ПРАЦЯГВАЕ ДЫНАСТЫЮ

Люди и судьбы

Большая частка жыцця маці і бацькі Галіны Яўгенаўны Ігнаценка — Валянціны Лаўрэнаўны і Яўгена Аляксандравіча Казловых — была звязана з выкладчыцкай дзейнасцю ў Смілавіцкім зоаветтэхнікуме. Агульны стаж іх працы склаў 66 гадоў. І сёння падрыхтаваныя імі спецыялісты з удзячнасцю  ўспамінаюць таленавітых педагогаў. Выпускнік 1979 года В.П.Ярашэвіч адзначае: «Ветэрынарам я стаў дзякуючы намаганням Яўгена Аляксандравіча. Умеў ён вылучыць галоўнае ў выкладанні матэрыялу і забяспечыць моцнае яго засваенне.»

З маленства  Галіна Яўгенаўна назірала, як бацькі вядуць заняткі, наведвалася ў лабараторыю. Таму ў  выбары жыццёвага шляху ваганняў не было. Пасля школы свядома вырашыла ісці па сцежцы бацькоў. У 1975 годзе закончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут. Чатыры гады падмацоўвала веды ў Бярэзінскай  раённай ветэрынарнай лабараторыі, як і раілі бацькі. Толькі пасля гэтага перайшла ў 1979 годзе да навучання моладзі ветэрынарнай справе. Працуе рупліва, ініцыятыўна, творча. З’яўляецца выкладчыкам вышэйшай катэгорыі. Дасканала валодае методыкай выкладання і выхавання. Заняткі праводзіць на высокім метадычным і навуковым узроўні, з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў. Укараняе ў навучальны працэс вопыт перадавых гаспадарак, дасягненні сельскагаспадарчай навукі. Лабараторыя ветэрынарна-санітарнай экспертызы з’яўляецца не толькі месцам навучання, але і цэнтрам развіцця творчасці навучэнцаў. Пад яе кіраўніцтвам яны займаюцца даследваннямі, вопытамі, эксперыментамі. Неаднаразова вынікова ўздзельнічалі ў навукова — практычных канферэнцыях навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Таму і паспяховасць у яе высокая па выкладаемых дысцыплінах — аснове будучага прафесіяналізму спецыяліста.

Галіна Яўгенаўна — куратар групы. Да кожнага свайго выхаванца ставіцца, як чулая маці. Экскурсіі, інфармацыі, іншыя мерапрыемствы — дадатак да шчырых душэўных  размоў, дапамогі кожнаму. Яе выхаванцы становяцца добрымі сем’янінамі, свядомымі і законапаслухмянымі грамадзянамі, патрыётамі, дбайнымі працаўнікамі. Не забывае свайго куратара  Вольга Сіліцкая, ветэрынарны фельчар ААТ «Ждановічы». У тэлефонных размовах дзякуе за навуку, выхаванне, просіць парад і не адна такая выхаванка. Гэта цешыць сэрца педагога — нездарма шчыравала.

Пра яе можна гаварыць і як пра настаўніка настаўнікаў. Галіна Яўгенаўна ўзначальвае цыклавую камісію ветэрынарных дысцыплін. Вучыліся ў яе педагагічнаму  майстэрству маладыя выкладчыкі Юрый Смаленскі, Таццяна Адамушка, Віктар Патапенка. І сёння, хоць ужо і набылі пэўны вопыт, раяцца з ёю, абмяркоўваюць праблемы.

Сваімі творчымі набыткамі Галіна Яўгенаўна дзялілася з калегамі на навукова — вытворчай канферэнцыі ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Галіна Яўгенаўна  — чалавек нястомны не толькі ў працы, але і ў чуласці да людзей, у дапамозе ім. Таму і аўтарытэт мае высокі.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *