Ноччу ў вёску Дзеруцкая завітаў лось. Сам па сабе гэты факт не надта здзівіў мясцовых жыхароў — непадалёку лес, а ў ім, вядома ж, і звяры. Час ад часу яны перабягаюць праз поле з аднаго месца ў другое. Вёску звычайна абмінаюць. А тут лось не толькі смела шпацыраваў па ёй, але і праяўляў здзіўляючую агрэсіўнасць. У прыватнасці, у адной з сядзіб памяў вароты, пабіў машыну. Не іначай, як ашалеў, вырашылі вяскоўцы і паведамілі ў раённую ветэрынарную станцыю. Раніцай непадалёку Дзеруцкой лося заўважылі супрацоўнікі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Ён рухаўся ў накірунку вёскі. Супрацоўнікі паспрабавалі напалохаць звера, але сустрэлі рашучы адпор. Лось накінуўся на службовую машыну. Нічога не заставалася, як застрэліць яго.
Выкліканы на месца ветурач-вірусолаг узяў патрэбны для даследавання матэрыял, які накіравалі ў абласную ветлабараторыю. Там устанавілі, што лось быў хворы на шаленства. Труп спалілі, а месца, дзе ён ляжаў, апрацавалі адпаведным растворам. Кантакт шалёнага звера з людзьмі не ўстаноўлены. У мэтах прафілактыкі праведзены мерапрыемствы па недапушчэнню шаленства сярод жывёлы і людзей вёскі Дзеруцкая.
ЛІСА НЕ ЎПАДАБАЛА ЧЭРВЕНЬСКІХ САБАК
У адну з субот на вуліцы М.Багдановіча ў г. Чэрвені ліса напала на сабаку і пакусала яго. У той жа день на вуліцы Мінскай ля дома №88 таксама напала на сабак. Паводле меркаванняў спецыялістаў, ліса была шалёная. Адразу ліквідаваць яе не ўдалося, бо тая збегла. Сабаку, якога пакусала ліса на вуліцы М.Багдановіча, застрэлілі. У месцах, куды яна наведвалася, зроблена вакцынацыя сабак і катоў.
А.РУЖЫН
(Паводле паведамлення галоўнага ветурача раёна Уладзіміра БУКІ)