60 ГАДОЎ — У ШЛЮБЕ. І Ў ПРАЦЫ НЕСУПЫННАЙ

Люди и судьбы

А гэты аповед — пра другую сямейную пару з в.Волма: Міхаіла Піліпавіча і Вольгу Васільеўну Гаўрыльчыкаў. Іх даўняе (арыгінальнае, не ўзноўленае!) пасведчанне аб шлюбе, якое захавалася і да гэтага часу, пацвярджае: яны ўжо разам 60 гадоў. А брыльянтавае вяселле было сёлета, 17 лютага — праз тры дні пасля такога ж свята сямейства Горгунаў, пра якіх ужо распавядаў «Раённы веснік». Ну, а сёння знаёмім з Гаўрыльчыкамі.

Калі пачалася вайна, яны былі яшчэ дзецьмі. Няпоўных 13 гадоў — яму, 11 (фактычна, а не па запісе) — ёй. Але і да падзей вогненных саракавых ім, малым, у пэўным сэнсе давялося сутыкнуцца з вогненнай стыхіяй. Па словах Вольгі Васільеўны (у дзявоцтве — Лысай) у 1934-ым годзе іх хата згарэла. Адбудавацца ж на зямлі ўздоўж вуліцы — упоравень з іншымі — проста… не далі. Бо тата, Васіль Пятровіч Лысы, напачатку вырашыў не ісці ў калгас, а застацца аднаасобнікам.

— Збяруцца разам з Алёшам, які жыў насупраць, — прыгадвае Вольга Гаўрыльчык, — і давай меркаваць: «Ну што — ісці ў калгас? Дык каня, калёсы, плуг — усё давядзецца аддаць. А як жыць? І як хату зрабіць?» А старшыня калгаса дык тры разы прыходзіў угаворваць! «Васіль, — кажа на тату, — ідзі ў калгас. Табе дадзім зямлі, дзе захочаш, і паставім за тыдзень хату». Але так і не ўгаварыў добраахвотна пайсці. А тады ўсё роўна ж давялося. І дабро з Алёшам аддалі. Ды яшчэ казалі: «Во дурныя… Чаму адразу не пайшлі?!» Калі б хата не згарэла, дык, мо, і раскулачылі б. А так, лічы, усё пагарэла. Толькі куфар застаўся. А ў ім — сякія-такія рэчы…

Так і давялося сям’і ў сярэдзіне 30-х гадоў будавацца далёка ад роўнай шарэнгі хатаў. Атрымалася — у некага на агародзе. А

Браты

колькі сварак было, пагрозаў… Нават да ваеннага пракурора звярталіся — па справядлівасць. І ўсё ж стаіць у глыбіні вёскі тая хата і дагэтуль, падбіраючыся ўжо да свайго 80-годдзя. Нераскіданая, няскораная… Служыць сям’і верай і праўдай. А будаваць яе дапамагалі браты Вольгі Васільеўны — Міхаіл ды Іван. Міхаіл яшчэ да вайны адслужыў у войску, пайшоў за лейтэнанта вучыцца… А тут — ворагі. Загінуў. А Іван быццам бы застаўся жывы, але — без ног. Казалі, што жыў у Доме інвалідаў у Маскве. Расказвалі, што хтосьці яго там нават бачыў. Але дахаты вестак ён так і не прыслаў… На ўспамін пра братоў застаўся ў Вольгі Васільеўны іх фотаздымак у рамцы на сцяне. Побач з фотаздымкам бацькоў — Васіля Пятровіча і Марыі Фёдараўны Лысых. Яны — нябачныя і нячутныя — бы маўкліва прысутнічаюць тут…

Літаральна за некалькі дзён да пачатку вайны (пра гэта і зараз прыгадваюць ці не ў кожнай валмянскай сям’і) шмат хатаў пагарэла ў Волме, засталіся ж — лічаныя. Занялося, кажуць, ад млына. А пасля вецер пакаціў вогненны шар…

— Я ў гэты час пайшоў па ваду да канавы, — прыгадвае Міхаіл Гаўрыльчык. — Абарочваюся — дым пад аблокі ўжо! Я пажар вакол аббег… Дзяцей у нашай сям’і чацвёра было. А тут — вайна… Ну як будавацца? Шукалі, дзе хату прадаюць, каб перавезці ды паставіць…

У войску Міхаілу Піліпавічу давялося служыць чатыры гады. Пачынаў з Асіповічаў. А пасля як пайшоў, як пайшоў… Апынуўся ажно ў Туркменскай ССР. Добра там было, прыгадвае. А як вярнуўся, дык амаль адразу і прыйшоў у гэтую хату — да Вольгі Лысай у прымы.

— Дык а вы што — з войска яго чакалі?! — пытаюся ў жонкі, якая пра гэта — ні слова.

— Ды не…

— А знаёмыя хоць былі? Гулялі?

— Таксама не…

— Дык а як жа так атрымалася?!

— А маці ягоная сасватала, — тлумачыць Вольга Васільеўна.

Вось так. Без доўгіх заляцанняў, але з роспісам у Кліноцкім сельсавеце, куды схадзілі пехам, і вяселлем — на доўгія дзесяцігоддзі разам. Відаць, прыглянулася будучай свекрыві працавітая дзяўчына, якая як пайшла рабіць у калгас змалку, так там і прарабіла да пенсіі. І жала, і малаціла, і іншыя работы рабіла. А жала ўвогуле шмат, прыгадвае, нават калі ўжо цяжарная была. Зрэшты, цяжкая праца, дзякуй Богу, не адбілася на здароўі дзяцей. Выгадавалі траіх — сына Івана, дачок Таццяну і Аляксандру (Шуру).

Зразумела, што завяла маладая сям’я, як было прынята ў вёсцы, гаспадарку сваю, ды вялікую. Яшчэ Вольга Васільеўна прала, ткала, вышывала. А самае галоўнае — на швейнай машынцы «Зінгер» абшывала ці не ўсю вёску!

— Адзін год, памятаю, сшытак завяла, — усміхаецца жанчына. — І ўсё туды запісвала, каму і што шыць. Столькі заказаў было… У стрыечнага брата жонка рабіла ў арцелі. Дык я ад яе навучылася буркі шыць. І з іншых вёсак заказвалі, не кажучы пра нашу…

Словам, ні хвілінкі без справы! Не сядзеў склаўшы рукі і Міхаіл Піліпавіч. Напачатку рабіў у калгасе на камбайне. А тады яго перавялі конюхам. Так да пенсіі і дарабіў — з коньмі ды з коньмі. А дома… Лазню пабудаваць, хлеў, вокны замяніць — усё сам…

Былі, вядома, у сям’і і цяжкасці, і непаразуменні… Як кажуць, куды без гэтага, асабліва ў вёсцы. Ды, тым не менш, 60 гадоў побач ужо. Нават не задумваючыся пра розныя там юбілеі…

— Добрая жонка, — зазначае Міхаіл Піліпавіч.

— Вольга Васільеўна, дык а хлопец ці спадабаўся, калі ў прымы прыйшоў?! — цікаўлюся.

— Так, спадабаўся. Старыя мае былі ўжо слабыя. Але ён — малайчына, глядзеў іх, не крыўдзіў. І яго цяпер зяць не крыўдзіць…

Па маёй просьбе ўспамінамі дзяцінства падзялілася адна з дачок сёлетніх юбіляраў — Аляксандра Міхайлаўна Граблюк, якая шмат гадоў працуе ў бухгалтэрыі аддзела культуры райвыканкама.

— Што я памятаю з маленства? — задуменна пачынае яна. — Бацькі працавалі дык працавалі, гэта праўда! З ранку і да самай позняй ночы. У калгас на працу хадзілі, сваю гаспадарку глядзелі. Па дзве каровы, бывала, трымалі. І збылі апошнюю ўсяго пару гадоў таму, бо слабыя ўжо. Зразумела, што мы дапамагалі. Але ж усё роўна гаспадары — яны… Тату гадоў 75 было, а ён яшчэ стог складаў, наверх залазіў. Я казала: «Тата, навучы ўжо ўнукаў!» Не, ён сам. Маўляў, яны так стог не складуць.

— А вас, дзяцей, прывучалі да працы?

— Ой, дык рабілі ж, канешне! І ўнукі, як падраслі. Такое ўжо ў нас сямейнае выхаванне, што ўсе працавітымі выраслі. Вось тата ў 1953-ім прыйшоў да мамы ў прымы, а з цягам часу стаў гаспадаром.

Бацькі

— І якія адносіны былі ў сям’і паміж бацькамі?

— Ну, мама ў нас — камандзір. А тата больш спакойны, усё выконваў. Мы без яе каманды таксама нічога не рабілі. Яна ў нас — галоўнакамандуючы! Усё, што сказана, трэба выконваць, і своечасова. Мы, калі выраслі і раз’ехаліся, кожныя выхадныя прыязджалі і прыязджаем у Волму. А цяпер і ўнукі…

 

І вось, атрымліваецца, як правільна — у працы, на ўласным прыкладзе — выхоўвалі Міхаіл Піліпавіч і Вольга Васільеўна Гаўрыльчыкі сваё маладое пакаленне! І зараз, калі слабасць ды хваробы адольваюць, ім дапамога, падтрымка і ўцеха — трое дзяцей, сямёра ўнукаў і 10 праўнукаў.

Калі разам збіраецца хаця б частка з іх, дзядулю і бабулі няма калі сумаваць, бо хата поўніцца маладымі галасамі, дзіцячым смехам, вакол віруе жыццё. Усіх родных у гэтай хаце любяць і з нецярплівасцю чакаюць прыездаў і гасцяванняў.

Шчыра жадаем вам, шаноўныя Вольга Васільеўна і Міхаіл Піліпавіч, моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, а галоўнае — даўгалецця асабістага і сямейнага. На радасць усім сваім родным!

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

і з сямейнага архіву Гаўрыльчыкаў

 

 

 

/strong



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *