, у якіх удзельнічалі не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. Анатоль Усенка ўручыў іх пераможцам медалі. А дзецям з мнагадзетных сем’яў Анатоль Іванавіч падараваў адзенне для заняткаў спортам.  

 

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара     



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *