З РОДНАЙ МОВАЙ — ПА ЖЫЦЦІ…

Люди и судьбы

Вось ужо чвэрць стагоддзя перадае вучням Руднянскай школы сваю захопленасць творчасцю Багдановіча, Шамякіна, Мележа ды іншых беларускіх пісьменнікаў, а таксама любоў да роднай мовы яе выкладчыца, ураджэнка Краснапольшчыны Надзея Мікалаеўна Пшанічная. А яе агульны педагагічны стаж складае 32 гады.

Сваю настаўніцкую дзейнасць малады спецыяліст пачынала на малой радзіме. На Чэрвеньшчыне ж апынулася па волі лёсу. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС яе родная вёска Дубраўка трапіла пад абавязковае адсяленне. Больш за тое — гэтая кропка ўвогуле знікла з карты, бо ўсе пабудовы, сядзібы, прысады былі няўмольна зруйнаваныя і засыпаныя зямлёй… На некаторы час месцам прытулку для Надзеі Мікалаеўны стала Украіна, а чвэрць стагоддзя таму — наша Чэрвеньшчына, якая зараз для сям’і Пшанічных больш чым проста месца пражывання…

У свой час Надзея Мікалаеўна скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, набыўшы, як часцей за ўсё было прынята ў тыя гады, адразу дзве спецыяльнасці — выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры і рускай мовы і літаратуры. Аднак канчатковы выбар справы ўсяго жыцця быў зроблены на карысць роднай мовы. Сталася звыклай яна для Надзеі Пшанічнай і ў хатнім ужытку.

У выніку не толькі вучні Руднянскай школы, але і адна з дачок настаўніцы, Ірына, вырашыла звязаць свой лёс з педагогікай, з роднай мовай і літаратурай. І атрымалася педагагічная дынастыя, у якой яшчэ цётка і дзядзька Надзеі Мікалаеўны таксама былі настаўнікамі…

Як і любому педагогу, Надзеі Пшанічнай памятаюцца практычна ўсе яе вучні з шасці выпускаў. Хтосьці — больш ярка, хтосьці — менш, але — усе. І як у любой школе, былі і ёсць у гэтай настаўніцы таленты — разгледжаныя своечасова, развітыя, любоўна выпеставаныя… Гэта — аўтары вершаваных радкоў, сачыненняў, удзельнікі прадметных алімпіяд… Настаўніцкі гонар. І — паказчык таго, што праца педагога — плённая і выніковая…

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *