Вымушаныя перасяленцы

Люди и судьбы

Быў час, калі губляліся пераемнасць сямейных традыцый, сувязь пакаленняў. Сваю радаслоўную ведалі няшмат якія людзі. У мэтах бяспекі, пры магчымасці, змянялі сапраўдныя прозвішчы дваранскага, нямецкага і яўрэйскага гучання на рускамоўныя, бо яны маглі прыцягнуць увагу органаў. А там, глядзіш, і да арышту недалёка.

Дзякуй Богу, сёння зусім іншае становішча. Усё больш і больш грамадзян цікавяцца гісторыяй радні, складаюць сапраўдныя радаводныя летапісы. Шукаюць сваякоў праз тэлебачанне, інтэрнет, радыё — вельмі добрая плынь пайшла. Так у агульную гісторыю ўліваюцца дробныя часцінкі гісторыі кожнага чалавека.

Да  напісання гэтага артыкула падштурхнулі мяне абставіны шасцігадовай даўніны. Ён зяўляецца адначасова і адказам на складанае пытанне, і прабачэннем за паспешнасць у высновах. Мінскія сябры папрасілі мяне прыняць жыхарку поўдня Расіі і дапамагчы ёй у пошуках каранёў роду. Па яе словах, прабабку і прадзеда ў 20-ыя гады 20 стагоддзя прымусова перасялілі са Смілавічаў у Джанкойскую акругу. Прадзеду ўдалося змяніць яўрэйскае прозвішча на рускае. У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён загінуў. У сям’і з пакалення ў пакаленне перадаваўся толькі ўспамін пра Смілавічы. I вось маладая жанчына вырашыла скласці свой радавод, знайсці вытокі.

Я паказаў расіянцы Смілавічы, яўрэйскія могілкі, трагічную Саламянку. Госця зрабіла шмат здымкаў. Сустрэліся з жыхарамі пасёлка — ніхто нічога не ведаў  пра перасяленне яўрэяў на поўдзень СССР, не ўспомнілі і цікавае для нас прозвішча. Перагледзелі тэлефонныя даведнікі Мінска і амаль усёй Мінскай вобласці. За тры дні не здабылі аніякіх вынікаў. Прозвішча прадзед трансфарміраваў кардынальна, не захаваў нават яўрэйскай асновы слова. Зваротны пераклад з рускай мовы на яўрэйскую даваў вельмі шмат варыянтаў. Параіў жанчыне весці пошук у архівах Расіі. Звярнуў яе ўвагу на тое, што ў СССР перасялялі людзей выключна ў далёкія і неабжытыя халодныя паўночныя рэгіёны.

Час паказаў, што гэта не так. Аднойчы ў Мінскім абласным архіве вывучаў дакументы аб Мірановічу — Фінкельштэйну Я.Ф. Выпадкова ў поле зроку трапіла несамавітая шэрая паперка аб перасяленні жыхароў Ігуменшчыны і тагачаснага Смілавіцскага раёна. Капнуў глыбей. Здзіўленню не было межаў. Сапраўды, у сакавіку — ліпені 1927 года адбывалася перасяленне смілавіцкіх і чэрвеньскіх яўрэяў на поўдзень СССР — у Джанкойскую акругу, горад Еўпаторыю (Крым). Беларусаў жа перасялялі ў Амурскую, Ачынскую, Іркуцкую, Томскую, Уральскую, Хабараўскую і іншыя акругі.

На падставе дакументаў больш падрабязна засяроджу ўвагу на цяжкім і сумным для людзей працэсе. Мяркую, што аповяд можа зацікавіць чытачоў раёнкі.

Ажыццяўляў гэтую справу народны Камісарыят Земляробства БССР, а на месцах — акруговыя зямельныя ўправы, райвыканкамы, сельсаветы. Сумесна з упаўнаважанымі ў сельсаветах складаўся спіс перасяленцаў. Так званая добраахвотнасць заключалася ў словах «ты паедзеш». Адбор праходзіў суб’ектыўна. У першую чаргу адпраўлялі на чужыну незадаволеных уладай. Выдавалася нумарное перасяленчае пасведчанне на галаву сям’і з пералікам усіх ад’язджаючых з ім членаў сям’і, іх узросту. У ім адзначалася і колькасць дамачадцаў, якія заставаліся на радзіме. Абавязкова ў пасведчанні паказвалі асоб жаночага полу. Абмежаванняў у іх выяздзе не было. Вызначаўся дакладны адрас перасялення, нават нумар участка, колькасць зямлі ў долях з улікам кожнага чалавека. Перасяленцу дазвалялася, і маральна заахвочвалася, перавозіць з сабою на чужыну коней, валоў, быкоў, кароў, авечак, свіней; вытворчыя прылады працы — плугі, бароны, вазы, косы; хатні скарб — дзежкі, бочкі, інструмент. Улады спадзяваліся, што з цяглавай жывёлай людзі хутчэй асвояць зямлю. Прааналізаваў каля 100 пасведчанняў: каней, валоў, кароў у ад’яджаючых не было.

Звяртаю ўвагу чытачоў на перасяленчаскае пасведчане №61. Вельмі цікавы дакумент. Згодна яму, у Джанкойскую акругу выязджаў смілавіцскі яўрэй Каган Айзік Беркавіч, 28-і гадоў ад роду. Сумесна з ім туды адпраўляліся яшчэ 13 чалавек — цэлы кагал радні.

Вось яны: Елін Гірш Лейбавіч — 28г., Гантман Гірш Файвішавіч, Гантман Файфіш Файвішавіч — 18г., Гантман Бейес Файвішавіч — 16г., Фейгельман Лейба Срол — 22г., Палей Файва Сім. — 33г., Фрыд Абрам Лейзаравіч — 38г., Фрыд Файва Лейзаравіч — 16г., Кац Шлема Абрамавіч — 42г., Фрыдман Юдэль Ісаакавіч — 49г., Фрыдман Ісаак Ісаакавіч — 24г., Давідовіч Генаф Ісаакавіч — 21г.

Сярод іх знаходзілася толькі адна жанчына — двадцацігадовая Малка Давідовіч. Ніякага скарбу да перавозкі не было заяўлена.

У пасведчаннях не знайшлі адлюстраванне адукацыя, спецыяльнасці людзей, іх заняткі, іншыя сацыяльныя характарыстыкі.

У Джанкойскую акругу са Смілавічаў у 1927 годзе выехалі:

Шамес Зелік Майс. — 18г.,

Шапіра Мейлах — 44г.,

Клейн Майсей — 24г.,

Вайтовіч Якаў Май (Вайтоўскі)

Каган Айзік Беркавіч — 28г.,

Шамес Гірш — 16г.,

Шамес Рейза Янкелевіч — 40г.,

Шульман Міня — 50г.,

Грабенчык Іцка,

Клейн Доба — 21г.,

Шамес Ісаак — 7г.,

Шамес Янкель — 5г.,

Клейн Міня Майсеяўна (дачка Клейна),

Шульман Фейва Янкелевіч, 26г., жонка: Саша — 26г., дочкі: Ента — 6г., Цыра — 4г., Рыва — 1г.,

Фрыдлянд Сімон Хаймавіч — 43г.,

Эйг Нісан Юдзелевіч — 20г.,

Пеўзнер Абрам Гіршавіч — 33г.,

Шамес Зелік Майсеевіч — 18г.,

Клейн Майсей — 29г.,

Ліфшынец Самуіл Лейбавіч (Узляны),

Голуб Хаім Моўшавіч (Узляны) — 20г.,

Пінхасік Меяр Лейбавіч — 21г.,

Шапіра Мейлах Гіршавіч — 44г.

Вось яшчэ адзін факт. Мінчанін Фінкельштэйн Сана 30-гадовага ўзросту быў таксама пераселяны са смілаўчанамі, але ў Еўпаторыю. Лічу, што гэта — сваяк бацькоў будучага Героя Сацыялістычнай Працы Мірановіча — Фінкельшнтэйна. Мабыць, Сана часова пражываў у сваякоў.

Зацікаўлю і знаўцаў гісторыі горада Чэрвеня. Перасялялі ў 1927 годзе і чэрвеньскіх яўрэяў. Але ёсць адна нерасшыфраваная мною асаблівасць дзейнасці ўлад. 3 горада Чэрвеня яўрэяў перасялялі ў горад Еўпаторыю. Вось невялікі пералік:

Рубенчык Самуіл Боркавіч,

Гельфанд Майсей Берковіч,

Ліўшыц Манус Гілелевіч,

Кабакоў Іцка Сімонавіч,

Фрыд Екель Эльявіч,

Свярдлоў Майсей Янкелевіч.

Сучасным чэрвеньскім носьбітам такіх прозвішчаў можна шукаць у Еўпаторыі сваякоў.

А можа хто і падтрымлівае сувязі? Прапаную адгукнуцца праз газету.

Адпраўляліся з горада Чэрвеня людзі і ў Джанкойскую акругу. У іх ліку: Грынглаз Шлёма Беркавіч, Тасічын Ісаак, Файнберг Якаў Абрамавіч, Ліўшыц Шыльма Оглер, Кукіш Вульф Насонавіч,

Красільшчык Лейба Вульфавіч і яго сын Гірша.

Спадзяюся, што мой артыкул высвяціў яшчэ адну старонку нашай гісторыі. Хтосьці ўспомніць далёкіх сваякоў, хтосьці зможа напісаць радок у свой радавод.

Мяркую падоўжыць аповяд і прысвяціць яго перасяленцам-беларусам. Шмат яны зведалі на чужыне. Для нашчадкаў патрэбна назваць іх прозвішчы.

Іван Ярашэвіч,

г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *