Дабрата чалавеку патрэбна…

Общество

На мой погляд, адчувальна яна ў рабоце грамадскай арганізацыі Беларускае аб’яднанне ветэранаў, якое служыць пажылым людзям, абараняе іх правы і інтарэсы.  Гэта вельмі важна, каб існаваў клопат пра тых, хто ўсё жыццё добрасумленна працаваў у народнай гаспадарцы, уздымаў з руін разбураныя ў гады вайны гарады і вёскі. Такія людзі заслужылі павагу і прызнанне з боку ўлады і грамадства. Святое пісанне вучыць: “ Пред лицем седого вставай и почитай лице старца”.

У шматлікіх установах, прадпрыемствах створаны пярвічныя ветэранскія арганізацыі. Працуе такая і ў нашым сельгаспрадпрыемстве, якое раней называлася “Новая Ніва”. У ёй звыш 170 ветэранаў вайны і працы. Гэта былыя механізатары, паляводы, даяркі, жывёлаводы, працаўнікі лясной гаспадаркі, настаўнікі. Розныя лёсы і біяграфіі гэтых людзей.

Самыя паважаныя сярод іх — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, гонар і слава грамадства. На вялікі жаль, з кожным годам іх усё менш і менш. І зараз у нашай «пярвічцы» засталося толькі трое: Мірановіч Іван Мікалаевіч, Самец Мікалай Агеевіч і Стахоўскі Віктар Сцяпанавіч. Нягледзячы на сталы ўзрост, яны прымаюць пасільны ўклад у патрыятычным выхаванні моладзі.

Нельга не назваць імёны старэйшых ветэранаў, лепшых працаўнікоў колішняга саўгаса “Ніва”, якія шмат гадоў шчыравалі ў сельскай гаспадарцы. Гэта Дзенісевіч Марыя Антонаўна. Сёлета ў красавіку ёй споўніцца 96 гадоў. Марыя Антонаўна аднаўляла ў першыя пасляваенныя гады разбураны вайной мясцовы калгас. Усе працаёмкія работы ў той час даводзілася выконваць уручную, і цяпер можна толькі ўявіць, колькі ўласных сіл і здароўя аддала гэтая простая вясковая жанчына.

Самааддана працавалі Харытановіч Таццяна Дзянісаўна, Зелянкова Кацярына Мікалаеўна, Тарасік Аркадзій Іванавіч, Кавалёнак Аркадзій Сямёнавіч і многія іншыя. Некаторыя нашы ветэраны і зараз прымаюць пасільны ўдзел у грамадскім жыцці. Лучонак Тамара Міхайлаўна, напрыклад, ужо не адзін раз была старшынёй выбарчай камісіі.  Страх Аляксей Фёдаравіч з’яўляецца намеснікам старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі, старэйшынай вёскі Чырвоная Змена. Ён неабыякавы да ўсяго, што адбываецца тут. У прыватнасці, дбае аб санітарным стане вёскі, прымае актыўны ўдзел ў добраўпарадкаванні могілак, вядзе барацьбу супраць стыхійных палігонаў для звалкі смецця.

На працягу многіх гадоў актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці Кайрыс Соф’я Барысаўна, Зянькевіч Ала Міхайлаўна, Дубоўская Вольга Трафімаўна, Раманаў Андрэй Сяргеевіч.

Працягваюць па-ранейшаму працаваць пасля выхаду на заслужаны адпачынак Трафімава Л.В., Альховік Л.У., Мацевіч Г.В., Зянькевіч М.М., Бубіч Ж.У. і іншыя.

У школьным краязнаўчым музеі захоўваецца Летапіс саўгаса “Ніва”. Там сабрана шмат звестак пра лепшых працаўнікоў мясцовай гаспадаркі, ветэранаў вайны і працы. Настаўнікі часта расказваюць вучням аб працоўнай дзейнасці іх бацькоў і дзедаў.

Беларускі паэт Сяргей Грахоўскі ў адным з вершаў напісаў такія радкі:

Чалавеку не трэба спагады, —

Дабрата чалавеку патрэбна…

Гэтыя словы сталі своеасаблівым дэвізам для ўсіх членаў савета ветэранаў нашай пярвічнай арганізацыі. Мы не маем на сваім рахунку фінансавых сродкаў, каб аказаць іншы раз матэрыяльную дапамогу.  Але знак увагі бывае даражэй, чым каштоўны падарунак. Віншавальная паштоўка, тэлефанаванне, наведванне на даму, шчырая размова шмат значаць для пажылых адзінокіх людзей.

Мы працуем у цеснай сувязі з Хутарскай сярэдняй школай, дзе педагагічны і вучнёўскі калектывы шмат увагі ўдзяляюць рабоце з пажылымі, ветэранамі вайны і працы. Слёзы радасці з’яўляюцца на вачах пенсіянераў, калі моладзь выступае з міні-канцэртамі, віншуе са святамі, дорыць сувеніры… Школьнікі з цікавасцю ўдзельнічалі ў акцыях “Ветэран жыве побач”, “Абавязак”. Настаўніца матэматыкі Халадзінская Н.М. разам са сваім класам сабрала шматлікі матэрыял пра чатырох тутэйшых ураджэнцаў, і цяпер альбом “Нашы землякі — воіны афганцы” захоўваецца ў школьным музеі.

Сумесна з кіраўніцтвам мясцовай гаспадаркі, работнікамі Дома культуры традыцыйна ў Дзень Перамогі і іншыя значныя святы адбываюцца сустрэчы з ветэранамі, праводзяцца “круглыя сталы”.

Пётр САКАЎ,

старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі “Новая Ніва”

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *