Алег НАВІЦКІ: «Я ЗАЎСЁДЫ І ЎСЮДЫ АДЧУВАЮ СЯБЕ БЕЛАРУСАМ…»

Люди и судьбы

Крыху больш за тры гады таму я выпадкова даведалася ад сваёй колішняй настаўніцы матэматыкі СШ №2 г.Чэрвеня Вольгі Васільеўны Ефіменка, што мой аднакласнік Алег Навіцкі стаў кандыдатам у касманаўты, жыве, вучыцца, трэніруецца ў расійскім Зорным гарадку. Гэта здавалася абсалютна неверагодным і недасягальным!

Падчас прыезду ўвосень 2008-га года Алега да бацькоў у Чэрвень мы сустрэліся з ім і пагутарылі. Вынікам сталася інтэрв’ю-аповед «Мой аднакласнік — кандыдат у касманаўты». А напрыканцы 2011-га ён сам патэлефанаваў мне з Зорнага: «Ведаеш, у нашай другой школе ладзяць сустрэчу. Пойдзем разам?» Ну вядома! Але напачатку дамаўляюся на чарговае інтэрв’ю.

Ён ізноў змяніўся, мой аднакласнік! У тым ліку і знешне. Пасталеў, узмужнеў. Яшчэ больш упэўненасці з’явілася, саліднасці, прадстаўнічасці, сур’ёзнасці, адказнасці… Добра пастаўлены голас, арыгінальнасць меркаванняў, выдатныя якасці выступоўцы… А вось сціпласць, таварыскасць у стасунках захаваліся, і гэта вельмі прыемна…

Да вашай увагі, шаноўныя сябры, інтэрв’ю касманаўта-выпрабавальніка.

— Раскажы, калі ласка, што змянілася пасля твайго аповеду ў 2008-ым. Якім чынам ты з кандыдатаў перайшоў у касманаўты? Здаваў іспыты?

— Так. Іспыты мы здалі за двухгадовы курс агульнакасмічнай падрыхтоўкі. А потым перайшлі да падрыхтоўкі ў групах. Гэта больш паглыбленае вывучэнне ўсіх сістэм — карабля, станцыі, толькі расійскага сегменту. У 2009-ым паўгода правёў у Амерыцы, дзе быў прадстаўніком Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. Менавіта там даведаўся, што прызначаны ў экіпаж 33-й экспедыцыі…

— І што ты адчуў у той момант?

— Напачатку не паверыў, бо некаторыя касманаўты-выпрабавальнікі са старэйшых набораў яшчэ не былі залічаны ў экіпажы… А тут, атрымліваецца, мяне ўзялі з малодшага набору. Безумоўна, было вельмі прыемна. І з’явілася жаданне апраўдаць аказаны давер… Вось пасля вяртання з Амерыкі і пачалася ўжо мэтанакіраваная падрыхтоўка да работы на станцыі, караблі менавіта ў складзе прызначанага экіпажа. А гэта я як камандзір карабля «Саюз-32», калега з папярэдняга набору падпалкоўнік Яўген Тарэлкін і амерыканец Кевін Форд, палкоўнік у адстаўцы.

— А ў цябе якое званне?

— Я ўжо год як палкоўнік. Зараз — камандзір групы агульнакасмічнай падрыхтоўкі. Пасля залічэння ў экіпаж, у асноўным, працуем такім складам. Мы з Яўгенам трэніруемся ў Зорным, наш амерыканскі калега — у Хьюстане, НАСА. За год у нас было ўжо тры камандзіроўкі ў Амерыку, дзе мы вывучалі амерыканскі сегмент, два разы ездзілі ў Еўропу (Германія), каб пазнаёміцца з еўрапейскім сегментам, і тыдзень працавалі ў Японіі, Токіа, вывучаючы японскі сегмент. З дзявятага студзеня мы — зноў у Амерыцы…

— Алег, а як праходзіць дзень касманаўта-выпрабавальніка?

— Даволі руцінна. Гадзін у сем ужо на нагах, хаця заняткі ў нас з дзевяці. Я звычайна прыходжу туды крыху раней, каб пагартаць дакументы, узнавіць неабходныя паняцці, веды, бо яны даволі аб’ёмныя зараз. Заняткі праходзяць да шасці гадзін вечара, з гадзінным перапынкам на абед. У асноўным, адна карабельная трэніроўка доўжыцца чатыры гадзіны, заняткі — двойчы па дзве гадзіны…

— Цяпер лётнай падрыхтоўкі ўжо няма, з парашутам, як у 2008-ым, не скачаш?

— Не.

— І не сумуеш па экстрыму?

— Па шчырасці, хацелася б і паскакаць, і палётаць… Палётаць, мусіць, у большай ступені, бо гэта бяспечней. А вось скачкі адназначна прыпынены. Бо маленькая траўма — і можна вылецець з абоймы надоўга…

— Памятаю, што два гады таму цябе чакала аперацыя на калене. Як узнавіўся?

— Усё выдатна. Калена як новае. Адзінае, што зараз не гуляю ў футбол — па той жа прычыне…

— Калі ўжо загаварылі пра здароўе… Часта кажуць: «Ціск — як у касманаўта, пульс — як у касманаўта»… Гэта якія паказчыкі?

— У мяне нармальны ціск — 110-115 на 65-70, пульс — 65-68 удараў у хвіліну. У кожнага існуюць пэўныя фізіялагічныя асаблівасці арганізма. Але ёсць мяжа. Напрыклад, на выпрабаваннях па фізпадрыхтоўцы верхні ціск не павінен выходзіць за 210. Звычайна ў мяне ўзнімаецца да 160-180, рэдка калі пад 200. Нармальна. Чым большая розніца паміж верхнім краем і ніжнім, тым большы сардэчны патэнцыял…

— А колькі падчас тваіх цяперашніх заняткаў тэорыі, колькі практыкі?

— Зараз, на этапе падрыхтоўкі экіпажу, у асноўным, ідзе практыка. Асновы ўжо вывучаны на этапе агульнакасмічнай падрыхтоўкі. Пасля гэтага мы працавалі ў групах, дзе даволі глыбока вывучалі сістэмы і таксама здавалі іспыты. Таму зараз, у асноўным, — практычнае прымяненне ведаў. У нас ёсць поўнапамерны макет нашага расійскага сегмента, два модулі, зараз збіраюць яшчэ два малыя доследныя модулі, стыковачны адсек цалкам, тры макеты карабля…

— Яно ўсё натуральнае?

— Абсалютна натуральнае. Адпрацоўваюцца ўсе этапы — ад вывядзення на арбіту да спуску. Стыкоўкі, перастыкоўкі і, адпаведна, усе няштатныя сітуацыі, якія могуць здарыцца — пажар, разгерметызацыя… Створаная атмасфера набліжана да рэальнай максімальна. У макетах карабля, станцыі ўзноўлена ўсё абсталяванне, яно працуе. Прычым калі ў караблі, скажам,  пажар, дык рэальна ідзе дым. Можа, толькі не такі гарэлы, а густая пара. Гэтак жа апранаецца процівагаз. Не так даўно мы ездзілі ў арганізацыю «Звязда», якая робіць модулі. Там ёсць макет двух нашых, састыкаваных, дзе рэальна падае ціск. І мы працуем па ліквідацыі, скажам, прабоіны ў адсеку, яго ізаляцыі, ушчыльную да эвакуацыі ў карабель.

— Значыць, на арбіце вы фактычна не павінны адчуць, што вы там, апрача «карцінкі» ў ілюмінатары?

— Так. Бязважкасць, зорнае неба ў ілюмінатарах ды іншы графік работы…

— А выхад у адкрыты космас?

— Прадбачыцца адзін, але мы спадзяёмся, што іх усё ж будзе два. Зараз мы якраз здавалі такі іспыт, літаральна перад маім ад’ездам сюды — па знешнекарабельнай дзейнасці, а па-простаму — працы «за бартом». Разам з Яўгенам Тарэлкіным здалі на «выдатна». Інструктары і прадстаўнікі карпарацыі засталіся задаволенымі як узаемадзеяннем у экіпажы, так і работай кожнага паасобку. Падчас іспыту ўводзілі няштатныя сітуацыі — калі заканчваецца кісларод у адным балоне, адмовілі вентылятары… Усё павінны распазнаць, далажыць… Ведаць, як паказаць свайму таварышу, што няма электрасілкавання, радыёсувязі, каб ён пайшоў з табою назад…

— Наколькі спакойна і вытрымана ты сябе адчуваеш у такіх сітуацыях?

— Лічы, цалкам нармальна. Можа, таму, што дае пра сябе ведаць лётная падрыхтоўка, дзе прывык працаваць, у асноўным, самастойна. А тут практычна ўсё ідзе праз даклад на Зямлю, усё выконваецца па ўказаннях адтуль. За выключэннем якойсьці няштатнай сітуацыі…

— А цяпер у вас атмасферу бязважкасці не ствараюць?

— Ужо не. Мы ўсё адпрацавалі на этапе агульнакасмічнай падрыхтоўкі. У прынцыпе, адчулі, што гэта такое, зразумелі, што не страшна, абсалютна нармальна. За тыя дваццаць секунд, калі атмасфера бязважкасці стваралася ў самалёце, можна было нават паспець вады папіць…

— Тады — наконт вады і не толькі. Прыгадваю фільм «Сірата казанская». Там прывозяць набор харчавання касманаўта ў цюбіках. А што ў вас?

— У нас, у асноўным, ідуць сублімаваныя прадукты. Пры вельмі нізкай тэмпературы яны абязвожваюцца, затым падсушваюцца. І захоўваюцца ў брыкетах у запаяным поліэтылене. Вялікая колькасць кансерваў — у бляшанках. А цюбікаў такіх, як у фільме, ужо вельмі мала засталося. У асноўным, у іх прыправы. Я прывёз адзін школьнікам паказаць. Сокі ідуць у пакетах. Чай — у пластыкавых пакетах. Мяса, супы — таксама там па-рознаму.

— А бляшанкі якім чынам адчыняць?

— Там ёсць ключ. І яшчэ такі чамаданчык на пяць бляшанак. Зачыняеш, яны разаграваюцца. Дастаеш і пачынаеш ужываць…

— І як па смаку?

— Вельмі смачна. Асабліва — расійскае харчаванне. У нас нядаўна праходзіла дэгустацыя. Пяць дзён замест абедзеннага перапынку мы хадзілі ў медупраўленне і каштавалі ўсе прадукты харчавання — з выстаўленнем адзнак і колькасці разоў, пры ўмове ўжывання гэтага на працягу 16 дзён. Затым медыкі складуць рацыёны харчавання, якія «Прагрэсам» перад нашым стартам адправяць на міжнародную касмічную станцыю, каб яны ўжо чакалі нас там.

— А што больш за ўсё табе спадабалася?

— Мяса, салаты, рыбы вельмі шмат. Прычым мы каштавалі таксама амерыканскую «касмічную» ежу ў Хьюстане, еўрапейскую ў Кёльне і японскую ў Цукубе. Але расійская нашмат нам бліжэй.

— А на станцыі як — кожны сваё будзе есці?

— Так, у асноўным, для кожнага — свой рацыён харчавання. Але паколькі экіпаж міжнародны, звычайна вячэру гатуюць усе разам. Кожны бярэ тое, што яму падабаецца, ідзе абмен. Напрыклад, наш тварог на якіясьці амерыканскія прадукты. Гэта цалкам рэальна і нармальна.

— Калі Кевін Форд прыязджае сюды, ён таксама каштуе расійскую «касмічную» ежу?

— Так. Але асноўны рацыён амерыканцы заказваюць у сябе. А наша ідзе для іх як бонус-кантэйнер. Мы таксама можам заказаць такі ж сабе — з Японіі, Еўропы альбо Амерыкі.

— Падчас нашай вучобы ў школе пры тагачасным выхаванні мы ўсе цікавіліся космасам, хоць і, так бы мовіць, аддалена. Апрача цябе, зразумела (смяёмся). Цяперашнія вучні — практычна не. А як з гэтым у Расіі?

— А ў Расіі гэта ўсё развіта. Ладзіцца шмат экскурсій. Касманаўтаў-выпрабавальнікаў часта запрашаюць на сустрэчы ў іншыя гарады і нават рэспублікі. І ў каго ёсць вольны ад заняткаў час, таго і накіроўваюць на сустрэчы — менавіта з моладдзю. І дзеці насамрэч цікавяцца, задаюць шмат пытанняў…

— Алег, наколькі твая сям’я — жонка Юлія і дачка Яна — гатова да таго, што муж і тата можа паляцець у космас?

— Ведаеш, а жонцы нічым не лягчэй было (дачка тады яшчэ малая была) чакаць мяне з кароткага гадзіннага палёту ў Чачню… Нічым не лягчэй, чым перажываць мірны паўгадавы палёт у космас. Як кажуць, не мы першыя, не мы апошнія. Ужо колькі сем’яў гэта перажылі…Жонка ж будзе ведаць, што адбываецца на станцыі. Да таго ж, часта наладжваецца відэасувязь, калі сям’ю прывозяць у Цэнтр кіравання палётамі. Дарэчы, я магу са станцыі падчас сеансаў сувязі патэлефанаваць на любы нумар…

— Патэлефануеш мне з космасу?

— Абавязкова!

— Я буду чакаць (смяёмся)… А твая дачка ганарыцца, што тата — касманаўт?

— Яна — даволі сціплая, ніколі гэта не выстаўляе напаказ. Ёй 15 гадоў ужо. У школе не афішуе, хаця там вучацца і іншыя дзеці касманаўтаў. Таму гэтым нікога не здзівіш. Адносіны даволі роўныя…

— Алег, у цябе — расійскае грамадзянства. А калі ты паляціш у космас, будзеш лічыць сябе трэцім беларускім касманаўтам?

— Хацелася б ім стаць…Незалежна ад таго, што я — грамадзянін Расіі, я адчуваю сябе беларусам. І ўсе ў атрадзе касманаўтаў ведаюць, што я — беларус. Прычым не толькі ў атрадзе… Яшчэ да гэтага, калі служыў у палку… У Акадэміі… Калі мама прыехала туды на выпуск, уся наша група спявала беларускія песні! Да слёз мама расчулілася — не ведала, што ў Расіі так беларусаў любяць…

— А наколькі табе яшчэ памятаецца беларуская мова?

— Я спакойна цябе разумею. Але пераключыцца на размоўную чыста беларускую мову адразу цяжкавата. Затое два-тры дні пабуду тут — і ўжо размаўляю з нармальным беларускім акцэнтам, даволі моцным (смяёмся).

— А з кім у Беларусі ты падтрымліваеш сувязі?

— У асноўным, з родзічамі. Некалі разоў сустракаўся з аднакласнікамі. А так не атрымліваецца прыехаць… Звычайна тэлефаную перад прыездам дахаты. Зараз мы дублюем 31-ую экспедыцыю. У іх старт 30 сакавіка. Затым два тыдні адпачынку — і напружаная праца да верасня…

— А ты гатовы, калі што, у космас — 30 сакавіка?!

— Канешне! Гатовы! Бо паралельна ідзе падрыхтоўка двух экіпажаў.

— А як часта бывае, што ляцяць дублёры?

— Было, па-мойму, толькі адзін раз — з-за хваробы члена экіпажа. Тады мяняецца экіпаж цалкам.

— Алег, а як і дзе ты звычайна сустракаеш Новы год?

— У асноўным — дома, з сям’ёй, сябрамі. Стараемся збірацца ў нас. Святкуем да 1.00-1.30, затым можам пайсці да астатніх сяброў ці дзесьці на вуліцы сустрэцца…

— А ці парушаецца падчас свята рэжым?

— Канешне, не. Алкаголь не вітаецца. Усё ж чатыры медкамісіі ў год дысцыплінуюць. Але келіх шампанскага на Новы год ніхто не забараняе…

— А бутэльку?

— Бутэльку — можна, але за тыдзень (смяёмся)… Курэнне не вітаецца таксама, гэта моцная нагрузка на сэрца.

— А што ты можаш параіць дзецям, якія ўсё ж і зараз мараць стаць касманаўтамі?

— Абраць больш прамы шлях да мары. А гэта — здароўе, спорт, добрая адукацыя школьная і які-небудзь тэхнічны інстытут, пажадана звязаны з машынабудаваннем. Думаю, інтэграцыя Беларусі і Расіі будзе мацнець і ў гэтай сферы. Зараз жа фарміруюцца міжнародныя экіпажы… А калі ідзе адбор у атрад касманаўтаў, то разглядаюцца ўсе кандыдатуры.

— І які працэнт жадаючых праходзіць?

— Скажу так: у нашу групу набралі сем чалавек — пяць афіцэраў і двое грамадзянскіх. Адбіралі толькі з тых, хто па медыцынскіх параметрах больш-менш падыходзіў. Гэта дзесьці з чатырох з паловай тысяч чалавек… Так што жадаючых дастаткова…

— Скажы, калі ласка, а што ты адчуваеш, калі прыязджаеш сюды, на сваю малую радзіму?

(Задуменна) Спачатку я адчуваю вострае жаданне сюды паехаць. Вось гэтым разам мы з жонкай збіраліся выехаць пад раніцу. Але я паспаў гадзіны паўтары — і мы выехалі ў гадзіну ночы. Бо не спалася… Хочацца тады хутчэй сесці за руль і ехаць дадому. Звычайна я вельмі радуюся перасячэнню мяжы. З’яўляецца прыўзняты настрой — вось я і дома. І няхай сабе еду з расійскім пашпартам — гэта няважна… Родная рэспубліка… Родная хата, участак, лазня… Родныя твары… Прыемна…

— Якія тут любімыя заняткі?

— Падабаецца збіраць грыбы ў сезон. Рыбалка — толькі калі рыба бярэцца. Паляванне люблю, маю паляўнічы білет…

— А што ты маеш з адметных дакументаў з Зорнага?

— Пасведчанне касманаўта за № 201. Але не з сабою. Яно спецыяльна зроблена такога памеру, каб не змяшчалася ва ўнутраную кішэню. Вялізнае.

— А вось яшчэ нават да палёту ўсе вы называецеся касманаўтамі?

— Так, касманаўты-выпрабавальнікі. А пасля палёту — лётчыкі-касманаўты.

— Вялікі дзякуй за гутарку! Поспехаў табе і ажыццяўлення запаветнай мары ў рэале!

— Дзякуй!

— І на заканчэнне, калі ласка, пажаданні чытачам «Раённага весніка» напішы. Па-беларуску…

— З задавальненнем!

 

Гутарыла

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *