Ён прыкіпеў да іх сэрцам

Люди и судьбы

21 год працуе ў Чэрвенскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця выхавальнік
Анатоль Віктаравіч Іваноў. У яго групе – 25 хлопцаў: дзяцей і маладых інвалідаў ва ўзросце ад 11-ці да 31-го года.

За такі вялікі час тут многае змянілася. Анатоль Віктаравіч прыгадвае, што напачатку яго работы інтэрнат быў зачыненай ўстановай і да яго выхаванцаў былі асаблівыя, іншы раз, непрыязныя адносіны людзей. Сёння дзеці з дома-інтэрната не прыцягваюць ужо ўвагу насельніцтва: і апрануты добра, і паводзінамі не вылучаюцца. У іх ёсць усё самае неабходнае і нават больш. Аднак яны абдзелены самым дарагім — хатнім цяплом і матчынай пяшчотай. …

Добра ўсведамляючы гэта, Анатоль Віктаравіч па-магчымасці стараецца замяніць ім бацьку і стварыць у сваёй групе дамашнюю абстаноўку. Тут сапраўды жывуць адной вялікай сям’ёй. Калі неабходна прыняць якое рашэнне – абмяркоўваюць яго разам. Так было, напрыклад, калі ўзялі да сябе хлопца на калясцы. Наведвалі яго ўсе разам, а потым вырашылі забраць да сябе ў групу. Прычым, умова была такая – дапамагаць даглядаць яго. І вось цяпер ён паўнавартасны член гэтай дружнай сям”і.

Выхаванцы гэтай групы атрымліваюць рознабаковае развіццё, бо тут іх рыхтуюць да самастойнага пражывання. Дзеці ўсё робяць самі пад наглядам і, калі трэба, з дапамогай Анатоля Віктаравіча. Усе хлопцы добра ведаюць, што такое асабістая гігіена і з задавальненнем падтрымліваюць сваё цела ў чысціні. Кожную раніцу выводзіць выхавальнік сваю групу на двор на зарадку ў любое надвор’е і пару года. “Гэта толькі на карысць ім, — лічыць Анатоль Іваноў. — І стан задроўя ў многіх палепшыўся. Вось у хлопца была гіпаксія, недахоп кіслароду. Раней часта хварэў, у бальніцы ляжаў. Зараз ўсё ў мінулым”.

Ды і самі выхаванцы прызвычаіліся да фізкультуры і палюбілі спорт. Самі зрабілі футбольную пляцоўку, займаюцца баскетболам. Удзельнічалі ў абласных спаборніцтвах і занялі другое месца. Вова Еўлаш, калясачнік, нават з парашутам скокнуў. Пра гэта быў сюжэт па тэлебачанні.

Выхавальнік стараецца, каб дзеці не замыкаліся ў чатырох сценах і мелі больш стасункаў з навакольным асяроддзем. Два гады таму адпачывалі цэлы тыдзень ў Ратамцы ў прыватнай аграсядзібе. Дзеці вучыліся жыць самастойна: гатавалі сабе ежу, прыбіралі, клапаціліся пра тых, каму была патрэбна дапамога. Усё, як у звычайнай сям”і.
Сябруе група з вучнямі СШ №3. Дзеці з інтэрната часта наведваюць школьнікаў і наадварот. Вось і цяпер рыхтуюць разам спектакль па казцы “Калабок”. Раней “Рэпку” ужо дэманстравалі школьнікам і выхаванцам дома-інтэрната. Шмат для развіцця гэтых стасункаў робіць намеснік дырэктара СШ№3 па выхаваўчай рабоце Таццяна Альбертаўна Гамеза.

Анатоль Віктаравіч для сябе лічыць галоўным ставіцца да сваіх дзяцей, як да здаровых. Аднаго разу прывезлі хлопца з другога інтэрната, а той плача, маўляў, не чытайце маю характарыстыку – я не такі… І хлопец той праз два гады вучыцца паехаў… Ды яшчэ двое з яго групы таксама набываюць прафесіі.

— Прыкіпеў я да іх сэрцам, — гаворыць выхавальнік. — Куды ад іх пойдзеш, калі на цябе глядзяць гэтыя вочы з надзеяй і чаканнем. І як пацвярджэнне яго слоў, адчыніліся дзверы пакоя, дзе мы гутарылі, і ціхенька ўвайшоў самы маленькі выхаванец групы – стаміўся чакаць, калі скончыцца наша размова. Сеў побач з “татам” (так называюць Анатоля Віктаравіча хлопцы), узяў за руку і з пяшчотай прытуліўся да яе шчакой…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *