ШТО ЗАСВЕДЧЫЛІ ДЗЕВЯЦЬ МЕСЯЦАЎ ПРАЦЫ

Экономика

Каб весці размову аб  сацыяльна-эканамічным развіцці раёна за гэты перыяд, варта ўзгадаць умовы, у якіх знаходзіліся працоўныя калектывы. Пікіруючы курс беларускага рубля, няпэўнасць на фінансавым рынку і іншыя праблемы адмоўна ўплывалі на памкненні забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў.

Іх даведзена раёну на сёлетні год пятнаццаць. Выканана шэсць: па колькасці занятых у эканоміцы (13325 чалавек), энергазберажэнню, рэнтабельнасці продажу ў арганізацыях сельскай гаспадаркі, па тэмпу росту экспарту тавараў, у тым ліку арганізацыямі камунальнай формы ўласнасці і безведамаснай падпарадкаванасці, па ўдзельнай вазе затрат на набыццё абсталявання і транспартных сродкаў у аб’ёме інвестыцый.

Складанае фінансавае становішча сказалася невыкананнем прагнознага паказчыка па інвестыцыях у асноўны капітал прадпрыемстваў. Агульная сума невыканання — амаль 32 мільярда рублёў.  Існуюць праблемы з фінансаваннем будаўніцтва дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў. На 26,7 працэнта скараціліся аб’ёмы фінансавання жылых дамоў у сельскагаспадарчых арганізацыях. Недастаткова выдзяляецца сродкаў на будаўніцтва аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры для жылой забудовы. Гэта ў значнай меры паўплывала на невыкананне  прагнознага паказчыка па ўводу ў эксплуатацыю жылля.  Дзевяцімесячнае заданне ажыццёўлена на 83,2 працэнта. Не забяспечана завяршэнне будаўніцтва двух жылых дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў: 24-кватэрнага ў Чэрвені і 32-кватэрнага ў Смілавічах, 10 жылых дамоў у сельскагаспадарчых арганізацыях. Не выконваюцца таксама зададзеныя прагнозныя параметры па прамых замежных інвестыцыях на чыстай аснове, экспарту паслуг, знешняму гандлю таварамі.

Апроч аб’ектыўных прычын тлумачэння гэтага мелі месца і арганізацыйныя пралікі ў сёлетніх складаных умовах, недапрацоўкі кіраўнікоў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, абслугоўваючых арганізацый, упраўленняў і аддзелаў райвыканкама. Днямі засведчыў тое разгляд на пасяджэнні райвыканкама пытання аб тым, як выконваюцца паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за студзень-верасень 2011 года.

З адметных станоўчых момантаў адзначана, што за дзевяць месяцаў выраблена прамысловай прадукцыі ў фактычных адпускных цэнах на 84,5 мільярда рублёў. У параўнанні з мінулым годам тэмп росту склаў 144,9 працэнта, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі — 104,9 працэнта ў супараўнальных цэнах, платных паслуг — 109 працэнтаў.

Аднак варта зазначыць, што на прырост прадукцыі ў грашовым выражэнні паўплывала і павышэнне цэн, з-за чаго павялічылася выручка. Калі браць за аснову вытворчасць прадукцыі ў абсалютным выражэнні, то выяўляецца невялікі тэмп росту, а ў некаторых арганізацыях нават зніжэнне аб’ёмаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Так, Смілавіцкая валяльна-лямцавая фабрыка забяспечыла  самы высокі сярод прадпрыемстваў галіны тэмп росту прадукцыі ў грашовым выражэнні — 211 працэнтаў, а ў натуральным выпуск валенага абутку складае 108 тысяч пар — 114,3 працэнта.
Смілавіцкі скурзавод адпаведна 170,8 працэнта і 100 працэнтаў па выпуску скуранога тавару, КУП “Вёска-Эмульбіт” выпусціла нафтабітуму  65,4 працэнта да ўзроўню мінулага года, эмульсіі —  72,7 працэнта, масцік — 52,4 працэнта, а ў грашовым выражэнні тэмп росту прадукцыі намнога вышэйшы — 110 працэнтаў.

Паводле статыстычных звестак захоўваецца стабільная сітуацыя на рынку працы. Узровень беспрацоўя зафіксаваны ў памеры 0,78 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Вырашана існаваўшая дагэтуль праблема затаваранасці складоў. Суадносіны запасаў прамысловай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці складаюць 43,9 працэнта. Захоўваецца тэндэнцыя павелічэння (на 15 працэнтаў) рознічнага тавараабароту гандлёвых арганізацый, на якія прыпадае   85,6 працэнта тавараабароту раёна. Зніжаецца тэмп росту рознічнага тавараабароту на рынках.

У параўнанні з мінулым годам некаторыя пазітыўныя зрухі набылі фінансавыя паказчыкі ў рэальным сектары эканомікі раёна. У прыватнасці, за дзевяць месяцаў выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг склала 337,8 мільярда рублёў. У параўнанні з мінулым годам яна павялічылася на 46,2 працэнта. Ад рэалізацыі атрымана 14,2 мільярда рублёў прыбытку, павялічылася на 4,2 працэнта рэнтабельнасць прадаж (у адпаведным перыядзе мінулага года было мінус 0,3 працэнта).

Далейшае развіццё атрымала малое прадпрымальніцтва. Па стану на 1 кастрычніка ў раёне ажыццяўлялі сваю дзейнасць 360 індывідуальных прадпрымальнікаў і 228 юрыдычных асоб без ведамаснай падпарадкавальнасці. З іх 103 у Чэрвені, 49 — у Смілавічах, 76 — у сельскай мясцовасці. На сённяшні дзень 92 прадпрыемствы (40,4 працэнта) займаюцца вытворчай дзейнасцю, 87 (38,2 працэнта) — гандлем, 30 (13,2 працэнта) — будаўніцтвам, 19 (8,1 працэнта) — аказаннем паслуг.

За дзевяць месяцаў у раёне зарэгістравана 37 малых прадпрыемстваў і 70 індывідуальных прадпрымальнікаў. Амаль 50 працэнтаў прадпрыемстваў і 30 працэнтаў індывідуальных прадпрымальнікаў маюць на мэце ажыццяўляць сваю дзейнасць у сельскай мясцовасці.

Суб’ектамі гаспадарання розных форм уласнасці створана ў раёне 316 новых рабочых месц. З іх 283 (89,6 працэнта) — суб’ектамі малога прадпрымальніцтва. На прадпрыемствах прыватнага бізнесу занята 1700 чалавек — 12,8 працэнта ад агульнай колькасці ў эканоміцы раёна. У тым ліку ў вытворчасці — 560, будаўніцтве 350, сферы гандлю і паслуг — 720, у транпарце — 70 чалавек.

За дзевяць месяцаў ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва паступіла ў кансалідаваны бюджэт раёна 14,3 мільярда рублёў, што складае 38,9 працэнта ад усіх паступленняў. У адпаведным перыядзе мінулага года было 8,8 мільярда рублёў — 37, 4 працэнта.

Ад новых створаных прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць вытворчую дзейнасць, паступленні ў раённы бюджэт склалі 1,8 мільярда рублёў. Гэта — 7,3 працэнта ў даходах раённага бюджэту, і 7 працэнтаў — у даходах кансалідаванага бюджэту без уліку паступленняў падатку на дабаўленую вартасць і бязвыплатных паступленняў. Па-ранейшаму найбольш пералічваюць у бюджэт ААТ “СМУ №200” — 1,9 мільярда рублёў, ААТ “Конта-Партнёрбуд” — 1,7 мільярда рублёў, ААТ “СТФ-Мантаж” — 1,4 мільярда рублёў.

На працягу дзевяці месяцаў падтрымлівалася ініцыятыва беспрацоўных заняцца ўласнай справай. Дванаццаці з іх прадастаўлена бязвыплатная субсідыя на 57,5 мільёна рублёў. Працаўладкаваны 721 беспрацоўны.

На 106,9 працэнта выканана даведзенае заданне па росту намінальнай заработнай платы, у тым ліку за верасень — на 148,1 працэнта. У сярэднім яна склала 1 мільён 355 тысяч рублёў і адносна мінулага года павялічылася на 147,8 працэнта. Але параўноўваючы з  цэнамі, асабліва на прадукты харчавання, назваць яе здавальняючай не даводзіцца.

Нягледзячы на некаторыя пазітыўныя змяненні фінансавых паказчыкаў, у раёне адзначаецца пагаршэнне плацёжаздольнасці. І найперш — арганізацыямі аграпрамысловаага комплексу. У прыватнасці,  пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць па раёну ў параўнанні з пачаткам года павялічылася на 23 мільярды рублёў (на 55,2 працэнта) і склала на першае верасня 64,7 мільярда рублёў. Удзельная вага пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці ў агульнай яе суме займае 28,2 працэнта. На аграпрамысловы комплекс прыпадае 58,3 мільярда рублёў — 90,1 працэнта агульнай пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці. З гэтай сумы 35 мільярдаў рублёў (60 працэнтаў) запазычанасць Чэрвеньскага райаграсервісу.

Такім чынам, пакуль большасць прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна застаецца пажаданнем. Час пакажа, з якімі вынікамі завершыцца сёлетні год, калі працоўным калектывам удасца выканаць акрэслены райвыканкамам комплекс мер па пераадоленню негатыўных з’яў у эканоміцы.

 

Аляксандр БУШЭНКА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *