АСВЕТНІЦА, РУПЛІЎЦА НА КУЛЬТУРНАЙ НІЎЦЫ…

Люди и судьбы

Ужо шмат гадоў я працую побач з актыўнай, ініцыятыўнай, творчай жанчынай — Галінай Ніціеўскай. З сярэдзіны 80-х мы шмат чаму вучыліся адна ад адной. Працягваем абменьвацца вопытам і зараз. Колькі карыснага зроблена Галінай Аляксандраўнай для развіцця бібліятэчнай сістэмы Чэрвеньшчыны, культуры ўвогуле — не злічыць! Яе залаты юбілей, адсвяткаваны на пачатку лістапада, — добрая нагода, каб распавесці чытачам «Раённага весніка» пра гэтую надзвычай сціплую, рознабакова адораную жанчыну. І, як звычайна, пачну з біяграфіі.

Ураджэнка Лядзеншчыны, Галіна пасля заканчэння васьмі класаў паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Пасля яго заканчэння ў 1980-ым прыйшла працаваць у чытальную залу Чэрвеньскай бібліятэкі. Тады яна загадвала аддзелам пазастацыянарнага абслугоўвання — «перасоўкамі» на раёне і ў горадзе. Адпрацавала ўсяго паўтара месяца — і паступіла на дзённае аддзяленне ў Мінскі інстытут культуры. Натуральна, што размеркаванне пасля яго заканчэння Галіна атрымала ў Чэрвень.

Бібліятэка тады знаходзілася ў старым будынку банка. Галіна Аляксандраўна працавала бібліёграфам, метадыстам. У тагачасным метадычным аддзеле мы і рабілі побач з ёй з сярэдзіны 80-х. А калі ў 2001-ым годзе мяне прызначылі дырэктарам Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, Галіна Ніціеўская заняла пасаду загадчыцы аддзела бібліятэчнага маркетынгу, на якой шчыруе і зараз.

Дарэчы, сапраўды шчыруе. Гэтае слова як найлепш ёй падыходзіць. Бо Галіна Аляксандраўна не толькі адказна ставілася і ставіцца да сваіх абавязкаў, але і да любой справы падыходзіць творча.

Менавіта Галіна Ніціеўская — ініцыятар нашых бібліятэчных краязнаўчых чытанняў, якія сёлета ладзіліся ўжо ў сёмы раз. Яна ж падтрымлівае стасункі з нашымі беларускімі паэтамі і пісьменнікамі, у тым ліку і з мясцовымі самадзейнымі, арганізоўвае творчыя сустрэчы з імі.

Таксама рыхтуе матэрыялы для штогадовага рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры». Прыемна, што яго лаўрэатамі станавіліся і Смілавіцкая гарпасялковая бібліятэка, і цэнтральная раённая. Ды і ў апошнія гады мы з’яўляемся актыўнымі ўдзельнікамі.

Хачу зазначыць, што Галіна Аляксандраўна карыстаецца сярод калег з усяго раёна непахісным аўтарытэтам. Заўсёды рыхтуе семінары і нарады для вясковых бібліятэкараў. Прычым — неардынарныя. «Круглыя» сталы, дыялогі… Усе яны праходзяць цікава і творча.

А яшчэ Галіна Ніціеўская — ініцыятар выпуску зборнікаў мясцовых самадзейных аўтараў, ураджэнцаў Чэрвеньшчыны. Калі ў нас з’явіліся больш сучасныя камп’ютар, прынтар… Словам, адпаведныя магчымасці для вёрсткі і невялікага тыражавання… Галіна Аляксандраўна адразу загарэлася жаданнем надрукаваць зборнік свайго земляка, самадзейнага паэта Юрыя Бабіча. І пайшло-паехала… На сёння маем ужо значную колькасць самвыдату.

Гэта што датычыцца яе прафесійных якасцяў, стаўлення да працы. А цяпер — пра іншае. Замуж Галіна Аляксандраўна выйшла ў 1984-ым годзе — пасля заканчэння інстытута. Нарадзіла трох дачушак — Олю, Аню і Люду. Ужо ў яе два зяці, два Сашы — Аляксандр-першы і Аляксандр-другі, ёсць унучка Дашачка. Старэйшая дачка — швачка. Можна сказаць, белашвейка. Шые шторы прыгожыя, шлюбныя сукенкі. Сярэдняя працуе ў дзіцячым садку ў Мінску. А Люда вучыцца ў восьмым класе нашай гімназіі.

Галіна Ніціеўская — добрая гаспадыня. Мы жартуем: адпавядае імя (памятаеце рэкламу «Галіна Бланка» — курыца?!) Яна мала таго, што глядзіць сваіх дзяцей, дык яшчэ турбуецца пра пляменнікаў. Умее пагаварыць, пераканаць… Дзеці нашай калегі-нябожчыцы Ірыны Дзмітровіч горнуцца да яе. Асабліва Оля. Пытаецца: «Цёця Галя, можна я буду да вас прыходзіць?» Галіна Аляксандраўна сапраўды ўмее з дзецьмі ладзіць. Іншаму не тое што чужыя — свае, як кажуць, надакучваюць. А ёй — не. У гарачае лета пазбірае ўсіх дзяцей і пехатою з імі — на Натальеўскае возера…

А яшчэ наша калега дужа перажывае за любую справу. Бывае, я кажу: «Галя! Па колькі нам гадоў?! Колькі можна баяцца і хвалявацца?! На пенсію хутка, а мы…» Вось такое выхаванне. Настолькі адказная… Зараз моладзь не такая…

Памятаю, як яна вучыла ўрокі з Людкай, калі тая была малая. Я ўсё дзівілася, як ў яе стае цярпення… Дочкі ўсе добрыя, муж — таксама.

А як яна пра іх клапоціцца! «Ой, гэта ж дзеці прыедуць на выхадныя!» І перад выхаднымі наша Галіна з торбамі ў дзвюх руках бяжыць дахаты гатаваць. Стамляльна, вядома, але ж гэта такія радасныя жаночыя клопаты… І ўмець трэба.

А на працы — поўная загрузка. Апрача ўсяго іншага, пэўны час Галіна Аляксандраўна ўзначальвала прафкам… Яе шчыраванне адзначана граматамі і падзякамі. Адзін год падчас раённага працоўнага спаборніцтва Галіна Ніціеўская была прызнана лепшым работнікам культуры.

Дынастыя бібліятэкараў у іх сямействе не склалася. Але яе старэйшая сястра — таксама бібліятэкар, працуе ў Мінску.

Словам, нам пашчасціла мець побач такую калегу, як Галіна Ніціеўская. Шчыра зычым ёй моцнага здароўя, яшчэ шмат карысных спраў здзейсніць, удачы, шанцавання і ўсіх даброт!

 

Людміла ВОЙЦІК,

дырэктар Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы

Фота Святланы АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *